Першая крымінальная справа за крадзеж самаката

Новыя сучасныя сродкі перасоўвання да нядаўняга часу «палохалі» злодзея, які больш арыентаваўся на традыцыйныя веласіпеды. Але, відаць, зламыснік павышае кваліфікацыю: так, у нашым раёне ўзбуджана першая крымінальная справа за крадзеж самаката.
Падзеі развіваліся так: дзяўчынка прыехала на гэтым самым самакаце ў музычную школу Івацэвічаў, пакінула каля будынка, пайшла займацца… Выйшла, а яго няма.
Цяпер перад намі стаіць няпростая задача – знайсці аматара гэтага сродку перасоўвання.
Хаця, канешне, найбольш непакояць менавіта факты крадзяжоў веласіпедаў. У Целяханах мясцовы хлапчук прыехаў да прадпрымальніка на гэтым транспартным сродку, каб зарабіць якую капейку на зборы клубніц. Някепска папрацаваў, зарабіў, але яго двухколавы сябра, які ён пакінуў не прышпіленым, прапаў.
Прапалі і два не прышпіленыя веласіпеды, якія стаялі ў тамбурах на першых паверхах шматпавярховак па вул. Леніна і зав. Радужным у Івацэвічах. Зноў падкрэслю: ва ўсіх выпадках украдзеныя транспартныя сродкі былі не прышпіленыя.
У Гошчаве з нежылога дома ўкралі матацыкл «ІЖ». Гаспадары доўгі час адсутнічалі, прайшло нямала тыдняў пасля таго, як адбыўся крадзеж. Не сакрэт, каля 80 працэнтаў злачынстваў раскрываюцца па гарачых слядах. Таму знайсці гэтага зладзеяў – задача няпростая.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення
крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС