25 педагогаў з «зялёных» садкоў на свае вочы ацанілі работу ДУА «Яслі-сад №4 г. Івацэвічы» па адукацыйным праекце «Зялёныя школы»

Кіраўніцтва дзіцячых садкоў, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, а яшчэ Праграмы Развіцця ААН у Беларусі прыехалі да нас у рамках рабочай паездкі «Асаблівасці рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы» ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Паездка пачалася ў Мінску 11 ліпеня, за пяць дзён група наведала самыя буйныя прыродаахоўныя арганізацыі па Брэсцкай вобласці і шэсць устаноў адукацыі, сярод якіх і наша «Вясёлка».

Нагадаем, у 2019 годзе «Вясёлка» далучылася да комплекснага адукацыйнага праекта «Зялёныя школы», і па сённяшні дзень гэта адзіны падобны садок у раёне. Назва праекта гаворыць сама за сябе, ён прызваны дапамагчы ў фарміраванні экалагічнай граматнасці ў дзяцей, і работа тут ідзе па пяці напрамках. Пра энерга- і водазберажэнне, абыходжанне з адходамі ці біяразнастайнасць простымі словамі, у гульні, дзецям ужо тры гады расказваюць педагогі дашкольнай адукацыі. Наш садок выдатна выконваў усе прапанаваныя праграмай заданні, і дзякуючы гэтаму ў мінулым годзе «Вя-
сёлка» атрымала афіцыйны статус «Зялёнай школы» і была адзначана Дыпломам I ступені на рэспубліканскім узроўні. За такія поспехі ў рабоце ад Праграмы Развіцця ААН у якасці тэхнічнай падтрымкі садок атрымае тэхніку і матэрыялы на суму ў 2 000 долараў. Пяццю планшэтамі, лічбавай фотакамерай, мікраскопам, стаканамі з павелічальным шклом тут ужо карыстаюцца, на днях прыйшлі тэматычныя цацкі і гульні.
А пачаўся такі «зялёны» шлях у садку з праекта «Чырвоная кніга вачамі дзяцей», па якім там дыстанцыйна вывучалі наш Выганашчанскі заказнік. Работа захапіла, захацелася большага – і калектыў далучыўся да праекта.
Ужо на парозе сада была арганізаваная выстаўка з усімі матэрыяламі: дыдактычныя гульні, альбомы, лэтбукі, макеты.
– Дарэчы, у нас спачатку з’явіўся макет сажалкі, гэта было адно з заданняў праекта, а пасля ва ўнутраным дворыку мы зрабілі сапраўдную сажалку і нават зарыбілі яе, – казала падчас экскурсіі па садзе загадчыца Алена Іванаўна Навумчык. – Сюды амаль штодзень прыходзяць дзеці, тут праходзяць заняткі. Увогуле, адзначу: нам цікавы гэты праект пакуль ён мае практычную накіраванасць, дзеці ўсё робяць сваімі рукамі разам з педагогамі і з бацькамі, сарціруюць смецце, шукаюць магчымасці па эканоміі вады і энергіі, вывучаюць рыб, ракаў і смоўжаў ва ўласнай сажалцы, даглядаюць агарод. А нядаўна ў якасці эксперыменту мы пасадзілі лекавыя травы.
Вельмі зацікавіліся госці і мясцовай метэастанцыяй. Ёсць тут і вучэбная пляцоўка для раздзельнага збору смецця. Дзеці самі выкідваюць пластык ці паперу ў правільныя кантэйнеры.
Прадметная размова прадоўжылася ўжо ў садку, з сістэмай адукацыі нашага раёна гасцей пазнаёміла начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Мікалаеўна Патоцкая. Яна адзначыла, што на сённяшні дзень у садках раёна ўсяго 2635 месцаў і ўсе жадаючыя забяспечаны імі. А ў сельскай мясцовасці арганізаваны падвоз для 171 дзіцяці. З дакладам і прэзентацыяй па праекце «Зялёныя школы» выступіла Алена Навумчык. Гэта быў дыялог, гучалі пытанні, бо многія садкі яшчэ толькі
прэтэндуюць на статус «Зялёнай школы».
Наталля Вікенцьеўна Міхалкевіч, намеснік загадчыцы ДУА «Спецыяльны дзіцячы сад №21 г. Гродна для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы» ўпершыню наведалася да калег на Брэстчыну:
– Наш сад нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей, у нас восем груп, усе дзеці з цяжкімі парушэннямі мовы. Такі наглядны праект, накіраваны на практычныя заняткі, дапамагае нашым дэфектолагам у рабоце. Мы яшчэ навічкі ў «Зялёных школах» і вопыт «прасунутых» у гэтай тэме нам патрэбны. У вашай «Вясёлцы» задзейнічаны кожны куток, такога я не бачыла ўчора нават у брэсцкіх садках. Свая метэастанцыя, сажалка, вялікі агарод. А колькі тут матэрыялаў і напрацовак! Так, усе сады па краіне працуюць у аднолькавых умовах, а вынікі могуць быць самыя розныя. Усё цікавае сёння трапіла ў мой аб’ектыў, пасля паездкі з калектывам усё прааналізуем, многае прыменім у сябе. Тым больш, уся інфармацыя вашага садка па праекце ёсць у свабодным доступе на сайце. Дзякую за такі прыём і жаданне па-
дзяліцца і навучыць.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара.