Медыцынскі студэнцкі атрад «Імпульс» дзейнічае пры УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ»

Усе шэсць удзельніц медыцынскага студэнцкага атрада «Імпульс», што дзейнічае пры УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», спадзяюцца, што за месяц работы ў аддзяленнях ці ў той жа «хуткай» яны добра падмацуюць тэорыю практыкай. Вядома, без практыкі – няма спецыяліста, а ў сферы медыцыны тым больш. Ужо з 1 ліпеня студатрадаўцы-медыкі прыступілі да работы.
Галоўная медсястра райбальніцы Ларыса Бахмат сваімі падапечнымі вельмі задаволеная. Яна адзначае, што гэта ўжо другі такі атрад, першая спроба працаўладкавання моладзі была ў 2019 годзе. Ва ўстанове аховы здароўя будуць радыя прымаць яшчэ больш студатрадаўцаў, бо гэта, па-першае, дазволіць лепш прыгледзецца да патэнцыйных работнікаў, а па-другое, дапаможа размеркаваць нагрузку ў калектыве ў летні адпускны час. Тым больш, пасля такога працоўнага месяца на 0,5 стаўкі моладзь можа разлічваць на зар-
плату ў некалькі соцень рублёў.
Сёлета ў «Імпульса» выключна жаночы склад: Ульяна Лявошка, медыцынская сястра хірургічнага аддзялення стацыянара, Эла Вашэйка і Ангеліна Бондар, фельчары выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, Ірына Мілеўская, медыцынская сястра неўралагічнага аддзялення стацыянара, Дар’я Лукіянчык, медыцынская сястра кабінета функцыянальнай дыягностыкі, і Ірына Лішка, медыцынскі рэгістратар рэгістратуры паліклінікі. Усе дзяўчаты мясцовыя, яны студэнткі 3-5 курсаў медуніверсітэтаў. Многія з іх ужо не раз былі ў нашай бальніцы на практыцы. Ды і зараз яны сумяшчаюць практыку і работу ў студ-
атрадзе. Як гэта магчыма? – здзіўляюся.
– Гэта значыць, што ў будныя дні мы абавязкова выконваем усю праграму практыкі, а ў вольны час, па выхадных ці ноччу выходзім на дзяжурства ўжо па рабоце, – тлумачыць Ірына Мілеўская. – Канечне, гэта цяжкавата, але так мы і практыку пройдзем, і сваю капейку атрымаем. Яшчэ адзін і галоўны плюс у тым, што такія працоўныя зносіны дысцыплінуюць цябе, ты сам адказваеш за сваю работу, і шкадаваць маладую і не вопытную ўжо ніхто не будзе. Добрая школа пасля 5 курса! Тым больш, што я хачу стаць урачом-неўролагам, спасцігаць усе тонкасці я пачала з пасады медыцынскай сястры.
І сёння ёкае сэрца ад званку тэлефона ў аддзяленні хуткай дапамогі ў маладых фельчараў Ангеліны Бондар і Элы Вашэйка. Хоць на выезды яны адпраўляюцца разам з вопытнымі калегамі, але момант нечаканасці ўсё роўна пакуль хвалюе. Дарэчы, Элу Вашэйка маці, медсястра нашай райбальніцы, не толькі не адгаворвала ад выбару прафесіі, але і натхніла дачку сваім прыкладам. Пачынаючыя медыкі дзякавалі сваім старшым калегам за дапамогу, пэўны патранаж.

Даведка «ІВ»: У нашым раёне, пачынаючы з вясны гэтага года, ужо адпрацавалі дзевяць студ-
атрадаў: у сферы аказання паслуг на базе ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», у галіне аховы навакольнага асяроддзя ў лясгасах раёна (гэта самыя шматлікія атрады) і педагагічны атрад у «Дубравачцы». Першыя заробкі ўжо атрымалі 282 чалавекі, пераважная большасць з іх – непаўналетнія. Лічба будзе расці, бо некаторыя атрады яшчэ толькі фарміруюцца. Па гэтым паказчыку мы ў лідарах у вобласці.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.