8 жніўня – Дзень будаўніка

Брыгада муляроў ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-11» зараз шчыруе на будаўніцтве першага у раёне цалкам электрыфікаванага дома.

Амаль гатовы першы паверх дома з белай цэглы ў «Квартале шматпавярховай забудовы «Кляноўка», ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-11» – генпадрадчык на будоўлі гэтага незвычайнага і ад таго складанага аб’екта. Па-першае, гэты дом будзе «жыць» выключна на электрычнасці, газіфікацыя тут не прадугледжана, а па-другое, па праекце ў гэтым пяціпавярховым доме будуць ліфты.

– Не так часта наша арганізацыя сутыкалася з будаўніцтвам ліфтавых шахт, – адзначае ўжо на аб’екце малады майстар Аляксандр Траццяк. – Неабходная дакументацыя для правядзення такіх работ у нас ёсць, але «набіць руку» яшчэ трэба. Увогуле скажу, гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсе новыя дамы аднолькавыя, ёсць сваё ў кожным праекце, ніколі мы не працуем «на аўтамаце». Будаўніку трэба вучыцца і вучыцца…
Брыгада муляроў самага вопытнага брыгадзіра Міхаіла Антаноўскага на днях заступіла на сваю вахту. Муляраў Аляксандра Антаноўскага, Сяргея Каржаневіча, Івана Кронду, Анатолія Банкалюка, Аляксандра Олеха, Віктара Хвясько і маладога Руслана Межаеўскага ніякі аб’ект не палохае, бо працуюць пад кіраўніцтвам Міхаіла Антаноўскага, у яго за плячыма 35 гадоў стажу ў ПМК-11, а будаўнічага стажу нават больш за 40 гадоў. Ён пачынаў яшчэ ў МПМК-9 (так раней называлася ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-11») пад кіраўніцтвам Нікіфара Стральчука, работа, па яго меркаванні, з гадамі не мяняецца: і тады, і зараз куб за кубам кладуць цагліны муляры пад сонцам і ў мароз.
– Адно «але» – патрабаванні да якасці выкананых работ зараз вышэйшыя, расце і дзённая норма, – расказвае Міхаіл Пятровіч. – Работа ў нас цяжкая, фізічная, ды і моладзь не надта ірвецца на будоўлю. У маёй брыгадзе амаль усім за 40-50, а я б хацеў падрыхтаваць годную змену. Дзякуй Богу, палепшыліся ўмовы працы, у нас акуратны бытавы гарадок, ёсць вада, цяпло зімой і бытавая тэхніка, тут прыемна паабедаць і адпачыць. Зараз мы працуем пераважна на месцы, у раёне. А колькі паездзілі ў свой час па Расіі і па нашай Беларусі. І ўмовы былі горшыя, і працаваць даводзілася па месяцу без выхадных. Таму зараз ёсць за што дзякаваць кіраўніцтву, ёсць аб’ёмы – будзе і зарплата.
Дарэчы, ужо амаль 20 гадоў побач з бацькам-брыгадзірам працуе і малодшы сын – Аляксандр Антаноўскі. І хоць да яго патрабаванні нават большыя, чым да астатніх, Аляксандр у прафесіі замацаваўся надзейна. Разам два вопытныя муляры пабудавалі невялікі дом у Сенькавічах, дзе цяпер жыве Міхаіл Пятровіч з жонкай.

Карыстаючыся выпадкам, брыгада віншавала ўсіх сваіх калег з прафесійным святам, адзначыла асабліва другую брыгаду муляроў, якой кіруе Мікалай Пушыла. Гэтыя дзве брыгады ў ПМК-11 аднолькава моцныя, а калі трэба падцягнуць тэрміны, дык і на вахты адны да другіх выходзяць.
Ва ўмовах такой пазітыўнай канкурэнцыі ім працуецца цікавей. Можа, таму мулярамі ў арганізацыі зараз вельмі задаволеныя.

