1 жніўня – дзень чыгуначнікаў

Чый голас гучыць на чыгуначнай станцыі?

Напярэдадні прафесійнага свята зазірнулі на чыгуначную станцыю Івацэвічы, каб высветліць гэтае і не толькі

Наталля Фёдарава працуе дзяжурным станцыі Івацэвічы з 1986 года амаль што адразу пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума.
Дзяжурны па станцыі – зменны памочнік начальніка станцыі падчас змены адказвае за бяспеку і бесперабойную працу ўсёй станцыі. На ім ляжаць абавязкі прыёму, адпраўлення, пропуску грузавых і пасажырскіх цягнікоў, а таксама манеўраныя работы.
На працоўным месцы перад Наталляй табло са шматлікімі пераключальнікамі, лямпачкамі і кнопкамі. Дзіву даешся, як можна лёгка арыентавацца ў такой колькасці ўсяго, але жанчына лёгка з гэтым спраўляецца.
Канечне, як і ў любой справе, зрэдку здараюцца пазаштатныя сітуацыі. Наталля ўпэўненая, іх трэба вырашаць з халодным розумам.
– Калі здараюцца нестандартныя сітуацыі, даецца літаральна імгненне, каб з усіх магчымых варыянтаў прыняць адзіна правільны. На памылку мы не маем права. Нават калі нешта і адбылося не па плане, пасажыры і кліенты гэтага не павінны адчуць. Мы ў любым выпадку абавязаны забяспечыць бяспеку руху цягнікоў і правозу пасажыраў, грузаў, – адзначае Наталля Фёдарава.
Падчас нашай размовы яна перарываецца на перамовы з машыністамі цягнікоў, рабочымі на пуцях, а таксама агучвае ў мікрафон: «Паважаныя пасажыры, пасадка на цягнік будзе праводзіцца з другой платформы».
– Дык вось чый голас гучыць на нашай чыгунцы?! – звяртаюся да яе.
– Не толькі мой, але і маіх калег, – адказвае Наталля.
Гэта вельмі адказная місія – работніку трэба сачыць за часам, каб нічога не прапусціць, пераканацца, што цягнік на месцы, перш чым запрасіць пасажыраў на пасадку.
Больш за ўсё ў калектыве чыгуначнай станцыі Івацэвічы Наталля цэніць узаемадапамогу.
– Кожны спецыяліст у нас павінен давадзіць сваю справу, як кажуць, ад А да Я. Калі штосьці не атрымалася, заў-
сёды ведаю – дапамогуць калегі. Так і я заўсёды гатовая дапамагчы іншаму, – расказала Наталля Фёдарава.
Плюсы зладжанага калектыву адзначае і Вольга Ляшко, якая працуе на станцыі Івацэвічы таварным касірам. У яе абавязкі ўваходзіць аперацыі па прыёме і адпраўцы грузаў, афармленне дакументаў для разліку з кліентамі за аказаныя паслугі па перавозцы тавараў і г. д. Праца патрабуе ўважлівасці, арганізаванасці, дысцыплінаванасці.
– Галоўнае багацце любой арганізацыі – гэта калектыў. Калі з людзьмі, якія побач, працаваць лёгка і прыемна, то рабочыя будні праходзяць весялей, – адзначае Вольга Ляшко.
Нездарма ў такім высокакваліфікаваным і зладжаным калектыве выконваюцца ўсе неабходныя паказчыкі. Так, дваім супрацоўнікам чыгуначнай станцыі Івацэвічы – білетнаму касіру Ганне Дзенісевіч і складальніку цягнікоў Уладзіміру Касаўцу – напярэдадні прафесійнага свята за дасягнутыя поспехі ў працы і своечасовае якаснае выкананне вытворчых заданняў уручаны галіновыя ўзнагароды.
– Дарагія супрацоўнікі, ветэраны галіны. Віншую вас з прафесійным святам. Няхай усе шляхі і стрэлы будуць у правільным кірунку. Хай гарыць зялёнае святло любым распачынанням і жаданням. Здароўя вам, сілы духу і цела, энергічнасці, мэтанакіраванасці, росквіту, дабрабыту і ўсяго самага лепшага, – выказаў словы падзякі начальнік станцыі Івацэвічы Андрэй Лукша.