Аляксандр Шымановіч: «Мае пчолы мяне пазнаюць па ўсмешцы»

Добрым пчаляром герою нашай публікацыі дапамагла стаць… цешча

Так, да сваёй жаніцьбы ўраджэнец в. Заполле Быценскага сельсавета і цяперашні жыхар Івацэвічаў Аляксандр Шымановіч пчоламі асабліва не цікавіўся – не было такой традыцыі ў іх сям’і.

А вось у сям’і ягонай жонкі ўсё інакш – знакамітай на ўсе Любішчыцы пчаляркай была нябожчыца цешча Вера Аляксандраўна Бахур, якую Аляксандр паважае, згадвае добрым словам. Менавіта яна зрабіла стаўку на зяця ў справе перадачы вопыту і ведаў у гэтай няпростай справе.
Захапіўся зяць пчалярствам – і так моцна, што на «Івацэвічдрэў», дзе ён працаваў па простай рабочай спецыяльнасці, прапанавалі яму пайсці працаваць пчаляром – буйное прадпрыемства мела сваю пасеку, і патрабаваўся знаўца гэтай справы. Сотні, тысячы салодкіх тон прадукцыі нарыхтаваў за 17 гадоў работы Аляксандр. Але эканамічная палітыка «Івацэвічдрэў» з цягам часу змянілася, ад пчол і пасекі вырашылі адмовіцца. Толькі ці можна адарвацца ад захаплення? Канешне, не. Аляксандр Шымановіч, хаця зараз працуе на іншым прадпрыем-стве, але трымае некалькі дзясяткаў вуллёў пчол, з якімі качуе па Любішчыцкім сельсавеце.
– Сучасны пчаляр – абавязкова качэўнік, – дзеліцца асаблівасцямі свайго захаплення герой нашай публікацыі. – Памятаеце песню: «Мы брадзячыя артысты, мы ў дарозе дзень за днём, і вагончык у полі чыстым…». Гэта ж пра нас, пчаляроў (усміхаецца)! То на поплаў, дзе цвітуць дзікія травы, то да поля сельгаспрадпрыемства, дзе жаўцее рапс або ружавее грэчка, то ў лес, дзе крушына і маліна. А цвіценне ліпы? Яе, дарэчы, многа ў нашых Любішчыцах. Усюды трэба паспець са сваёй крылатай арміяй!
Пчолы, канешне, працавітыя насякомыя, але ж і сярдзітыя. Укусаў, нябось, зведаў Аляксандр нямала? Ці не? Прафесія пчаляра ў чымсьці нагадвае і прафесію дрэсіроўшчыка. Таму адказаў Аляксандру словамі з іншай песні: «Толькі тыгру невядома, што ён дрэсіраваны, таму шрамаў не злічыць у мяне».
– Так, без укусаў не бывае. Учора, да прыкладу, дзве «чмокнулі» ў верхнюю частку твару. Але няма слядоў ніякіх, – можа, яны мяне ласкава кусаюць, – усміхаецца Аляксандр, які, бачна, добра сябруе з гумарам. – Не сакрэт і тое, што ўкусы іх маюць лячэбны эфект; калі баліць спіна, то сам арганізоўваю ўкус пчолкі ў гэтую частку цела… Дадам яшчэ наступнае: я самастойна праводжу племянную работу з пчоламі, вычляняю і пакідаю сабе менш агрэ-сіўныя раі (памятаю, у цешчы быў вулей з такой агрэсіўнай сям’ёй пчол, што да вулля страшна было падыходзіць; асобна з ім працавалі). Многія не ведаюць, але племянная работа для нас руціна. Так, знакаміты пчаляр з Быценшчыны Юрый Савіцкі, зямляк мой, у якога я многаму навучыўся і вучуся, набывае ў Еўропе племянных пчоламатак па цане 170 еўра за адно насякомае.
Пацікавіўся ў Аляксандра наконт таго, ці кожны можа стаць пчаляром? З чаго пачынаць? Мой суразмоўца падкрэслівае, што пчалавод-ства – няпросты занятак, сапраў-дным пчаляром можа стаць далёка не кожны. Бо трэба быць і батанікам, і ветэрынарам, і цесляром. І працаваць трэба круглы год, а не з мая па верасень – прыбіраць за пчоламі, падкормліваць іх, мяняць рамкі, чысціць і рамантаваць вуллі, ператопліваць воск і, зразумела, лячыць пры неабходнасці. Калі жадаеце пачаць, то пачынайце з малога – не болей пяці вуллёў. Пчалярства любіць цярплівых, бо кожны год непадобны на папярэдні. Узяць, да прыкладу, бягучы год: пачатак – добры, чэрвень парадаваў салодкім прадуктам, але калі прыйшла спёка, то справы пагоршыліся значна. Многія пчаляры скардзяцца і бядуюць.
Ці перадае дзецям свае навыкі? Аляксандр не можа адказаць адназначна, кажа, што час пакажа. Хаця старэйшы сын Дзмітрый вызначаецца стараннасцю і ўмельствам, мёд выкочвае з такой хуткасцю, што і бацька не паспявае. І малодшы Сяргей таксама з задавальненнем займаецца гэтай справай, але ці пранікнуцца яны ёй на ўсё жыццё, бы баць-
ка, – тут ужо час пакажа…
Калі казаць пра карысць мёду для здароўя, то Аляксандр асабліва падкрэслівае, што ў наш час любы чалавек рэгулярна «ловіць» стрэсы, пакутуе на нервовыя расстройства. У падобнай сітуацыі трэба не ў аптэку за лекамі бегаць, а спажываць мёд – гэта натуральна, карысна, мае цудоўны заспакаяльны эфект! «Калі ў мяне стрэс, цяжка на душы, то дастаткова прыехаць на пасеку, пасядзець 10-15 мінут – і спакой вяртаецца».