Шчырая размова напярэдадні юбілею: Леанід Снарскі расказаў, чаму марыў стаць будаўніком, і назваў самы цікавы будаўнічы аб’ект

Сустрэча з кіраўніком ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-11» адбылася напярэдадні яго 60-годдзя. З непадробнай шчырасцю Леанід Снарскі прызнаўся – пасля трыццаці дзень нараджэння ўжо не такое чаканае свята. Гэтаму вопытнаму кіраўніку ёсць што ўспомніць і над чым паразважаць з вышыні свайго ўзросту. Дарэчы, будучы будаўнік нават нарадзіўся амаль у прафесійнае свята.
Ураджэнец в. Малінаўка Драгічынскага раёна, якая знаходзіцца за Дняпроўска-Бугскім каналам, з малога марыў вырасці і пабудаваць мост праз канал да вёскі, бо стары згарэў. Бацька Леаніда Іванавіча быў паромшчыкам і штодзень перавозіў вяскоўцаў на суседні бераг, бліжэй да цывілізацыі.

Будаўніком з вялікай літары мой герой стаў, але ў мосце сёння няма былой патрэбы, бо вёска апусцела. Выпускнік-выдатнік вясковай школы спачатку закончыў з чырвоным дыпломам Брэсцкі будаўнічы тэхнікум і без экзаменаў быў залічаны ў Мінскі палітэх, дзе таксама быў адным з лепшых студэнтаў.

– Леанід Іванавіч, якім быў першы хлеб будучага паспяховага кіраўніка?
– Я пачынаў з падрыхтоўкі аб’ектаў да алімпіяды 1980 года, напэўна, гэта і быў добры знак (смяецца). Яшчэ пасля тэхнікума працаваў майстрам на ўчастку, а пасля падчас вучобы з сябрам рабілі падшыпнікі на заводзе. З зарплатай у 220 руб. і павышанай стыпендыяй я быў абсалютна самастойным чалавекам. А пасля па размеркаванні я трапіў на будаўнічы камбінат у Гомель. Пасля Чарнобыля куды толькі не хацеў адправіцца, нават у Краснадарскі Армавір… 16 гадоў адказваў за будаўнічыя справы на «Пінскдрэве». А ў 2006 годзе і ваша зямля мяне гасцінна прыняла. Увогуле, дзе б я ні працаваў і ні жыў – усюды мне было добра.
– Якой Вы прынялі ПМК-11?
– «Знаёмцеся, гэта ваш апошні кіраўнік – не выплывеце з ім, значыць, не будзе арганізацыі ўвогуле», – прыкладна так мяне прадстаўляла калектыву кіраўніцтва ДА «Брэстаблбуд». Калі ў 2006 годзе я прымаў справы, то гэта быў калектыў у 53 чалавекі, а з аб’ектаў былі толькі два адна-кватэрных домікі ў Галенчыцах. Мы пачыналі з нуля, але штогод павялічвалі аб’ёмы ў два-тры разы, расшыраліся, сфарміравалі калектыў. І да 2010 года ўжо выйшлі з крызісу. Пасля далучэння ў 2013 годзе да нас Івацэвіцкага завода ЖБВ з усімі праблемамі, мы зноў перажылі пэўны крызіс у 2017-2018 гадах. Мы ўлажыліся ў завод, у яго аднаўленне, але нам не хапіла ўласных сіл і сродкаў, каб запусціць вытворчасць і адбіць сваю капейку. Мяняць коней на пераправе заўсёды складана. Хоць мы ўдала ўзялі пад сваё крыло СПМК-23, літаральна вясной нам перадалі калектыў былога Баранавіцкага СПМК-3. Цяпер я вучуся кіраваць дыстанцыйна, там свае аб’екты і 20 работнікаў, якіх трэба забяспечыць аб’ёмамі работы і зарплатай.
– На ліку вашай арганізацыі – сотні аб’ектаў у краіне і за яе межамі. Ці ёсць аб’ект-любімчык? Адначасова складаная, але цікавая будоўля?
– Гэта будынак суда ў Івацэвічах. Калі ў 2008 годзе, толькі выходзячы з крызісу, я ўзяўся за гэты аб’ект, брэсцкае кіраўніцтва назвала мяне авантурыстам. Гэта быў індывідуальны праект, складаны па тэхнічным будаўнічым выкананні. Былі пытанні з узвядзеннем асноўных апорных канструкцый, мы сутыкнуліся з новымі відамі аддзелкі. Цяжкім быў шлях, але мы яго прайшлі. Канечне, быў пасля і кукурузакалібровачны завод. Тады найперш разам са спецыялістамі паехалі на старэнькай «Волзе» ў Мозыр на падобны завод за вопытам. Так пачыналася будоўля. Свая спецыфіка была і ў будаўніцтве царквы ў Яглевічах, зараз мы будуем першы ў раёне электрыфікаваны дом у квартале «Кляноўка». Чым складаней задача, тым больш цікавы працэс.
– А што з калектывам? Каго хоць заўтра ўзялі б у штат?
– У нас працуе каля 270 чалавек, а пачыналі мы з 50. Але і гэтай каманды сёння не хапае. Узяў бы пад 30 рабочых зараз. На вагу золата цяпер добры зваршчык, цясляр, бетоншчык, аддзелачнік… Сёння мы павінны дапамагаць дзяржаве і працаўладкоўваць абавязаных асоб, людзей з асаблівасцямі развіцця. Хоць зарплата паціху расце, больш за тысячу сёння можа атрымаць рабочы, але я лічу, што гэтага мала. Будаўнік працуе ва ўмовах стрэсу, цяжка фізічна і на адкрытым паветры. Працаваць на якасць мы зможам толькі ва ўмовах прэстыжу будаўнічых спецыяльнасцей, як было ў 80-я, калі галіна буяла і будаўнікі першымі атрымлівалі кватэры.
Бывае, дастаецца ад мяне і «сярэдняму звяну». Я вучу майстроў і інжынераў думаць на два крокі наперад і, закладваючы фундамент дома, трымаць у галаве выгляд даху. Гэта дапаможа пасля не брацца за галаву, калі «гараць тэрміны». Аднак я вельмі ўдзячны калектыву за работу, за разуменне. Трэба было здаць жылы дом па вул. М. Танка датэрмінова – усе зразумелі задачу і спрацавалі добра.
Былі часы, калі мы маталіся па краіне і за яе межамі ў пошуку аб’ектаў, браліся за любую работу. Дзякуючы мясцоваму кіраўніцтву, развіццю сельскагаспадарчай галіны ў раёне, дзве магутныя будаўнічыя арганізацыі забяспечаныя аб’ектамі. Сёння мы працуем на месцы, і мае будаўнікі штодзень вяртаюцца дадому. Гэта важна.

