Работнікі заказніка «Выганашчанскае» перамаглі на «Спораўскіх сенакосах»

На плошчах Рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» прайшоў 14-ты традыцыйны фестываль «Спораўскія сенакосы», у рамках якога праведзены папулярныя і любімыя спаборніцтвы па ручным сенакашэнні, «Футбол на балоце» і іншыя.
Колькасць удзельнікаў штогод пашыраецца, сёлета тут спаборнічалі 22 каманды, у асноўным з Брэстчыны. Адзін з удзельнікаў – калектыў ДПУ «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае», у складзе якога тры касцы – Сяргей Габец, Валерый Гайко, Аляксандр Іваноў. Каманда заказніка штогод бярэ ўдзел у першынстве, аднойчы нават займала трэцяе месца (тады ўдзельнікаў было менш), а на гэты раз нашы землякі здзівілі ўсіх – атрымалі перамогу, занялі першае месца!
Дзе так касіць навучыліся, пацікавіўся ў дырэктара заказніка Сяргея Габца:
– Гэтая работа нам добра знаёмая, мы абкошваем аб’екты і маршруты заказніка. Каса – звыклы інструмент, таму, як толькі прагучаў сігнал на конкурсе, сталі махаць косамі, кладучы пакос за пакосам. За намі ніхто не ўгнаўся на дыстанцыі…
Кожны з пераможцаў атрымаў грашовы прыз – 300 рублёў, уручэнне праводзіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, які, дарэчы, і сам пасля ўзяў касу і стаў касіць, здзіўляючы прысутных тым, наколькі чыста ён гэта робіць.