«Быць старастам – значыць, многае браць на свае плечы», – лічыць стараста прыгараднай вёскі Яглевічы Віктар Сарока

Нягледзячы на тое, што мужчына не мясцовы, родам ён з Гічыц, Яглевічы яму не абыякавыя даўно. У Яглевічах Віктар Віктаравіч тады працаваў інжынерам-будаўніком у мясцовай гаспадарцы, тут ён спаткаў будучую жонку і пусціў карані. Жыў сем гадоў з цешчай і будаваў сваімі рукамі хату.

Па характары спакойны, ураўнаважаны і нешматслоўны, але калі браўся за дзела, то даводзіў яго да канца заў-сёды, як па-сапраўднаму гаспадарлівы чалавек, да ўсяго ў яго была справа. Гэта не засталося не заўважаным мясцовымі людзьмі, якія выбіралі яго ажно сем скліканняў запар дэпутатам Яглевіцкага сельскага Савета дэпутатаў, а як утварыўся ў краіне інстытут мясцовага самакіравання – старастам вёскі. І на гэтай грамадскай пасадзе з першых дзён Віктар Сарока пачаў праяўляць ініцыятыву, стаў асноўным звязваючым звяном у рабоце Яглевіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў з жыхарамі вёскі.
Першай яго значнай справай у якасці старасты было навядзенне парадку на вясковых могілках. Таполі састарэлі і пагражалі бядою. Вось тады ўзяўся за справу малады стараста і арганізаваў у выхадныя мясцовых лю-дзей, сваю брыгаду з хлопцаў, з якімі працаваў поруч. Вяскоўцы тады ішлі ахвотна на кантакт, любую ініцыятыву падтрымлівалі і працавалі грамадою. Умомант паспілоўвалі старое, прыбралі галлё і павыкошвалі тэрыторыю. Потым грамадою паставілі новы плот на месцы спачыну продкаў. Узяліся за добраўпарадкаванне вясковых вуліц. Стараста асабіста кантраляваў, як вя-дзецца грэйдзіраванне вуліц з гравійным пакрыццём, як чысцяцца вуліцы ад снегу, як узнаўляецца пакрыццё на іх пасля пракладкі сетак водазабеспячэння, каналізацыі і газазабеспячэння. Акрамя таго, ён узяў на сябе арганізацыйную частку па падрыхтоўцы шэрагу дакументаў для пракладкі ў Яглевічах цэнтральнай каналізацыі па вуліцах і некаторых правулках. Усяго цяпер не пералічыць і не ўспомніць, але ўсё, за што б ні браўся сціплы і адказны Віктар Віктаравіч, рабіў добрасумленна, на вякі. І вельмі прыемна, калі старанні такіх людзей заўважаюць, бо працуюць яны, практычна, на добраахвотнай аснове, таму трэба іх заахвочваць і падтрымліваць. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і памятнымі падарункамі не толькі сельвыканкамам, а і Івацэвіцкім раённым Саветам дэпутатаў. Не раз прызнаваўся лепшым старастам сельсавета.
А нядаўна стараста вёскі Яглевічы Віктар Сарока быў узнагаро-
джаны Дыпломам пераможцы абласнога конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва за 2020 год. Ён заняў другое месца па групе «Аднаасобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання – старасты» і за прэмію, уручаную ва ўрачыстай абстаноўцы, плануе паехаць паправіць здароўе ў санаторый.
У Яглевічах 602 гаспадаркі, пражывае 1401 чалавек. Стараста ведае ўсё пра вёску, ведае добра і людзей. А жывуць тут прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, шмат прыезджых, як кажуць, зборная Савецкага Саюза.