ДУБП «Івацэвіцкая ПМК-11» – старэйшая будаўнічая арганізацыя ў вобласці, якая пачынала ў 1957 годзе і была міжкалгаснай будаўнічай арганізацыяй. Зараз жа гэта сучаснае прадпрыемства з шырокім спектрам будаўнічых і не толь-
кі паслуг: гэта агульнабудаўнічыя, аддзелачныя, электрамантажныя работы, сертыфікаваная зварачная вытворчасць, тут працуе лабараторыя, у ёй праходзіць комплекс выпрабоўванняў саставу бетону і іншага, сантэхнічны ўчастак, які займаецца пракладкай інжынерных сетак і камунікацый (ацяпленне, вентыляцыя, водазабеспячэнне, кандыцыяніраванне, газ).
Прадпрыемства ўваходзіць у склад ДУ «Брэстаблбуд». Адна з апошніх узнагарод – за вынікі першага паўгоддзя бягучага года. Літаральна 30 ліпеня кіраўнік Леанід Снарскі атрымаў дыплом I ступені «За лепшыя дасягненні ў вытворчай дзейнасці сярод арганізацый, якія ўваходзяць у склад ДУ «Брэстаблбуд», дыпломам быў адзначаны ўвесь працоўны калектыў нашай ПМК-11. Па выніках работы 2020 года арганізацыя таксама пераможца ў розных намінацыях. Не дзіўна, прадпрыемства плюсуе ў выкананні будаўніча-мантажных работ, па экспарце і рэнтабельнасці тавараў, работ і паслуг.
Расце і сярэдняя зарплата, сёння яна каля 1300 руб. На дзясятку аб’ектаў зараз працуюць каля 270 чалавек.
Самыя буйныя аб’екты – будоўля дома ў квартале шматпавярховай забудовы «Кляноўка» ў Івацэвічах, рэканструкцыя МТФ №1 у аг. Вулька-Аброўская, фермы на тэрыторыі СВУ «Даманава» ў аг. Быцень, вытворчай базы Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння па вул. Загараднай у райцэнтры.