Рамонт моста праз Грыўду за Любішчыцамі падыходзіць да завяршэння. Якім ён стане?

Гэты мост праз Грыўду пабудавалі напачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя – каля 70 гадоў назад. Увесь гэты час ён, як кажуць, верай і праўдай служыў людзям…

Хаця, па вялікім рахунку, гэты мост не быў разлічаны на тыя нагрузкі, якія леглі на яго ў апошнія дзесяцігоддзі, калі цяжкагрузныя аўтамабілі ў некалькі дзясяткаў тон сталі непазбежнай часткай дэкарацыі нашых аўтадарог.
А пытанні бяспекі? Ці можа веласіпедыст ці пешаход адчуваць сябе ўпэўнена, пераадольваючы падобнае збудаванне, калі яго шырыня толькі 6 метраў 70 сантыметраў і тут рухаюцца аўтамабілі ў два бакі? Нядзіўна, што пасля таго, як быў завершаны рамонт панкоўскага моста, будаўнікі прыняліся за работу на падобным аб’екце ўжо за вёскай Любішчыцы. Якой стане шырыня збудавання пасля рамонту – такім было маё першае пытанне да Юрыя Ведзянеева, старшага майстра філіяла МСУ №3 ААТ «Мостабуд» г. Баранавічы; менавіта гэтае прадпрыемства праводзіць тут рамонтныя работы:
– Шырыня пралётнага збудавання, праезнай часткі для аўтамабіляў павялічыцца да 10 метраў. Але гэта не ўсё: для павышэння ўзроўню бяспекі тут таксама з’явяцца пешаходныя і веласіпедныя дарожкі – і агульны габарыт моста складзе прыкладна 14 метраў. Дадам, што пакрыццё моста не будзе мець дэфармацыйных швоў – адзіная маналітная жалезабетонная накладная пліта разам з тратуарамі накрые нясучыя канструкцыі. Рамонт дзеючых апор моста праводзіцца шляхам устаноўкі абароннай маналітнай «кашулі», якія арміравалася і бетанавалася. Аснова апор умацоўваецца каменнем; нарматыўная нагрузка на аб’ект узрасце.

Мостабудаўнікі ўстанавілі новыя бэлькі і апоры – для павышэння бяспекі збудавання, зараз вядзецца ўстаноўка парэнчаў. Па словах Юрыя Ведзянеева, у верасні, прыкладна праз месяц, абноўлены аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).