Па сціпласці многае ў вясковых справах Віктар Сарока бярэ на свае плечы. Вось і апошняя – адкрыццё дзіцячай пляцоўкі – стала магчымым, дзякуючы яго ініцыятыве і рукам, якія ён шчыра прыклаў у кожныя арэлі, альтанку, лавачку, масток і пясочніцу… Атрымалася прыгожа, яшчэ горку набылі, і стала яшчэ ўтульней. Яму дапамагалі ў будаўніцтве пляцоўкі не ўсе аднавяскоўцы, але стараста не крыўдуе. У вёсцы засталіся жыць яго дзеці, сын жыве побач, а дачка хату пабудавала насупраць бацькоўскай. Падрастаюць унукі, старэйшая ўнучка ў школу сёлета пойдзе. Ім, і іншым вясковым дзецям з маладымі мамамі цяпер ёсць дзе адпачыць.
– Уздоўж агароджы мы пасадзілі ялінкі, паліваем, каб прыжыліся. Як плот аджыве сваё, будзе жывая зялёная агароджа для дзіцячай пляцоўкі, – кажа стараста.
Ён перажывае за будучае вёскі, душа баліць, што мала нараджаюць цяпер дзяцей, а вёска прыгожая, добраўпарадкаваная, чаму не жыць, калі ёсць усе гарадскія выгоды. Прыгожую і цікавую дзіцячую пляцоўку абсталяваў айцец Віталій на тэрыторыі храма, у школе ёсць дзіцячая пляцоўка, і яшчэ на адной вуліцы… Бацюшкам будуецца ня-дзельная школа, прасторная, светлая, пасаджаны малады сад – толькі нараджай! Але маладыя не спяшаюцца…
Многія жыхары Яглевічаў маюць уласную падсобную гаспадарку, трымаюць кароў, свіней, коз, авечак, курэй. Стараста з’яўляецца старшынёй камісіі па выдзяленні лю-
дзям зямельных участкаў для пасадкі бульбы і іншай гародніны, сенакосу і пашы. І дагадзіць усім вельмі няпроста. Многія з разуменнем адносяцца, а ёсць і такія, што праклёны гатовы пасылаць, як толькі не па душы выпадзе ўчастак. Прымае ўдар на сябе стараста, і калі абходзіць двары, дзе трэба абкасіць тэрыторыю. Папярэджанне толькі прынясе, як адразу ледзь не вораг, а як штраф дасі…
Дзякаваць, што харошых людзей у Яглевічах шмат, амаль усе. І ўдзячны стараста сваім памочнікам-актывістам. Гэта і сябры, з якімі працаваў, і вяскоўцы, і кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, што месцяцца на тэрыторыі вёскі. Заўсёды гатовы падставіць плячо прыхаджанка храма Таццяна Молаш, дырэктар школы Юрый Зыбайла, начальнік Івацэвіцкага ДРБУ Мікалай Лакішык, старшыня сельвыканкама Галіна Панюк.
А клопатаў у старасты шмат. Ён член і старшыня розных камісій сельвыканкама, рэгулярна інфармаваў насельніцтва па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней у асабістых падсобных гаспадарках, а таксама прымаў удзел у правядзенні мерапрыемстваў па ідэнтыфікацыі буйной рагатай жывёлы і коней, якіх трымаюць вяскоўцы. Па яго ініцыятыве і асабістым актыўным удзеле праводзяцца суботнікі ў Яглевічах – толькі па добраўпарадкаванні могілак і азеляненні тэрыторыі вёскі летась прайшло пяць суботнікаў. Могілкі ачышчаны ад кустоўя, добраўпарадкаваны магілы інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’яў загінулых. Пад яго кіраўніцтвам, яшчэ да перадачы могілак на баланс ЖКГ, быў арганізаваны збор сродкаў самаабкладання ў суме 2700 рублёў на знос дрэў. І ён сам кантраляваў гэтую работу і ўборку спілаванага.
Баліць душа ў старасты, што ёсць у вёсцы сем’і, дзе злоўжываюць спіртным. «Як ні б’ёмся, а выніку мала. Абяцаюць завязаць з гарэлкай, калі выклічаш на камісію, клянуцца ў рот не браць, а выйдуць за дзверы – і за старое… І сярод такіх, на жаль, ёсць і жанчыны», – з болем кажа стараста.
Праблема злоўжывання – гэта праблема любога населенага пункта, не толькі Яглевіч. Стараста падтрымлівае пастаянную сувязь з участковым міліцыянерам Ляшчынскім, сумесна з ім наведвае такія дамы, праводзіць прафілактычныя размовы. Але не так лёгка вярнуць чалавека з самага дна да нармальнага жыцця.
– Увогуле, стараюся сачыць за спакоем сваёй вёскі, каб не было п’янак, разгулаў. Вёска наша вялікая, харошая, але, на жаль, моладзь не хоча тут заставацца, у асноўным жывуць пажылыя людзі. А яны па-сапраўднаму любяць родныя мясціны, шануюць і берагуць свае традыцыі.
Штогод ён сам, як мужчына, праводзіць падворныя абходы па вёсцы, каб абследаваць стан печак і электраправодкі ў дамах. За гады работы Віктар Сарока аказаў дапамогу многім адзінокім аднавяскоўцам у нарыхтоўцы дроў, рамонце платоў, пячнога ацяплення, а таксама ў розных рамонтных работах. Летась пры яго садзейнічанні было адрамантавана пячное ацяпленне ў хаце адзінокай і інваліда ІІ групы Праскоўі Мышчык, завезены дровы яшчэ адной адзінокай пенсіянерцы.
– Адзінокім хочацца дапамагчы. Хацеў узяць шэфства яшчэ над адной бабуляй, ды не паспеў, памерла. І так шкадую, што рукі не дайшлі. Трэба было ўсё кінуць, а чалавеку дапамагчы, – з доляй роспачы кажа стараста, а здароўе ў самога дало збой.
У старшыні Яглевіцкага сельвыканкама Галіны Панюк ён просіцца ў адстаўку, але яна не хоча яго адпускаць, кажа, што такога, як ён, добрасумленнага і чалавечнага старасты ёй не знайсці.
На пытанне «Што б яму хацелася яшчэ зрабіць для сваёй вёскі?» Віктар Віктаравіч адказвае:
– Адзінае, хочацца, каб вёска заставалася жывой, каб хадзілі людзі ў храм. У душы многія вераць, а вось у храм хадзіць – гэта ўжо праца. Яшчэ хацелася б, каб банкамат быў у Яглевічах. Гэтае пытанне «прабіваў», але банк адмовіў – не рэнтабельна.
За столькі гадоў многае зроблена старастам. Але многае з яго непрыкметнае, штодзённае, як у гаспадыні на кухні. Ён шчыра дапамагаў вяскоўцам вырашаць праблемы і ставіць пытанні. У свае 64 не гатовы здавацца хваробе, але ногі падводзяць пасля інсульту. Спадзяецца, што гэта часова і старшыня сельсавета, бо дастойны стараста сапраўды на вагу золата, і хлеб у яго нялёгкі.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Дарэчы
Інстытут сельскага старасты пачаў развівацца ў XVI стагоддзі і ўмацаваўся ў XIX. Стараста выбіраўся сельскім сходам на тры гады і меў права за малаважныя праступкі саджаць пад арышт, прызначаць грамадскія работы тэрмінам у два дні і нават накладваць штраф у суме да аднаго рубля. А гэта па тым часе даволі немалая сума…