Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад райкама ГА «БРСМ» шчыруе падчас жніва ў ААТ «Мічурынск»

Дарэчы, атрад працуе тут другі год запар, і ў гэтым годзе каманда засталася ў тым жа складзе – сем дзяўчат і юнакоў на чале з кіраўніком атрада Надзеяй Канановіч.
З 28 ліпеня на працягу дзесяці дзён рабяты будуць дапамагаць аграрыям у бітве за ўраджай. Студатрадаўцам неабходна акрамя варушэння збожжа, прывезенага ад камбайнаў, яшчэ і сачыць за парадкам на пляцоўках, а таксама за тым, каб літаральна кожнае зярнятка новага ўраджаю не прапала. З дапамогай выдадзенага няхітрага інвентару – рыдлёвак і мяцёлак – яны сумленна выконваюць свае абавязкі. 
У мінулым годзе ў гаспадарцы зразумелі, што студатрадаўцы – старанныя, адказныя, надзейныя памочнікі, таму і ў гэтым годзе далі згоду на работу. Амаль усе рабяты мясцовыя, адзін з хлопцаў прыязджае ў Амяльную на лета да бабулі і не супраць падзарабіць. Калектыў згуртаваны, ніхто работы не баіцца, усе працуюць добрасумленна і зладжана.
У мінулым годзе заробкі рабяты патрацілі на ўласныя патрэбы – хтосьці купіў мабільны тэлефон, хтосьці апрануўся ў школу. У гэтым годзе планы на заробкі такія ж. Студатрадаўцы адзначаюць, што ім прыемна быць часткай такой пачэснай справы – жніва. Цяпер, калі будуць бачыць хлеб на стале, змогуць сказаць, што некалькі зярняткаў у агульны каравай краіны дадалі і яны.