Кветкі з капрону ў незвычайных свяцільнях Кацярыны Трусевіч

Жыхарка в. Вялікая Гаць, выхавальніца дзіцячага садка, рэгент Святавольскага храма, якім толькі відам рукадзелля не займалася. Для душы. А цяпер, перад пенсіяй, вырашыла аформіць рамесніцтва. З ёй, малодшай з трох сясцёр-рукадзельніц, адбылася наша сустрэча.

Тры сястры-рукадзельніцы і брат – залатыя рукі
Вясковыя дзяўчаты ў савецкі час практычна ўсе былі рукадзельніцамі. У магазінах мала што прыгожага можна было купіць, і маладзіцы вышывалі, вязалі, як і іх мамы. А з часам пазакідвалі гэты занятак, захавалі імкненне тварыць толькі сапраўдныя майстрыхі, для якіх народнае мастацтва – гэта патрэба душы. У ліку адданых творчасці і Кацярына Трусевіч з Вялікай Гаці. І калі яе старэйшыя сёстры Валянціна і Таіса захавалі перавагу да вышывак крыжыкам і бісерам, то Кацярына захаплялася ўсім: вязаннем спіцамі і кручком, вышыўкай гладдзю, крыжыкам, бісерам, падзелкамі ў розных тэхніках. І лічыць, што няма мяжы для дасканаласці.
– Захапленняў у мяне заўсёды было многа. У нашых бацькоў былі залатыя рукі. Колькі памятаю, маці заўсёды вышывала, а бацька быў майстар па сталярнай і слясарнай справе. Наш адзіны брат Аляксей Савіч пайшоў у баць-
ку, у яго таксама, як кажуць, рукі адкуль патрэбна растуць. А сёстры вышываюць, Валянціна ў Івацэвічах жыве, Таіса побач, у Вялікай Гаці. У абедзвюх хаты што музеі – усё ў вышыўках. І што адметна, муж старэйшай сястры не дазваляе ёй ні прадаваць, ні аддаваць работы, такія яны яму непаўторныя, а сярэдняя сястра навучыла і ўнука вышываць, а таксама не любіць развітвацца са сваімі вышыўкамі. А я ўсё раздаю, раздорваю… – кажа Кацярына Аляксееўна.
Сціплая і разважлівая, і пры гэтым прыемная, жанчына ўсміхалася, падкрэсліваючы, што яна – гэта так, а вось сёстры – сапраўдныя майстрыхі!

