Праз 40 гадоў адшукаўся ордэн Чырвонай Зоркі

Нядаўна раёнка паведамляла, што ў ваенкамат Івацэвіцкага раёна паступіла знаходка – нумарны ордэн Чырвонай Зоркі. Як расказаў ваенны камісар Івацэвіцкага раёна Уладзімір Маляванны, для ўстанаўлення асобы грамадзяніна, якому належыць дадзеная ўзнагарода, быў накіраваны запыт у архіў. Высветлілася, што ордэн належыць Васілію Карпавічу Захаранку. Было вырашана адшукаць сваякоў Васілія Карпавіча.

Дзіўная рэч, але спадчыннік знайшоўся ўсяго за суткі!
Алег Смірноў, унук Васілія Карпавіча і Надзеі Рыгораўны, якія абое былі ўдзельнікамі вайны, жыве цяпер у Мінску, але пасля выхаду газеты знаёмыя з Івацэвічаў патэлефанавалі і паведамілі яму пра знаходку.
– 40 гадоў гэты ордэн дзесьці блукаў, але менавіта цяпер вырашыў вярнуцца. Веру, што ў гэтым задзейнічаны вышэйшыя сілы, бо гэта сапраўдны цуд. Думаю, што ён быў страчаны пры пераездзе ў 1985 годзе, – расказаў Алег Смірноў. – Я добра памятаю яго, змог бы апісаць кожны скол. Дзядуля і бабуля былі сціплымі людзьмі, хоць прайшлі ўсю вайну, не фанабэрыліся ўзнагародамі. Безумоўна, усе рэчы, звязаныя з дзядулем і бабуляй, я захоўваю. Калі збіраўся сюды, знайшоў іх пагоны – старшыны запасу Надзеі Рыгораўны і капітана медыцынскай службы Васілія Карпавіча. Я ганаруся, я памятаю і разумею ўсю глыбіню гэтай узнагароды – гэта не юбілейны медаль, ён даваўся за кроў. Увесь сэнс гэтай узнагароды можа ацаніць толькі сталы чалавек, які ведае цану жыцця. Дзякую ўсім, хто быў датычны да гэтага, і жадаю поспеху ў прадаўжэнні гэтай высакароднай справы.