У кагорту нашых мясцовых мастакоў дадалося: знаёмцеся з творчасцю Наталлі Гардзіеўскай

«Я гэтым дыхаю, я гэтым жыву…» – такія адносіны да творчасці ў мастачкі Наталлі Гардзіеўскай, прэзентацыя карцін якой «Прырода ў маёй душы» ў ліпені прайшла ў рамках праекта «Арт-дэбют» у Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Пачалося ўсё з коней
Любоў да мастацтва ў Наталлі ад бацькі – Аляксандра Ранчынскага, які добра маляваў, хаця ўсё жыццё працаваў на заводзе калійных удабрэнняў у Салігорску, куды яны сям’ёй пераехалі са сталіцы. Ужо будучы дарослай, Наталля Аляксандраўна высвятляла пра свой радавод. Дык вось, Ранчынскія былі сялянамі сярэдняй рукі, нават трымалі сваіх коней, быў млын…
Наталля з цеплынёй успамінала, што ў дзяцінстве над яе ложкам вісеў плакат з выявай каня: на чорным фоне гняды рысак. «Прачнуўшыся, кожную раніцу я з замілаваннем глядзела на гэты здымак, адчуваючы быццам нейкую моц, якая сыхо-дзіла ад рэпрадукцыі», – дзялілася ўспамінамі пры сустрэчы Наталля Гардзіеўская.
На жаль, бацькі даўно не стала. Але сюжэт пра коней адным з першых знайшоў адлюстраванне ў яе творчасці.
Першае працоўнае месца стала лёсам
19-гадовай дзяўчынай маладая настаўніца пачатковых класаў Наталля Аляксандраўна, выпускніца Баранавіцкага педвучылішча, прыехала пасля размеркавання ў Зеленаборскую школу. І маляванне, канешне, суправаджала ў працоўнай дзейнасці: і ўрокі рысавання сама выкладала, і гурткі вяла. Гурток маладой настаўніцы па маляванні выклікаў сярод дзяцей надзвычайную цікаўнасць, нават хлопцы-старшакласнікі пазапісваліся, хоць іх цікавіла больш сама маладая настаўніца.
Але лёсам Наталлі стаў хлопец Віталь Гардзіеўскі са Скуратоў, за якога яна і выйшла замуж амаль 30 гадоў таму. У Гардзіеўскіх двое дарослых сыноў. Малодшы – матчын дарадца наконт творчасці, ён яшчэ вучыцца ва ўніверсітэце ў Брэсце, дзе вучылася раней і сама Наталля.

«Колькі сябе памятаю – столькі малюю»
Тры гады таму маляванне з катэгорыі хобі стала стылем і сэнсам жыцця. Асэн-саванне таго, што калі Бог надзяліў талентам, дык яго не трэба хаваць, а трэба падзяліцца са светам, прыйшло выпадкова. У інтэрнэце Наталля натрапіла на відэа пра маладую мастачку і яе шматгадовыя спробы трапіць вучыцца ў Акадэмію мастацтва. Нягледзячы на «бяздарнасць», па ацэнках многіх прафесараў, дзяўчына ўпарта ішла да сваёй мэты. І цяпер яна – вядомая мастачка. Наталлю ўразіла гэта гісторыя, і яна вырашыла для сябе развіваць свой талент і дзяліцца ім з людзьмі.
Пачынала з акварэлі, гуашы на кавалачку ДВП. Аднак асабліва ўпадабала пісаць алеем. Канешне, гэты від мастацтва патрабуе грошай: фарбы і растваральнік не з дзяшовых. Спачатку пісала трыма колерамі: чырвоным, жоўтым і сінім – як асноўнымі. З дапамогай гэтых колераў дабівалася карычневай гамы першай карціны з выявай гор. Карпатлівая праца над дакладнасцю адценняў гартавала характар і нервы: часта хацелася кінуць пачатае, аднак здавацца – не ўласціва Наталлі Гар-дзіеўскай. З цягам часу алей паддаўся мастачцы і нават спадабаўся ёй: гэтак карціны атрымліваюцца больш рэалістычнымі.
Карціны – гэта калейдаскоп эмоцый, эйфарыя ад працэсу стварэння, так лічыць мая суразмоўца. Напрыклад, напярэдадні сустрэчы на напісанне новага пейзажу затраціла амаль цэлы дзень, з 10 раніцы да шасці вечара. Стамілася, балела галава ад растваральніку, але была шчаслівая, што займалася любімай справай. Увогуле, карціны ствараюцца па-рознаму: ад месяца да года. З-пад пэндзля Наталлі Гардзіеў-
скай нарадзілася ўжо больш за 50 карцін.
На прэзентацыі госці пыталіся ў мастачкі наконт сваёй студыі. Студыі пакуль няма, пад творчасць у кватэры прызначаны зальны пакой: там прасторна, дзённы свет лепш пранікае, ёсць дадатковае асвятленне, стаяць падрамнікі. Прыемна, што падрамнікі і мальберт (нават і пяці вучаніцам Наталлі) зроблены ўмелымі мужавымі рукамі. Гэта своеасаблівае нягучнае мужчынскае прызнанне таленту жонкі. І тое, што ён падтрымліваў яе на адкрыцці прэзентацыі карцін, яшчэ раз таму доказам.