Як справы мядовыя?
Ці шчыра працавалі пчолы?
Сярэдзіна жніўня – перыяд, калі пчаляры падводзяць вынікі мядовага сезона. Доўжыцца, як бачыце, ён нядоўга – толькі каля трох месяцаў працуе пчала, каб забяспечыць смачным нектарам вуллі і нас, людзей, забяспечыць мёдам… Дзейнасць маленькага насякомага праходзіць у «цэху пад адкрытым небам», як кажуць пра сельскую гаспадарку. Іншымі словамі, «ураджайнасць» пчол таксама моцна залежаць ад прыродных калізій.
Наколькі ўдалым быў сезон 2021 года для пчаляроў раёна? Супрацоўнік «ІВ» звярнуўся з такім пытаннем да людзей, хто апошнія тры месяцы гаспадарыў на пасеках.
Аляксандр Крамянка, Мілейкаўскі сельсавет:
– Пастаўлю 2021 году «чацвёрку» па пяцібальнай сістэме. Крыху падвёў май, бо быў зацяжны, халодны. Сапраўднае цяпло не спяшалася, травастой развіваўся марудна, пара цвіцення ўсё адсоўвалася… Пасля загуло-зашумела, і справы пайшлі на добры лад. Пчаляр змог адыграцца ў чэрвені. Хаця потым прыйшла моцная засуха, якая не спрыяла ўзяткам, бо пчала ў спякоту «гуляе ў карты», як мы звычайна жартуем. Калі на вуліцы +35, канцэнтрацыя нектару павышаецца, ён становіцца густым, і пчала да 10-11 гадзін працуе, а пасля ёй ужо няма што рабіць – высыхае ўсё!
Іван Корзан, Святавольскі сельсавет:
– Няма чаго скардзіцца: 2021 год для пчаляра выдаўся добрым, мёду я атрымаў больш, чым звычайна. Па дзесяцібальнай сістэме пастаўлю «дзевяць». Дружна цвілі сады, рапс стартаваў няблага. Аграномы ААТ «Святая Воля» і ААТ «Аброўскі» апрацоўвалі агракультуры ноччу – пчолы мае не пацярпелі. Маліна і крушына актыўна цвілі, пасля парадавала грэчка. Канешне, моцная засуха, калі тэмпература
ўздымалася да +35, крыху зашкодзіла, бо культуры не выдзяляюць у такіх умовах нектар, але ж лета рэдка бывае без анамалій; не магу сказаць, што гэта моцна ўдарыла па зборы.
Віктар Журко, Даманаўскі сельсавет:
– Пачатак мядовага сезона быў проста цудоўны, думалася, што гэты год будзе рэкордным. Але пасля прыйшла спякота – і справы пагоршыліся значна. Пастаўлю 2021-му году «чатыры з мінусам». У нас тут, на зямлі даманаўскай, мясцовасць больш высокая; мы асабліва зацікаўленыя ў дажджах, у адрозненні ад Целяханшчыны, дзе ў нізінах вільгаць даўжэй захоўваецца і не так хутка ўсё высыхае. У пяць гадзін пчолы працуюць, а праз пару гадзін – «забастоўка». Зараз пахаладала – і яны, дзякуй Богу, ажывіліся.
Святлана Галыга, пчаляр Івацэвіцкага лясгаса (Жытлінскае лясніцтва):
– Пачатак салодкага сезона быў і вельмі някепскім, тады думалася, што мёду нарыхтую многа. Але спякота парушыла ўсе планы, бо нектар і тэмпература каля +35 градусаў – рэчы несумяшчальныя. Магчыма, таму пчаляру, хто трымаў вуллі ў нізінах, у поймах вадаёмаў, балот, дзе не так хутка ўзнімаецца тэмпература, удалося нарыхтаваць на гарчычніку, бадзяку, дзядоўніку някепскія аб’ёмы. У нас не ўсё так радасна: у бягучым годзе нарыхтавалі мёду на ўзроўні мінулага. У цэлым, адыходзячаму сезону пастаўлю адзнаку «чатыры з мінусам».

14 жніўня – Мядовы Спас
Цікавае пра свята: у гэты дзень трымаць сябе трэба ціха 
1. Мядовы Спас супадае з пачаткам Успенскага посту. У гэты дзень нельга шумна святкаваць, гучна размаўляць. Трэба цішэй сябе трымаць – тым хутчэй душа ачысціцца!
2. Пасля 14 жніўня пераставалі купацца ў азёрах, рэках. Славяне лічылі, што ў сярэдзіны жніўня вада становіцца па-сапраўднаму халоднай, можна прастудзіцца. Разам з тым, менавіта ў гэты дзень прынята асвячаць новыя калодзежы і чысціць старыя.
3. У Мядовы Спас прынята было збіраць не толькі мёд, але і мак. Гатавалі з яго святочныя прысмакі, а таксама абярэгі ад сурокаў і псоты.
4. Дамашнія работы і работы ў полі, у цэлым, адмяняліся. Усе хадзілі ў госці, віншавалі, частавалі адзін аднаго. Пры гэтым мяса, тлустая ежа, алкаголь выключаліся, але шырока ўжывалася выпечка, поснае пячэнне, якое зверху палівалі мёдам.
5. Вечарам сям’я збіралася за вялікім сталом і ціха дзякавала Богу за ежу. Вячэра пачыналася з ложкі мёду, перад яго ўжываннем загадвалі жаданне, якое, лічылі продкі, збываецца.