297 балаў з 300 на ЦТ: прымай, універсітэт, студэнта-унікума!

І сапраўды выпускніка ДУА «СШ №3 г. Івацэвічы», залатога медаліста Станіслава Ратахіна без нацяжкі назавеш унікумам, бо за ўсю гісторыю тэсціравання пачынаючы з 2004 года ён першы ў раёне здаў адразу два тэсты на максімальныя 100 балаў. Усяго ж за гэтыя гады ў раёне было 15 «стабальнікаў». Яшчэ 100 балаў юнаку дадаў выключны атэстат, і 97 балаў ён атрымаў па гісторыі Беларусі. Вагі такому рэзультату дадае яшчэ і тое, што як раз 100-бальныя прадметы – беларускую мову і грамадазнаўства выпускнік вучыў самастойна. Толькі гісторыю Беларусі юнак асвойваў з рэпетытарам у анлайн-фармаце.

Станіславу не займаць мэтанакіраванасці і ўседлівасці. Без ніякіх праблем ён мог да самага світання сядзець над тэстамі і раз за разам рашаць варыянты. Пасля, амаль без сну, бегчы на ўрокі. Пры гэтым юнак – яшчэ пераможца рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, выдатны вядучы і спявак, адным словам, яго хапала на ўсё. А сакрэт поспеху выпускніка мне стаў зразумелы адразу: падчас размовы Стас так і не назваў сябе унікумам. Казаў, каб было 400 балаў – вось гэта было б унікальна! Ён дасягае многага, але патрабуе ад сябе яшчэ большага, у хлопца ўсё ў парадку з самаацэнкай, аднак ён ніколі не будзе займацца самалюбаваннем. А сустрэлася я з будучым калегам, уяўляеце? Выпускнік школы журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ хутка павязе дакументы ў будучую альма-матар.
– Ну што, будучы журналіст, як табе па той бок барыкад, камфортна?
– Больш чым, я б гадзінамі з вамі размаўляў і фотасесія мяне ніколь-
кі не стаміла. Вось толькі думаю, няпростую прафесію я абраў. Але шляху назад ужо не будзе. Нават бацькі змірыліся з маім выбарам, бо яшчэ ў тым годзе яны спадзяваліся перацягнуць мяне ў медыцыну. Да 9 класа я захапляўся біялогіяй.
– Стас, а з якім настроем ішоў у першы клас медаліст? Заўсёды вучыўся на выдатна?
– У школу я хацеў. З дажджом прайшлі мая першая школьная лінейка і апошняя. А ў пачатковай школе я быў «сярэднячком», як сапраўдны вучань, ведаю, што такое нават трайбан. У старшых класах з’явіліся прадметы-любімчыкі, а пасля неяк зацягнула мяне жыццё выдатніка. Былі дзясяткі ў чвэрці, прачнуўся спартыўны інтарэс, каб 10 было па ўсіх прадметах. Таму мяне нельга назваць класічным батанікам, праўда. Я вельмі люблю паспаць, і мне таксама не хацелася, часам, садзіцца за ўрокі.
– У цябе быў асабісты рытуал перад тэстамі? І каму першаму казаў пра вынікі?
– Зняць зранку жартаўлівае відэа для сацсетак і пайсці на экзамен – гэта рытуал (смяецца)? Калі сур’ёзна, то мне было важна выспацца, добра адпачыць і быць у бадзёрым настроі. Кнігі пад падушкі не клаў, і да мыцця галавы вынік тэстаў не прывязваў. А свае балы я бачыў у СМС-паведамленні. Страшна было яго адкрываць, трэсліся рукі. Вынікі па мове спачатку сказаў настаўніцы Святлане Васільеўне Суханосік. Дык яна думала, што я жартую. Хоць пробныя тэсты я таксама здаваў больш чым на 90 балаў.
– Стас, чаго чакаеш ад студэнцтва? І на што табе павінна хапаць будучай зарплаты?
– Упэўнены, што будзе цікава. Восенню я вучыўся на факультэце журналістыкі побач са студэнтамі-першакурснікамі. Я прайшоў конкурс і стаў удзельнікам праекта «Студэнт БДУ на тыдзень». Таму студэнцкую атмасферу я ўжо адчуў. Гатую сябе да таго, што будзе цяжка. Трэба будзе с нуля напрацоўваць сабе імя. А што да зарплаты, трэба, каб хапіла на ежу, я гурман, яшчэ на адзенне, тут я таксама пераборлівы, і на кватэру ў Мінску хацелася б зарабіць да 30!
– Ты быў на балі адоранай моладзі ў Косаўскім замку, як уражанні? Чула, ты нават выступіў з прапановай па добраўпарадкаванні маладога парка?
– Гэта быў ужо другі мой баль, і скажу шчыра, яго ўзровень расце. Цэлы месяц мы рэпеціравалі
вальс, атрымалі падарункі ад кіраўніка раёна, пасля быў салют, дыскатэка. Было жыва і цікава. Сустрэча з кіраўніцтвам раёна падчас чаявання таксама не была намінальнай. Нас заклікалі да дыялогу, а чаму б не выступіць?