Цяпер і выкладчык Дзіцячай школы мастацтваў
З 2020-2021 навучальнага года Наталля Аляксандраўна сумяшчае работу ў агульнаадукацыйнай школе з работай у Дзіцячай школе мастацтваў г. Косава.
Канешне, вопыт выкладчыка дадатковай адукацыі ў яе вялікі – ужо 30 гадоў існуе аб’яднанне па інтарэсах «Чарадзейная палітра». Дзеці гэтага аб’яднання станавіліся неаднаразова прызёрамі розных конкурсаў. Аднак тут зусім другі ўзровень: тут вывучаюцца мастацкія прадметы, здаюцца экзамены, праводзяцца пленэры. Ды і рысаваць патрэбна не ў альбоме, а на паперы вялікага фармату, спрабуючы данесці свайму гледачу аўтарскі настрой, любоў да роднай старонкі ці эмоцыі ад убачанага.
З незвычайнай любоўю расказвала Наталля Аляксандраўна пра сваіх вучаніц: «Мае дзяўчынкі – проста малайцы. Імкнуся данесці да іх: чым больш сваёй працы яны заложаць у карціну, тым лепшым будзе вынік. Без уседлівасці і таленту цяжка».

Першая прэзентацыя. З пачынам!
Калі б гадоў дзесяць, ды нават і пяць таму, хтосьці сказаў Наталлі, што хутка будзе ладзіцца выстаўка яе карцін, ды не ў школе, а ў музеі, яна б тады і сама не паверыла. Не задумвала яна пра гэта, бо жыццё падкідвала выпрабаванняў…
З выстаўкай дапамагла адна выпадковая сустрэча ў цягніку. Ехала Наталля ў сталіцу, разгаварылася з суседкай побач, якая аказалася загадчыцай клуба ў тым жа Зялёным Бару. Наталля напярэдадні закончыла працу над чарговай карцінай, на эмоцыях падзялілася гэтым, паказала выявы карцін. А жанчына прапанавала ёй не хаваць свой талент, а сама паабяцала расказаць аб творчасці Наталлі дырэктару Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раісе Іванаўне Горбач.
З той сустрэчы прайшоў год. І вось гэтай вясной раздаўся тэлефонны званок ад Раісы Іванаўны, якая хацела пабачыць карціны пакуль невядомай мастачкі на свае вочы. А ў ліпені ўжо ладзілася прэзентацыя яе карцін.
На сваю выстаўку Наталля Гардзіеў-ская прадставіла 32 карціны: гэта мясцовыя пейзажы, дзе зеленаборцы пазнаюць возера Швейкіна ды сцяжынку да Няхачава. Ёсць горныя і марскія замалёўкі прыроды і, несумненна, прыгажуны-коні. Новая тэма для мастачкі – кветкі: півоні, хрызантэмы, архідэі…
Наведвальнікі выстаўкі, па словах Марыны Голуб, навуковага супрацоўніка музея, адзначаюць станоўчую і светлую энергетыку ад карцін. Сшытак з водгукамі таму пацвярджэнне: «Благодарю за эстетическое наслаждение от Ваших картин», «Восхищаюсь», «Вам удалось раскрыть красоту простых и таких теплых пейзажей родного города»…
Сярод карцін ёсць і іконы. За дазволам і блаславеннем іх напісання Наталля Аляксандраўна звярталася да айца Аляксандра з Гошчаўскага храма.
…На той момант у мастачкі існавалі сур’ёзныя праблемы са здароўем, і ў гэты час менавіта творчасць выратоўвала ад думак, здагадак, прагнозаў. Тады і напісаліся дзве іконы, якія Наталля перадала храму. Але ў пакоі, дзе яны знаходзіліся, стала быццам чагосьці не хапаць. І Наталля напісала яшчэ дзве (яны ёсць на выстаўцы), толькі меншыя па памеры. Дзякуй Богу, са здароўем усё наладзілася. І значыць, пэндзлі ў яе руках будуць напаўняць жыццём белыя чыстыя палотны.

