Як Горталь святкаваў сваё 460-годдзе

Мне сніўся сон. Напярэдадні свята. Дзяўчаткам вясковым, якія паводзілі сябе не вельмі, я кажу: «Як так?! Вы ж з Горталя, дзяўчынкі. І павінны зразумець: калі з Горталя, то павінны быць самымі лепшымі». Калі сняцца дзяўчынкі, то ведай, нейкае дзіва чакае. І сапраўды, дзіву было месца на свяце вёскі, якое супала з Мядовым Спасам.
Вёска гудзела, як вулей, сабраўшы пад крылом Гортальскага СДК жыхароў, выхадцаў, гасцей з розных канцоў Беларусі.

Крыніца дабрыні
Колькі гадоў таму з Горталя пачынаўся дабрачынны збор сродкаў на прафесійны баян для Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў. Дарэчы, таленавіты педагог гэтай школы Анжаліка Тысевіч родам з Горталя, і бліскучае выступленне студэнта, баяніста з Целяхан, выхаванца і выпускніка Анжалікі Алегаўны Глеба Рэзановіча было ўспрынята «на ўра». На дабрачынныя сродкі была пабудавана царква ў Горталі, якая цяпер з’яўляецца духоўным цэнтрам і галоўным упрыгожаннем вёскі. Клопат аб добраўпарадкаванні помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, з’яўленне помніка рускім салдатам Першай сусветнай – гэта толькі адзінкі з шэрагу добрых спраў, у вытоках якіх – людская дабрачыннасць.

Стараста і яе каманда
Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік сярод іншых дзякавала і ўручала грамату на свяце старасце вёскі Валянціне Якімовіч, без удзелу якой не адбываецца ніводная падзея на сяле. Яна мае падыход да ўсіх вяскоўцаў і ўмомант можа арганізаваць людзей. І яны яе паважаюць, як мурашы, шчыруюць на суботніках, хоць іншы раз ледзь ходзіцца, а адмовіць старасце – ні-ні.
Таму самай доўгай віншавальнай старонкай было ўзнагароджванне актывістаў. На сцэну запрашаліся Іван Марчук, Георгій Купрыянчык, Аляксей Юнчык, Мікалай Якімовіч, Іван Багдановіч, Уладзімір Маркаў, Уладзімір Крываль, Аляксей Канановіч, Дзмітрый Куцко, Аляксей Дзягцярык, Іосіф Якімовіч.
Каманду «піянерак-пенсіянерак» старасты складаюць Валянціна Куратнік, Антаніна Латышэвіч, Надзея Струнеўская, Аляксандра Куратнік, Ганна Мялік, Вера Юнчык, Любоў Дзягцярык, Ганна Віктаровіч, Святлана Фядковіч, Антаніна Мялік, Галіна Барсук, Ніна Дзягцярык, Зінаіда Мялік, Надзея Канановіч, Галіна Місюра, Марыя Якімовіч, Марыя Фядковіч.

Шматдзетныя – шчаслівыя
Горталь заўсёды славіўся шматдзетнымі сем’ямі. Аўтар радкоў таксама з такой, і сем’і сваякоў таксама былі шматдзетныя. Так што ў Горталі кроку не ступіш – усюды радня. Сёння тут налічваецца 18 сем’яў, дзе выхоўваецца трое і больш непаўналетніх дзяцей. У трох сем’ях: Аляксея і Тамары Галавачоў, Ніны і Дзмітрыя Дзягцярыкаў, Наталлі і Дзмітрыя Мялікаў – гадуецца пяцёра і больш дзетак. У школе вучыцца 128 вучняў, а дзіцячы садок наведваюць 24 дзіцяці.
На здымку – шматдзетныя матулі з Горталя пасля ўзнагароджвання.

«Гарталянка»
Таленты, заўважу, таксама перадаюцца ў спадчыну. Калі аўтар радкоў хадзіла ў клуб на танцы, то дыскатэка заўсёды ішла пад жывую музыку. У інструментальным ансамблі было тры таленавітыя салісты. Старэйшае пакаленне захаплялася спевамі знакамітай «Гарталянкі», брэндам якой была песня «Гады маладыя». Цяпер тут створаны дзіцячы калектыў «Гарталяначка» і славіцца на ўвесь раён ансамбль «Ліра». Дырэктар Гортальскага СДК Аляксандра Капыціч і мастацкі кіраўнік Людміла Мялік разам з самадзейнымі артыстамі ўкладваюць душу ў творчасць. Спецыяльна да свята вышылі сабе і мужчынам кашулі, і рэпертуар падабраць змаглі так, што раўнадушных на свяце не было.

Многія гортальцы паднімаліся на сцэну, каб атрымаць падзякі з рук старшыні Целяханскага сельвыканкама Аксаны Мялік за сваю нераўнадушнасць, адданасць малой радзіме, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Сярод іх і Георгій Купрыянчык.

