«Вырошчваць патысоны лёгка» – лічыць фермер з Горталя Генадзь Бянкоўскі

Дзіўная справа – вырошчванне патысонаў. Некалі, памятаю, імі – аранжавымі, пляскатымі і з зубчыкамі па краях – упрыгожвалі ў вёсцы вокны на зіму, клалі іх паміж рамамі, і яны цэлымі ляжалі так да вясны. А сёння гэтая экзатычная культура стала папулярнай для вырошчвання ў фермераў. Толькі ўраджай збіраюць, калі патысон вырастае па памеры ў дыяметры не больш за пяць сантыметраў. І такія «зорачкі» адпраўляюцца на агароднінную базу ў Брэст, а адтуль – на экспарт.

Па сутнасці, гэта від гародніны адносіцца да таго ж сямейства, што і добра вядомыя гаспадыням гарбузы і кабачкі. Але папулярнасць патысонаў, па форме падобных на пляскатую талерку, большая, чым у яго «сваякоў». Праблем у вырошчванні няма, адзінае, каб паскорыць працэс, добра насенне садзіць прарошчанае, заўважае Генадзь Бянкоўскі.
Рашэнне займацца вырошчваннем патысонаў у яго нарадзілася летась пасля прапановы паспрабаваць ад кіраўніцтва філіяла ў Брэсце буйной замежнай фірмы «Агрыматко», якая займаецца ў тым ліку селекцыяй і насенняводствам.
– І я адважыўся, – кажа фермер. – Што добра? Усё: насенне даюць, угнаеннямі забяспечваюць, кропельны паліў, калі трэба – калі ласка, хаця я пакуль абыходжуся без кропельнага паліву. І збыт – 100-працэнтны. Дамову заключаем, абгаворваем цану на прадукцыю з вясны, і я ўпэўнены, што ў мяне ўсю вырашчаную прадукцыю гэтага віду гарантавана забяруць.
Аформіў фермерскую гаспадарку Генадзь Бянкоўскі ў 2014 годзе. Для яго гэта быў час лёсавызначальны. Усё, чым займаўся да гэтага, страціла сэнс, і пакінуў ён у Пінску дом жонцы і дзецям, які пабудаваў сваімі рукамі, заробкі на будоўлях расійскіх, занятак таксістам, ды вярнуўся на радзіму да бацькоў. Так у Горталі з’явіўся першы і да сённяшняй пары адзіны фермер. Найперш Генадзь Іванавіч выкупіў будынак старой вясковай лазні, дзе ў яго цяпер месціцца, скажам так, і офіс, і сховішча. Будынак лазні быў у непрыглядным выглядзе, развальваўся, а ён яго адрамантаваў, прыбудаваў навес, абгарадзіў участак і цяпер тут хапае месца і для тэхнікі, і для прадукцыі.
У фермерскай гаспадарцы Бянкоўскага – 21 гектар, частка – на полі, частка – на балоце. Да іх ён абрабляе і тры гектары баць-
коўскай асабістай падсобнай гаспадаркі. На іх вырошчвае, як ён сам жартуе, набор гародніны для баршчу: бульба, морква, сталовыя буракі, кукуруза… Напачатку ён садзіў і збожжавыя, але з часам ад гэтага адмовіўся, пакінуў толькі гародніну.
– Цэны на гародніну хісткія, таму і займаюся ўсім наборам. Не на бураках, дык на моркве будзе заробак. Пачынаў, то цана на моркву была добрая. А былі гады, што за капейкі аддаваў. Сёлета віды на ўра-
джай морквы добрыя. Паглядзім, якая цана будзе… – кажа фермер.
У першы год фермерства ён купіў новы трактар з завода з растэрміноўкай плацяжу на год. Ёсць у арсенале тэхніка бульбаўборачная, абсталяванне для іншых відаў работ. І за рулём Генадзь Бянкоўскі спраўляецца на выдзеленых гектарах сам. Вось толькі патысоны ўбіраць трэба людзі.
