«Вязанае графіці» ў Целяханах: незвычайнае «адзенне» ў тэхніцы ярнбомбінг з’явілася на дубе каля Целяханскага ЦКіВЧ

Прайсці і праехаць міма такога незвычайнага дрэва нельга, спыніліся каля яго і мы. 20-гадовы дуб, які стаў ужо сімвалам установы культуры, так упрыгожылі напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Ствол і галіны дуба абшытыя вязанымі квадратамі розных колераў і з рознымі ўзорамі.
Так, ярнбомбінг у даслоўным перакладзе гучыць як «выбух пражы». Само моднае цячэнне мае на ўвазе вярнуць цікаўнасць людзей да вязання. Гэта новы падыход да старажытнага рукадзелля. Прычым, абвязваюць не толькі дрэвы, у парках з’яўляюцца такія незвычайныя веласіпеды, лавы, скульптуры…
Вось і ў Целяханскім ЦКіВЧ вырашылі абыграць так незвычайна іх любімы прыгожы дуб. Аўтар ідэі – рэжысёр і кіраўнік гуртка «Майстэрня талентаў» Валянціна Абрамчук. Спачатку жанчына памерала вышыню и радыус дрэва, даўжыню галін, зрабіла разлікі і трафарэт квадрата 15х15 сантыметраў. А пасля пачалося самае цікавае. Такіх вязаных квадратаў трэба было зрабіць 150 штук! Ніткі куплялі, распускалі старыя рэчы. Як адзначыла загадчыца Целяханскага ЦКіВЧ Наталля Бінкевіч, да вязання прыцягнулі ўсіх мясцовых майстрых. Каля 20 жанчын спіцамі і кручком і самымі рознымі ўзорамі вязалі нарыхтоўкі для будучага «вязанага графіці». Пасля квадраты трэба было акуратна сшыць. Карпатлівая праца, ці не так? Гэта павінна было быць ярка і прыгожа – так і выйшла!
Самае важнае ў гэтай ідэі тое, што яна аб’яднала людзей. Нехта і сапраўды
ўспомніў пра вязанне ды дастаў спіцы з далёкіх паліц. Усе разам целяханцы стварылі нешта прынцыпова новае. Цяпер каля дубка «ў адзежы» фатаграфуюцца людзі. А дзеці нават ахрысцілі яго дрэвам жаданняў, цяпер да такога яркага дуба бягуць малыя ды загадваюць самае патаемнае.
Аўтары ідэі спадзяюцца, што такое графіці захаваецца і да зімы, і на фоне белага снегу дрэва яшчэ больш будзе радаваць вока.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.