Як пазычыць грошы і застацца сябрамі?

Яшчэ Бенджамін Франклін калісьці звяртаў увагу: пазыч грошы сябру – і ты страціш яго. Жыццё гэта толькі пацвярджае; так, у судзе Івацэвіцкага раёна нярэдка разглядаюцца справы, калі ўзнікае «валтузня» паміж сябрамі і знаёмымі, якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў цудоўных адносінах, але, як кажуць, чорт тузануў пазычыць грошай адзін у другога.
Возьмем за прыклад выпадак, што меў месца ў адной з вёсак Дабромысленскага сельсавета. Адзначу, што справа яшчэ не разгледжана, але на канкрэтных эпізодах варта спыніцца асобна і звярнуць увагу на тыповыя памылкі, якія дапускаюць людзі: і той, хто хоча пазычыць, і той, хто пазычае.

Такім чынам, у суд звярнулася пенсіянерка, жыхарка гэтага сельсавета, з заявай, што 1 200 рублёў ёй завінавацілася знаёмая мясцовая жыхарка, шматдзетная маці. Але на першым пасяджэнні адказчыца заяўляе, што, маўляў, насамрэч, я завінавацілася іншую, больш нізкую суму – 470 рублёў. Што, маўляў, гэтая пенсіянерка «дамалявала» суму з дапамогай чарніц, маліны і іншых дароў лесу, саду і агароду, якія яна прыносіла ёй.
Але, прабачце, чаму ў распісцы, якую яна напісала ўласнай рукой, фігуруе сума ў 1 200 рублёў? Тым болей, пенсіянерка сцвярджае, што грашыма і толькі грашыма забяспечыла адказчыцу яна ў свой час, а не «пірагамі, і блінамі, і сушанымі грыбамі», як пісаў для дзяцей у свой час Карней Чукоўскі.
…Ужо паведамлялася не раз: кожная дамова пазыкі, у памеры болей за 10 базавых велічынь (290 рублёў), абавязкова павінна быць складзена ў пісьмовай форме. Дастаткова звычайнай распіскі. Іншымі словамі, чалавек, які згодзен пазычыць грошы, павінен запатрабаваць у асобы, хто пазычае, пісьмовае паведамленне пра пазыку з указаннем сумы, даты і тэрміну вяртання. Гэта будзе адпавядаць нормам грамадзянскага права, стане пацвяр-
джэннем законнасці дамовы пазыкі.

У такім выпадку патрабаванні істца, калі яму не вяртаюць грошы, будуць цалкам абгрунтаванымі. Суд адназначна прыме рашэнне на яго карысць. Але калі няма распіскі, то вы можаце прывесці хоць сотню сведкаў перадачы грошай, тым не меней, суд адмовіць, бо мы не можам спасылац-
ца на вусныя дамовы і абяцанкі…
…Людзі пазычалі і будуць пазычаць грошы адзін у другога. Гэта непазбежна. У тым ліку і буйныя сумы. Так, нядаўна ў судзе Івацэвіцкага раёна разглядалася справа аб пазыцы амаль 40 000 рублёў. Дзякаваць Богу, людзі разабраліся, справа спынена. Але каб не наступіць на вышэйзгаданыя граблі, не саромейцеся складаць дамову пазыкі. І вы застаняцеся сябрамі, а жыццёвае назіранне Бенджаміна Франкліна, з якога я пачаў гэты артыкул, будзе не пра вас.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.