Я жыву амаль насупраць стадыёна і маладога парка, сказаў пра лавы, каб было дзе адпачыць, пайграць на гітары. Зараз мне вельмі падаецца наша плошча, яна прыгожая, сучасная, мы з сябрамі аблюбавалі тыя ж лавы пад дубком. Сяброўка іграе любімыя песні, а мы спяваем.
– Мы не выпадкова сустрэліся менавіта на плошчы каля новага месца адпачынку з каменем-зубрам. Што скажаш пра гэты «востраў» у самым цэнтры?
– Зараз прыгледзеўся да каменю – і сапраўды зубр! Тут прыгожа. Шмат кветак і дрэўцаў, калі яны падрастуць, будзе цянёк каля лаў. Прыгожую падсветку сюды ўвечары – будзе добра. Не трэба перагружаць гэтае месца.
Бліц-апытанне:
– Што пачытаць увечары?
– У апошні час чытаў толькі зборнікі тэстаў, яшчэ перачытваю класіку: «Злачынства і пакаранне», «Майстар і Маргарыта». Пакуль у пошуку сваёй кнігі.
– А што паслухаць?
– Я меламан, у адзін вечар у навушніках – шансон, у другі – рок.
– Што сказаць настаўнікам, калі школа і тэсты ўжо ў мінулым?
– Канешне, дзякую за ўсё. Няхай чакаюць на гарбату Стаса-студэнта!
– Пра што пагаварыць з бацькамі напярэдадні хуткага расстання?
– Мае матуля Тамара Пятроўна і бацька Ігар Аляксеевіч – святыя людзі. Колькі маіх выпадаў яны сцярпелі ў гэтым годзе, я многа вучыўся, стамляўся, хваляваўся і выліваў усе эмоцыі на іх. Я папрашу прабачэння за ўсё і скажу, што буду сумаваць.
– Аднакласнікі яшчэ свае людзі?
– У нашым 11 «Б» 19 чалавек, усе розныя. Ёсць лепшыя сяброўкі, з якімі планую ісці па жыцці побач. Гэта наша гітарыстка Ганна Куратнік, мая сяброўка па алімпіядах Юлія Якушава і Анастасія Карачун.
Слова Святлане Васільеўне Суханосік, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры:
– Сем гадоў я ведаю Станіслава як вучня. Ён заўсёды прыемна здзіўляў сваёй цікаўнасцю і адказнасцю, яму можна было даверыць любую работу. Ён добразычлівы і пазітыўны, але пры гэтым з цвёрдым характарам. Гэта дапамагло яму ў апошнія гады стаць дыпламантам III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўству, пераможцам другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, дыпламантам III ступені завочнай абласной алімпіяды па журналістыцы. І гэта далёка не ўсё. Станіслаў Ратахін не сумаваў у школе, і як за студэнта мы за яго не хвалюемся. Поспехаў нашаму «стабальніку»!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.