У лідарах па продажы «ІВ»

Вось не чакалі прадаўцы магазіна «Родны кут №10» па вул. 60 год Кастрычніка напярэдадні свайго прафесійнага свята аказацца на старонках раённай газеты. 21 ліпеня мы наведаліся ў магазін з прыемнай місіяй – не толькі павіншаваць са святам, але і адзначыць падарункам магазін-лідар па продажы «ІВ». Так, у мінулым месяцы тут прадалі амаль 350 газет, зараз жа ўжо каля 300 экзэмпляраў раёнкі набылі з рук мясцовых прадаўцоў.

Разам у самых вопытных кадраў: старшага прадаўца Людмілы Куіс, прадаўцоў Алены Татарчук і Ірыны Сялюк, аператара Соф’і Сідаровіч – больш за сотню гадоў працоўнага стажу на ўсіх. Яны працавалі ў розных магазінах горада. А тры гады таму ўсе разам прыйшлі ў абноўлены «Родны кут №10» (былое «Сонейка» або «На-
дзея»). Годам раней у магазіне быў рамонт, тут усталявалі новае халадзільнае абсталяванне – працаваць адно задавальненне. Нядаўна дзяўчаты прынялі ў сваю каманду яшчэ прадаўцоў – Наталлю Барысюк і
Вольгу Ціток. Задачы штодня невялікі калектыў вырашае, здаецца, самыя зразумелыя: яны прымаюць тавар, самыя «гарачыя» дні – серада і чацвер, пасля кожную адзінку аператар уносіць у праграму, каб чытаўся штрых-код і не было накладак, далей ідзе выкладка тавараў, яго непасрэдны продаж і работа на касе. У самыя актыўныя дні тут прымаюць да 20-30 машын з таварам і абслугоўваюць па некалькі соцень пакупнікоў!
Здаецца, што тут складанага – прадаць у магазіне з самаабслугоўваннем. Дык пакупнік сам кладзе ў карзіну, што захоча. А вось ёсць нейкі свой падыход, талент у прадаўцоў, бо з усіх магазінаў райспажыўтаварыства яны ў лідарах па продажы нашых газет.

– Ведаеце, напэўна, нам проста пашчасціла працаваць у раёне, дзе жыве многа вашых чытачоў, – тлумачыць старшы прадавец Людміла Куіс. – Па серадах прадаём трохі менш нумароў, хутка разыхо-
дзіцца суботні. Людзі пытаюць газету, прыходзяць часам, калі іх яшчэ не прывезлі, пасля вяртаюцца зноў. Сваю ролю іграе і выкладка, газета ў нас заўсёды на касе і на вачах у пакупнікоў. А сёння дзякуем калектыву раёнкі за такую нечаканую добрую навіну і падарунак.
Дарэчы, самі жанчыны – нашы пастаянныя чытачкі, выпісваюць газету і бацькам. Прадавец Ірына Сялюк, напрыклад, зачытваецца «житейскими» матэрыяламі нашых аўтараў, любіць жанчына і фотасправаздачы з вялікіх гарадскіх святаў, бо ў іх жыццё нашых людзей. Нашы пераможцы пажадалі нам цікавых тэм, росту продажу і падпісчыкаў.
Канечне, падпісчыкі – гэта «наша ўсё». Таму сёння мы чапляем свайго чытача цікавымі навінамі і роздумамі на старонках, а яшчэ добрай скідачнай кампаніяй на нашы паслугі і на тавары магазінаў-партнёраў. Але добра, калі чытач знаходзіць нас і ў магазінах. Дарэчы, з 1000 рэалізаваных газет каля 700 – за магазінамі нашага райспажыўтаварыства. Нядаўна газеты сталі прадаваць і ў вясковых магазінах: у Стайках, Любішчыцах, Яглевічах і Падстарыні. У тэставым рэжыме раёнку прапануюць і жыхарам самых аддаленых вёсак у аўтамагазінах.
Дзякуючы шчырым, умелым і абаяльным жанчынам-прадаўцам, наша газета – заўсёды чаканы тавар. Віншуем усіх работнікаў гандлю са святам! Няхай і надалей удзячным і багатым будзе пакупнік!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.