Хор – мая спецыяльнасць
У спадчыну ад бацькоў усім дзецям перадаўся яшчэ адзін талент – спяваць. Добрым голасам валодаюць сёстры, а Кацярына малой марыла вучыцца ў музыкальнай школе. У вёсцы «музыкалкі» не было, трэба было ехаць у Целяханы або ў Івацэвічы. І бацькі пабаяліся, не пусцілі. Да таго ж, трымалі гаспадарку вялікую… А калі яна пайшла ў сёмы клас, раптам аб’явілі набор у музыкальную.
– Я прыбегла, памятаю, а маці ў полі бульбу капае, кінулася да яе, прашу дазволу. Маці згадзілася, я зноў у школу, бягу па лесвіцы, каб запісацца, а мне кажуць, што мяне не возьмуць, бо я не паспею скончыць музыкальную, там жа трэба пяць гадоў вучыцца. А тут ідзе настаўнік спеваў наш, пачуў нашу размову і кажа: «Чаго ж не возьмуць? Калі асвоіш праграму, калі вельмі хочаш, паспрабуй». Я была так удзячна настаўніку, такая шчаслівая!.. За два гады лёгка асвоіла праграму чатырох класаў і пасля васьмі паступіла ў культпрасветвучылішча. Спецыялізацыю атрымала – кіраўнік сама-дзейнага харавога калектыву. Гэта было ў 1983 годзе.
Першы час Кацярына Трусевіч працавала ў Ваўкавыску, а ў хуткім часе, як выйшла замуж, вярнулася дадому. Працавала культработнікам, потым – выхавацелем у дзіцячым садку, потым служыла рэгентам у царкве, зноў выхавацелем…
Дарэчы, рэгент – гэта па спецыяльнасці. Кіраваць царкоўным хорам напачатку толькі было неяк нязвыкла. У хоры было больш за 20 чалавек, а песнаспевы на адным лісце, усе цягнуцца, каб паглядзець, як і што спяваць… Але цягам часу кіраўнік хору ўнесла новаўвядзенне – дома на лістах паперы друкаванымі літарамі пісала тэксты службаў і раздавала харыстам. Усе засталіся задаволены. А яшчэ пазней на камп’ютары раздрукавала ўсе тэксты, цяпер зручней карыстацца.
У Кацярыны Трусевіч тры дачкі. Старэйшая Ганна скончыла медыцынскі ўніверсітэт, працуе анестэзіёлагам. Валянціна скончыла медыцынскі каледж, адпрацавала і паступіла вучыцца на лагапеда і працуе выхавацелем у дзіцячым садку ў Мінску. А Ксенія скончыла 11 класаў, хоча ў педагагічны. Усе дочкі ў спадчыну атрымалі таксама добры голас. «Неяк на свяце вёскі Гошча мая Валянціна заспявала «Белая, Белая Русь…», то ўсе пыталі, а што гэта Дарафеева прыехала? – усміхаецца Кацярына Аляксееўна. – Ксенія – таксама ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, спявае і на святочных царкоўных службах».

Натхнілі капронавыя панчохі…
– Хто Вас навучыў рукадзеллю? – цікаўлюся.
– Ніхто. Сама навучылася, з маленькай. Мне было ўсё цікава, і я паспрабавала вышываць, як мама. Атрымалася і заахвоцілася. Потым, калі я была ў пятым класе, сярэдняя сястра паехала вучыцца ў вучылішча, якое было на панчошнай фабрыцы ў Брэсце. Адтуль яна аднойчы прывезла бракаваныя капронавыя панчохі рознага колеру і сказала, што там з іх робяць прыгожыя кветкі, нацягваючы на дрот. Але дроту было тады не дастаць, а медны – мяккі, кветкі з яго атрымліваліся не вельмі якасныя. У старэйшых класах навучылася вязаць спіцамі. Што толькі не прасілі ў мяне звязаць: кардыганы, кофтачкі, камізэлькі… Людзям згаджалася вязаць, не за грошы, а з умовай: вашы ніткі – мая работа, бо ніткі былі дэфіцытам. Потым навучылася вязаць кручком.
– Не разумею, як гэта можна самой навучыцца. Хтосьці ж павінен паказаць. Ці інакш бывае?
– Ляжала я тады ў Ваўкавыску на захаванні па цяжарнасці, і дзяўчынка гадоў 15-ці была ў нашай палаце. Яна вязала вельмі прыгожыя сурвэткі. Хутка, спрытна… Спіцамі я на той час валодала, мне было 20, а кручком не ўмела. І неяк раўніва аднеслася я да гэтага, маўляў, як гэта яна ў 15 гадоў умее, а я ў 20 – не. Выпісалася, пабегла ў бібліятэку кнігу адпаведную шукаць. З цяжкасцю, але знайшла, узяла кручок у рукі – і па слупку, па квадраціку… асвоіла.
Потым Кацярына Аляксееўна навучылася вышываць бісерам. Вышыла дзесьці пад сорак абразоў. Толькі дзве работы засталіся ў яе: у адной брак і абраз «Спас нерукатворны» пакінула сабе. Астатнія раздарыла.
– Пазалетась на «Алі-экспрэс» гляджу – капронавыя панчохі прадаюцца. Я ўспомніла пра кветкі з капрону і заказала ўпакоўку панчох. Там жа знайшла дрот. Заказала і яго. Стала рабіць капронавыя ружы, лілеі, архідэі… Сяброўка прыехала, паглядзела на работы і кажа: «То ты ж успомніла, што рабіла ў пятым класе. Толькі больш акуратна і прыгожа цяпер атрымліваецца». Так «ажыло» колішняе захапленне Кацярыны Аляксееўны. Букецікі афармляла ў вазачкі і гаршчэчкі. Выходзіла прыгожа, некаторыя прасілі зрабіць у падарунак. А неяк прыйшла новая ідэя. Дачка Кацярыны Аляксееўны купіла на дзень нараджэння сваёй дачцэ шары са святлодыёдамі. Шары лопнулі, а дыёды прапанавалі бабулі прыстасаваць куды-небудзь. І яна прыстасавала. Лямпачкі сталі сярэдзінай кветак. І з букецікаў выйшла незвычайная настольная свяцільня. Першую свяцільню жанчына зрабіла для сярэдняй унучкі.
– Ёй так спадабаўся мой падарунак, яна падскоквала ад радасці, цалавала мяне, а потым у інтэрнаце насілася па пакоях, усім паказвала, – усміхаецца Кацярына Аляксееўна.
Яе незвычайныя свяцільні падабаюцца людзям. А потым у інтэрнэце яна заўважыла, што гэтым захапленнем займаюцца іншыя людзі. Стала прыглядвацца, удасканальвацца. Але цяпер рукадзельніца адзначае, што матэрыялы-зыходнікі для любога захаплення каштуюць не танна, і каб вярнуць затраты на матэрыял, некаторыя работы плануе прадаваць. Для гэтага і прыехала ў райцэнтр, каб аформіць сваё захапленне, як рамесніцтва.