– Музейны праект «Арт-дэбют. Невядомыя імёны» існуе з 2015 года. У рамках гэтага праекта нам хочацца пазнаёміць нашых наведвальнікаў з самадзейнымі мастакамі і рамеснікамі, якія дагэтуль ні разу не выстаўляліся ў музейных залах. Гэта творчыя асобы як з нашага раёна, так і з-за яго межаў. У іх, канешне, маглі ладзіцца прэзентацыі работ у школах, на раённых святах, аднак персанальных выставак на музейных плошчах не было, – дзеліцца з намі дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач. – Многія ж напачатку ствараюць для душы і самі не адчуваюць, што сабралася ўжо цэлая калекцыя, і ёй, сваімі эмоцыямі на палотнах, сваёй творчасцю прыйшоў час падзяліцца з іншымі. Бо талент даецца аднаму чалавеку, каб праз яго ўсе вакол змаглі дакрануцца да прыгажосці. Вось для гэтага і павінны працаваць такія пляцоўкі. Тым больш, што ў нашага музея ёсць такія магчымасці. На дадзены момант у нашым раёне мне вядомы дзевяць мастакоў і мастачак. Дык вось пра іх творчасць хочацца расказаць людзям.
Што тычыцца карцін Наталлі Гардзіеўскай, яны для мяне маюць адну адметную рысу – ва ўсіх іх дамінуе блакітны колер, і ён настолькі розны – ад светлых адценняў да сінявы. І несумненна, не могуць пакінуць раўнадушнымі карціны з выявай коней: яны быццам адушаўлёныя, глядзіш на іх і адчуваеш прысутнасць душы гэтых высакародных жывёл. Радуе, што ў кагорту нашых мясцовых мастакоў дадалося…

Мастачка пра творчасць:
«Мастацкая творчасць прымушае быццам шырэй раскрываць вочы, душу і розум у любым узросце: нават свет вы пачынаеце бачыць па-іншаму. Вы глядзіце на дрэва і назіраеце: там святло і цень па-асабліваму леглі, там адценне незвычайнае, там кампазіцыя цікавая… Маляваць – гэта, у першую чаргу, думаць. Калі я ўшчыльную і прафесійна занялася творчасцю, я стала з лёгкасцю вершы завучваць на памяць. Імкнуся запомніць кожны дзень, бо не так важна, колькі чалавек пражыў, важна, колькі са свайго жыцця дзён ён запомніў. Калі дзень прайшоў шэра, лічы, што ён прапаў. І такія запамінальныя эмоцыі, з якімі не губляецца дзень, мне дорыць мая творчасць. Псіхолагі сцвярджаюць, што чалавек, ствараючы карціну, знаходзіцца паміж рэальнасцю і сном. Раней мне не надта камфортна было працаваць у цішыні, уключала сімфанічную музыку, слухала аўдыёкнігі. А цяпер ад працы ў цішыні, сам насам з творчасцю атрымліваю асалоду».

Марыя Сазонава, фота аўтара.