Жыццё як ёсць
Дзівам і гонарам свята стала прэзентацыя кнігі Сяргея Канановіча «Жыццё як ёсць». Гадоў колькі таму, як з’явілася кніга «Мае Целяханы» Таццяны Цыркуновай, стала марыцца, каб кнігу напісаць аб родным Горталі. Вёска вялікая, пражывае тут больш за 800 чалавек, і славіцца людзьмі працавітымі, шматдзетнымі і таленавітымі. І Сяргей Іванавіч гэтую звышзадачу выканаў на выдатна. У кнізе сабраны нататкі аб некалішнім вясковым жыцці, аб жыхарах вёскі, захапленні аўтара пчоламі, паляваннем і рабоце ў органах унутраных спраў. Кніга напісана жывой мовай, што ў выдавецтве зачытваліся, рыхтуючы яе да друку. Жонка Аляксандра Іосіфаўна цяпер з гумарам кажа, што зімой у хаце былі «немцы», тэлевізар яна магла глядзець, але без гуку, бо муж пісаў кнігу! Першы экзэмпляр кнігі аўтар падарыў старасце вёскі Валянціне Якімовіч.
Дочкі Валянціна і Ларыса ўзрушана казалі, што не чакалі ад бацькі, з якім усё дзяцінства выхадзілі на «ціхае паляванне», што ён здатны яшчэ і да пісьменніцтва. А старэйшая ўнучка Сняжана спецыяльна да прэзентацыі спякла торт, на якім красаваўся надпіс «Жыццё як ёсць».
Сяргей Іванавіч з жонкай ушаноўваліся на свяце як самая сталая сямейная пара – разам пражылі 63 гады. Цудоўна пражылі, у згодзе, дабрыні – усё папалам, і ў сапраўдным каханні. Сям’я, з якой браць і браць усім прыклад.

Пчаляры і гаспадары
Гаспадарак у вёсцы 297. Хаты і падворкі дагледжаныя. Называлася ажно 23 прозвішчы гаспадароў лепшых сядзіб. Радуе, што ёсць тут маладыя сем’і, якія трымаюць па дзве і больш кароў і цялушак – іх шэсць.
Ганарыцца Горталь перадавікамі мясцовай гаспадаркі ААТ «Горталь», якая з году ў год умацоўвае свае пазіцыі ў раёне. Многія з іх родам з Горталя, з сем’яў дынастый трактарыстаў, даярак, паляводаў.
Славіцца Горталь і пчалярамі. Першы з іх Сяргей Канановіч. Даўно і ўдала займаюцца пчалярствам Міхаіл Якімовіч (на здымку), Мікалай Гапонік, Іван Багдановіч, Уладзімір Крываль, Мікалай Мароз. І на Мядовы Спас свяцілі вяскоўцы мёд сваіх мясцовых пчаляроў.

Парадавалі госці…
Выступалі на свяце вёскі і госці з Целяханскага ЦКіВЧ, Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў, Вулька-Целяханскага СК, Руднянскага СК, і нават з Івацэвіч прыехалі запальваць публіку імпэтныя «Сяброўкі».

Паэтка Людміла Мілеўская
Актыўная і заўсёды пазітыўная гортальская паэтка, у мінулым настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Людміла Мілеўская. Яе талентам пісаць вершы карыстаюцца вяскоўцы. Каму віншаванку трэба – такую, каб ні ў каго не было, звяртаюцца да яе. Яна ж прысвяціла не адзін верш Горталю – вёсцы, у якой пражыла амаль сорак гадоў і якая стала роднай за гэты час. На свяце Людміла Міхайлаўна ззяла вышываным гладдзю касцюмам, кветкі на якім палымнеюць дзякуючы яшчэ матчыным рукам. Гортальская бібліятэка падрыхтавала да свята стэнд з чатырохрадкоўямі Людмілы Мілеўскай і фатаграфіямі з жыцця вёскі.

Родныя краявіды ад юных мастакоў
Прыцягвала ўвагу жыхароў выстаўка работ народных майстроў па вышыўцы, вязанні кручком, бісерапляценні… Імі таксама ганарыцца зроду Горталь. Але ж і мастакі ў Горталі жывуць. Вольга Крэнь, выкладчык Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў, выхадзец з вёскі, парадавала выстаўкай сваіх карцін і карцін сваіх юных выхаванцаў: Вікторыі Фядковіч, Арыны Грэчнай і Мікіты Якімовіча.

За кадрам
Многае засталося за кадрам. Адзначу толькі, што з павагай адносяцца ў Горталі да старажылаў, якім мудрасці не займаць, да тых, хто склаў галаву на полі бою, да вясельных юбіляраў, да ўсіх жыхароў, вялікіх і малых. Усё было прадумана для людзей: працаваў гандаль, было чым паласавацца дзятве і дзе паскакаць, былі падарункі і граматы, кветкі і караваі. Усю глыбіню гасціннасці, дружнасці і сардэчнасці, якая пануе ў гэтым краі, не перадаць у здымках. Рада і я была пабачыцца на дагледжаных могілках з бацькамі, а на свяце – з аднакласнікамі, якіх не сустракала амаль са школьнай парты, са сваякамі і проста з любімымі гортальцамі. Радавалі і дзіцячыя твары ў абдымках бабуль і бацькоў. Два буслы на двух комінах старой хаты пакінулі надзею – Горталю жыць і квітнець. Няхай яны прыносяць дзяцей, і ў кожнай хаце хай нараджаецца новае жыццё.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.