Слёзы браканьераў: як двое жыхароў Целяхан парыбачылі на Агінскім канале

З перыядычнасцю прыкладна раз у паўгода ў райгазеце «Івацэвіцкі веснік» выходзяць матэрыялы з судовых пасяджэнняў, дзе нагадваецца, якімі санкцыямі і штрафамі рызыкуе чалавек, хто незаконным шляхам здабывае жывёлу ў лясах, рыбу – у вадаёмах. Чаго варты нашумелы на ўсю Беларусь выпадак, які меў месца каля года назад на рацэ Мышанка (Дабромысленскі сельсавет), калі двое мясцовых мужчын «нарыбачылі» болей чым на 165 000 рублёў!

Тым не менш, не ўсе ўсведамляюць, што толькі вуда і спінінг гарантуюць спакойнае жыццё аматару рыбачыць у азёрах і рэках.
Так, Ш. і В., двое мужчын, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Целяхан, вясной бягучага года на аўтамабілі накіраваліся да Выганашчанскага возера. Іх туды вёз агульны сябар Л.; ён дакладна не ведаў, з якімі намерамі мужчыны накіроўваліся на вадаём. А накіроўваліся яны туды не на «шашлыкі», не адпачыць, як сцвярджалі, а незаконна парыбачыць з дапамогай сетак, што паставілі на Агінскім канале (за 300-400 метраў ад яго ўпадзення ў возера).
Сеткі яны паставілі ў 20 гадзін, знялі прыкладна ў 22.30; улоў не самы багаты, бо экзэмпляры рыбы – не самыя буйныя; Л. у гэтых дзеннях удзелу не прымаў, сядзеў у машыне, не ведаў, чым займаюцца сябры. Накіраваліся на «Аўдзі» ў бок Выганашчаў, спынілі іх каля кантрольна-прапускнога пункта. І тут усё пайшло не так, як яны планавалі, бо работнік егерскай службы леса-паляўнічай гаспадаркі запатрабаваў, каб паказалі, што вязуць у салоне і багажніку. Калі стала зразумела, што ўсё надзвычай сур’ёзна, то Ш. схапіў два пакеты (з сеткамі і злоўленай рыбай) і шпурнуў у бок канала. Але егер дастаў тыя пакеты, выклікаў аператыўна-следчую групу Івацэвіцкага РАУС. Падлічана, што ў пакетах знаходзілася 36 ляшчоў, 3 акуні і адзін карась. Але гэтыя мужчыны браканьернічалі ў забаронены перыяд (нераст) забароненым відам лову, нанеслі ўрон у асабліва буйным памеры (на 9 744 рублёў). Таму была ўзбуджана крымінальная справа менавіта па ч. 4 арт. 281 «Незаконная здабыча рыбы або іншых водных жывёл», што прадугледжвае і пазбаўленне волі – да шасці гадоў.
…Суд улічыў, што мужчыны прызналі сваю віну поўнасцю, яшчэ да пасяджэння пагасілі нанесены ўрон – 9 744 рублі, мелі станоўчыя характарыстыкі з месца работы і жыхарства… Санкцыя – 1 год пазбаўлення волі Ш. і В. з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Акрамя таго, кожнаму прызначаны штраф у памеры 40 базавых велічынь (1 160 рублёў).
Так, сумным атрымаўся выезд на прыроду з сеткамі гэтых двух мужчын, ураджэнцаў Целяхан. У чарговы раз хачу папрасіць жыхароў раёна: вучыцеся лавіць вудамі і спінінгамі. Іншага – не дадзена! А тыя 40 экзэмпляраў невялікай па памеры рыбы ўмелы рыбак і вудай можа налавіць, пры гэтым не трэба хавацца, уцякаць ад егераў…
Задумайцеся і адпачывайце прыгожа!

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.