Каманда УП «Брэстаблгаз» ТВУ «Беразоўскае» – лепшая ў спаборніцтвах па тарфяным футболе

14 жніўня ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна праходзіў маштабны, адзіны ў сваім родзе аграэкафестываль «Спораўскія сенакосы». У 14-ты раз аматары касы і прыроды сустрэліся на беразе ракі Ясельда, а «балотны» футбольны чэмпіянат адбыўся ў сёмы раз.
У гэтым годзе ў турніры па футболе ўдзельнічалі 9 каманд з Брэстчыны. Правілы гульні наступныя: на полі каманда складаецца з шасці чалавек (пяць ігракоў і варатар), гуляюць па два тайма па 13 мінут. Пляцоўка для гульні трошкі большая за міні-футбольнае поле і размешчана непасрэдна ў нізінным балоце. Канешне, футбол не такі хуткасны, як звычайны, затое не менш відовішчны, бо гуляць даводзіцца ў прамым сэнсе па калені ў гразі.
УП «Брэстаблгаз» ТВУ «Беразоўскае» ўпершыню прымала ўдзел у фестывалі «Спораўскія сенакосы». Асабліва вылучылася каманда ў спаборніцтвах па тарфяным футболе. З першай гульні з камандай Брэсцкага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя «Зубры» «тарфянікі» ўпэўнена заявілі пра сябе і з лікам 8:0 перамаглі сапернікаў. У другой гульні з камандай Бярозаўскага мясакамбіната «Сябрукі» ўдача зноў была на баку каманды з ТВУ «Беразоўскае».
У фінальным матчы нашы «тарфянікі» змагаліся з кобрынскай камандай «Брэсцкая традыцыя». Сапернікі амаль не ўступалі адзін аднаму ў спартыўнай падрыхтоўцы, аднак наша каманда ўсё ж такі аказалася мацнейшай і заняла першае месца ў спаборніцтвах па тарфяным футболе!
Алена Міхнікевіч, старшыня прафкама УП «Брэстаблгаз» ТВУ «Беразоўскае», падзялілася, што хоць у каманды і дэбют на «Спораўскіх сенакосах», аднак яны рэгулярна ўдзельнічаюць у галіновых рэспубліканскіх спаборніцтвах па тарфяным футболе, у гэтым годзе занялі чацвёртае месца. Таму трэба адзначыць, што вопыт такой гульні дастатковы, ды і камандны дух не падвёў!

Падрыхтавала
Марыя Сазонава.