Рукадзелле было заняткам для душы, стала – паратункам
Заўсёды захапленні Кацярыны Аляксееўны былі для яе патрэбай і станам душы. Гэта быў самы салодкі адпачынак, а работы яна падчас свят дарыла калегам, бацькам, прыхаджанам. Але здароўе пахілілася, і цяпер захапленне стала выратаваннем для жанчыны.
– Кручок у руках я ўжо не магу ўтрымаць, але руку трэба распрацоўваць, – кажа Кацярына Аляксееўна. – Цяпер мне перад работай трэба хоць адну кветачку зрабіць. І гэта не дзеля адпачынку, а для таго, каб на рабоце рукой правай магла пісаць.
– Захапленне ратуе ад роспачы?
– Творчасць – выхад. Каб не гэты занятак, не ведаю, што б і рабіла. Калі кручу дрот, пальцы распрацоўваю. Ранак пачынаецца з гэтага і кожны вечар – хоць кветачку. Гэтае захапленне, хто б мог падумаць, стала для мяне вялікай дапамогай у падтрымцы здароўя. Таму ўсім раю, хто мае праблемы са здароўем, не апускаць рукі. Каранавірусам перахварэла двойчы, стамляюся хутка, але занятак свой не кідаю, ён мой і адпачынак.
Усё ў нашым жыцці не выпадкова. І калі ўнукі цікавяцца, як дрот круціць, як тканіну нацягваць, бабулі можна радавацца – не знікне самабытнасць нашага народа. Старэйшая дачка Ганна, маючы залатыя рукі, захапляецца вырабамі для дзяцей і дзяўчат. Яе стыхія – абручы, банцікі, заколкі…
…Неяк у Кацярыны Аляксееўны спыталі, як называюцца яе кветкі-лямпачкі. Яна адказала: «Называюцца – ад чыстага сэрца і ад душы». І яе назвалі фантазёркай. І гэта, на мой погляд, вышэйшая адзнака. Калі адзін выраб робіш, а наступны плануеш, – і хвароба спужаецца, адступіць. А колькі станоўчых эмоцый нясуць гэтыя незвычайныя свяцільні незвычайнай жанчыны, у сэрцы якой многа месца для Бога і прыгажосці, якая ствараецца ўласнымі рукамі.
Валянціна БОБРЫК,
фота аўтара.