Дзецям – на радасць!

Каля сарака адзінак новага абсталявання з’явілася гэтым летам на дзіцячых пляцоўках райцэнтра. Такі падарунак маленькія гараджане атрымалі ад нашай камунальнай службы. Яшчэ ў мінулым годзе ў раён прыйшла добрая навіна – нашы Івацэвічы сталі лепшымі па выніках абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2019 год.

Пераможцу выбіралі па шэрагу паказчыкаў: вулічнае асвятленне, якасць дарожнай сеткі, добраўпарадкаванне пунктаў прыпынку, прыдамавых тэрыторый, месцаў адпачынку, азеляненне горада…
Ільвіную долю прызавога фонду было вырашана пусціць на арэлі ды горкі.

– Яшчэ вясной мы набылі неабходнае абсталяванне, каб у пачатку лета закончыць з мантажом, – адзначае начальнік участка ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Васілій Герман. – Арэлі адзіночныя, арэлі-балансір, арэлі на спружыне (конікі), горкі, пажарныя аўто – усё беларускай вытворчасці і з неабходнай дакументацыяй. Бяспека дзяцей – адзін з важных фактараў, шукалі яшчэ нешта незвычайнае, яркае, прыгожае – каб радавала вока.

Так, на 12 дзіцячых пляцоўках каля дамоў камунальнай уласнасці гэтым летам з’явілася новае абсталяванне. Двары-шчасліўчыкі вызначалі не выпадкова – абнавілі самыя старыя пляцоўкі, вывучалі камунальнікі і попыт на тыя ж арэлі, шукалі дамы, дзе шмат дзетвары. І сапраўды, не пустуюць пляцоўкі каля інтэрната па вул. 70 год Кастрычніка, «в дробях» па вул. Дэпутацкай. Усё ўжо праверылі на справе і маленькія гаспадары пляцоўкі па вул. Чкалава, 19а. У дзень нашага візіту яны акурат выпрабоўвалі на моц новую горку, ды і за рулём дзіцячай пажарнай машыны пасядзець хлопчыкам – у задавальненне.

А каб прадоўжыць «жыццё» новага абсталявання, трэба ім акуратна карыстацца. Уявіце, горка каштуе больш за 1000 рублёў, а арэлі-балансір – пад 400.
Яшчэ частка сродкаў пайшла на пакупку рабочага абсталявання, якое неабходна камунальнікам штодзень для добраўпарадкавання горада. Тыя ж бензарэз, газонакасілка ці бензанажніцы – зараз ужо ў рабоце. У аглядзе выйграў менавіта горад, таму чэсна было выйгрыш пакінуць тут. Так наш сучасны райцэнтр стаў яшчэ больш камфортным для жыцця і адпачынку людзей.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.