– Летась і сёлета сын Ілья прыехаў на дапамогу. Ён вучыцца ў каледжы ў Пінску, а на канікулах едзе да мяне. Мо, спадабаецца, то фермерства маё прадоўжыць. Але і ўдваіх з ураджаем патысонаў мы не спраўляемся, даводзіцца па дамове наймаць людзей. Выбіраем гэтыя «зорачкі» праз дзень, абразаем ножыкам. Практычна, гатовую прадукцыю здаём. Яе там перамываюць і марынуюць. Прасцей было б проста выбіраць, але ў дамове такія ўмовы прапісаны. І я іх выконваю, – расказвае Генадзь Іванавіч. – Пазалетась моркву з поля забіралі за капейкі за кілаграм, а за патысоны даюць больш чым у 10 разоў. Там большы аб’ём, але затрат менш. А патысоны – затратныя пры ўборцы ўраджаю. Летась я 60 працэнтаў даходу ад іх аддаў людзям на зарплату. 40 працэнтаў – мае, і гэта добра. Прычым, летась у жніўні быў замаразак на тарфяніку, а так я б яшчэ тыдні два-тры збіраў ура-
джай. З аднаго куста можна зняць амаль да кілаграма патысонаў. Праз дзень выбарка, палічыце, колькі атрымліваецца з гектара. Сезон збору ўраджаю доўжыцца некалькі месяцаў, сёлета толькі пачаўся.
Фермер садзіць, як казаў, набор агародніны для баршчу. З іх бульбы – тры гектары. Перавагу аддае гатункам «Гала» і «Каралева Ганна». Вясной насенне ў яго набывалі і вяскоўцы, і восенню купляюць многія бульбу ў фермера.
– Скажыце, калі такое было, каб гортальцы не садзілі бульбу, а цяпер я прычэпамі важу з-пад камбайна бульбу людзям. Жывуць як у горадзе, купляюць гатовую, – кажа Генадзь Іванавіч.
Сваю агароднінную прадукцыю фермер збывае ў асноўным оптам на агароднінныя базы ў Пінск і Брэст.
– Са збытам праблем няма. Шукаюць пакупнікі цябе самі, – заўважае фермер. – Вядома, усе хочуць дзешавей, а ты – даражэй, то шукаеш «залатую сярэдзіну». Кантактамі даражыш. Гады тры ці чатыры назад быў у мяне выпадак. Завёз моркву на базу. Праз час мне выстаўляюць прэтэнзію, што морква мая гніе, маўляў, прыедзьце, паглядзіце. Я кажу: «Не паеду. Можа, то не мая морква. У мяне ляжыць такая ж морква, яна не гніе. Прыехаць можаце вы і ўпэўніцца ў гэтым на свае вочы». Прыязджаюць знянацку праз колькі дзён, а мая морква прыгожая, сухенькая ляжыць. Мо, пяць таваразнаўцаў стаяць, злуюцца, пытаюць, што будзем рабіць? Пытанне стаяла аб чатырох тонах. І на наступны год я прывёз ім моркву і адмінусаваў тыя чатыры тоны. Трэба шукаць кампрамісы, агульную мову, калі хочаш працаваць. Ніколі не падсуну няякасную прадукцыю. Трэба добрасумленна адносіцца. Бо згубіш кліента і рэпутацыю.
Сёння Генадзь Бянкоўскі сцвярджае, што фермерства – гэта яго. Але з агаворкай – пакуль. Адзін від прадукцыі другім перакрываецца і атрымліваецца больш-менш удалая карціна па прыбытку. Але без развіцця нікуды. Па парадзе фермера, выхадца з Горталя, Анатоля Багдановіча паспрабаваў ён паставіць дзве парачкі бычкоў, падказваюць, што мясам займацца выгадна. Прыглядваецца фермер і да вырошчвання іншых відаў прадукцыі. Вывучае і ўзважвае вопыт іншых па вырошчванні маліны, буякоў ды цюльпанаў. Здаецца, усё проста, але ў кожнай культуры свае тонкасці і свае падводныя камяні ў вырошчванні і збыце.
На яго думку, фермерствам можна зарабляць, але працаваць трэба для гэтага многа. А шчыра працаваць, чым бы ты ні займаўся, навучылі бацькі Іван і На-
дзея Бянкоўскія, якія вырасцілі пяцёра дзяцей. Генадзь часова жыве ў іх, але выкупіў участак у жывапісным месцы сярод лесу на ўездзе ў вёску, расчысціў яго і распачаў будоўлю. У прыгожым доміку, бы церамку, склаў дровы, а лазня вымалёўваецца як рэспектабельны домік з тэрасай і вокнамі ў падлогу. Участак абышоўся дорага, улічваючы, што знаходзіцца ў вёсцы далёка ад горада, але Генадзь Іванавіч не шкадуе. Магутныя дубы і бярозы, любавацца якімі можна будзе з тэрасы, натхняюць яго, мо, і аграсядзіба атрымаецца.
Жылка бізнесмена характэрна для ўсіх хлопцаў Бянкоўскіх. І закладзеная бацькамі з дзяцінства працавітасць – гэта гарантыя, што Бянкоўскі не адступіць, пакуль не атрымаецца годна. І гэта выклікае павагу да чалавека, які і да зямлі адносіцца шчыра і з любоўю.