Складнікі поспеху ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-18»

Па выніках раённага спаборніцтва за 2020 год пераможцам за дасягненне лепшых паказчыкаў сярод будаўнічых і дарожна-будаўнічых арганізацый стаў калектыў ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-18» дзяржаўнага аб’яднання «Брэстаблсельбуд».
Будаўнічая арганізацыя ўзнагароджана Ганаровым пераходным сцягам і Ганаровай граматай райвыканкама і занесена на раённую Дошку Гонару. Важна адзначыць, што ПМК-18, якую ўзначальвае Ігар Панасюк, другі года запар становіцца лепшым прадпрыемствам у раёне ў дадзенай намінацыі.
Пераможцам стаў калектыў ПМК-18 і па выніках абласнога конкурсу сярод падведамасных арганізацый дзяржаўнага аб’яднання «Брэстаблсельбуд» за 2020 год. За аб’ект «Рэканструкцыя МТФ у аг. Святая Воля Івацэвіцкага раёна. Другі пускавы комплекс» калектыў узнагароджаны Дыпломам лаўрэата конкурсу Саюза будаўнікоў у намінацыі «Развіццё рэгіёнаў малых і сярэдніх пасяленняў». У скарбонцы ўзнагарод ПМК-18 за мінулы год – дыплом лаўрэата конкурсу Саюза будаўнікоў. Гэтая арганізацыя стала пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2020 годзе сярод будаўнічых і дарожных арганізацый.
Умеюць тут працаваць, умеюць і адпачываць. Нядаўна каманда ПМК-18 заняла другое агульнакаманднае месца ў абласной спартакіядзе, якая праводзіцца сярод работнікаў аб’яднання «Брэстаблсельбуд».
Свой летапіс Івацэвіцкая ПМК-18 вядзе з 1978 года, з дня стварэння ў раёне міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі.

Сёння прадпрыемства валодае магутнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, вопытнымі кадрамі, утрымлівае з года ў год адну з лідзіруючых пазіцый у аб’яднанні «Брэстаблсельбуд». Гэтая будаўнічая арганізацыя ажыццяўляе ўвесь комплекс работ – ад фундамента да аддзелкі і добраўпарадкавання прылягаючай тэрыторыі. Стабільнай рабоце спрыяе ўласная падсобная гаспадарка: РБВ, цэх піламатэрыялаў.
За 43 гады існавання калектыў прадпрыемства пакінуў значны след у раёне і за яго межамі. На яго рахунку вялікая колькасць узведзеных аб’ектаў: шматпавярховыя дамы, лячэбны корпус раённай бальніцы, стадыён у гарадскім парку, лесапільны і мэблевы цэхі ААТ «Івацэвічдрэў», бульбасховішча ў ААТ «Святая Воля», зернесушыльны комплекс у ААТ «Мілейкі»…
Тон у рабоце калектыву задавалі кіраўнікі з вялікай літары, такія як Аляксандр Дуньковіч, Уладзімір Ліцяга, аб чым сведчаць іх шматлікія ўзнагароды. Тым не менш, у гісторыі прадпрыемства былі светлыя і не вельмі старонкі. І ў большай частцы дзякуючы граматнаму і талковаму кіраўніцтву ўдавалася зноў і зноў уставаць з каленяў і ўзнімацца да вяршынь.
Апошнім часам, калі калектыў узначаліў Ігар Панасюк, штогод будаўнікі здаюць заказчыкам не адну новую малочнатаварную ферму, шматкватэрныя дамы, выконваюць капітальны рамонт устаноў адукацыі, аховы здароўя і аб’ектаў культуры.
Сёлета работнікі ПМК працуюць на будаўніцтве жылога дома ў г. п. Целяханы, вядуць рэканструкцыю МТФ «Ёдчыкі» ў ААТ «Квасевічы», МТФ у ААТ «Горталь», узводзяць будынкі гаспадарчага і адміністрацыйнага профілю ў вёсках Целяханскага краю. Акрамя таго, будаўнікі шчыруюць на аб’ектах, якія знаходзяцца за межамі раёна і вобласці.
Будаўнічы комплекс краіны перажывае не лепшыя часы. Яны звязаны найперш з кадравым дэфіцытам спецыялістаў рабочых прафесій. Адток, які атрымаўся на працягу апошніх гадоў, адбіваецца негатыўна да сённяшняга часу.
З усіх галін будаўнічая знаходзіцца ў самых неспрыяльных пагодных умовах. Да таго ж, будаўніцтва – гэта свая тэхналогія, тут для пэўнай катэгорыі будаўнікоў трэба мець запас аб’ектаў у летне-асенні перыяд, каб і зімой яны былі з работай, і дамы трэба здаваць па тэхналогіі, паквартальна, а не ў залежнасці ад таго, ёсць грошы ці не.
З лета мінулага года да ПМК-18 далучылі будаўнічую арганізацыю ДБПМК-34. Вядома, не ў лепшым стане, але працоўны калектыў захавалі максімальна, і даўгі калег узялі на свае плечы. Пазіцыі ўтрымаць удаецца дзякуючы таму, што будаўнікі бяруцца за любую работу, аб’ёмы будаўніцтва растуць. За леташні год тэмп росту падрадных работ да
ўзроўню папярэдняга года склаў 154,5 працэнта ў супастаўных цэнах, тэмп росту вытворчасці працы 140,6 працэнта. І зарплата сёння ў будаўнікоў не з апошніх.
Ва ўсе часы гонарам прадпрыемства з’яўляюцца людзі. Сёння ў арганізацыі працуе 226 чалавек. Кваліфікаваныя і вопытныя спецыялісты, такія як прарабы Віталій Ярмаковіч, Аляксандр Куратнік, брыгадзір тынкоўшчыкаў Ірына Наліўка, вадзіцелі Мікалай Дзягцярык, станочнік дрэваапрацоўкі Мікалай Малец і многія-многія іншыя, складаюць касцяк калектыву. З імі – любыя задачы па плячы.
Сёння тут могуць з упэўненасцю сказаць: калі ты спецыяліст, ведаеш, умееш, ёсць спрыт, то будзеш добра зарабляць. Такіх спецыялістаў тут чакаюць і створаць усе ўмовы для прадукцыйнай работы.