Колькі «каштуе» школьнік сёлета? «ІВ» падлічыў…

Жнівень – гарачы месяц не толькі для хлебаробаў, але і для бацькоў, дзеці якіх яшчэ школьнікі: у запасе засталося менш за паўмесяца, каб купіць усё неабходнае і з пачуццём выкананага абавязку адправіць дзяцей на заняткі.
Пачнём са школьнай экіпіроўкі
Каб высветліць гэта, накіроўваемся ў магазін райцэнтра «Дзіцячы свет», дзе старшы прадавец Валянціна Кірко знаёміць нас са школьным асартыментам на доўгім рэле. Выбраць, трэба сказаць, ёсць з чаго. Амаль усё прадстаўленае адзенне – ад беларускіх вытворцаў: «Пан Мод», «Камінтэрн», «Славянка», «Віва шык» (г. Брэст), «Бел Вілесдэн» (г. Мінск), «Купалінка», «Калінка», «8-ае Сакавіка» – і «Альберст» (Турцыя). Прадавец зазначыла, што недзе з 20-х чысел ліпеня пачаўся попыт на школьны асартымент.
Для дзяўчынак ёсць на выбар некалькі відаў сарафанаў ад 25 руб., спаднічкі ад 20 руб., сукенкі – па 30 руб., дзелавыя касцюмы коштам ад 58 руб., гольфікі ад 20 руб., блузкі – ад 30-35 руб. у залежнасці ад даўжыні рукавоў, джэмперы – ад 50 руб., штаны (спартыўныя і дзелавыя) – ад 20-22 руб.
Хлопчыкам можна купіць штаны ад 37 руб., дзелавыя касцюмы – ад 65 да 85 руб., джэмперы каштуюць ад 20 руб., кофты-«абманкі» – ад 30 руб., кашулі – ад 25 руб., спартыўныя штаны – ад 13 да 34 руб., гальштукі – ад 5 руб. і вышэй, бабачкі – ад 3,36 руб.
У асартыменце прадстаўлена трыкатажная бялізна: майкі – ад 4 руб., трусы – ад 3 руб., камплекты – ад 6 руб., калготкі – ад 6,30 руб., шкарпэткі і гольфы – ад 2,20-2,80 руб.
Абутак таксама можна набыць у магазіне «Дзіцячы свет», ён прадстаўлены для школьнікаў з 27 па 41 памер, вытворцаў «Шагавіта» і «Сан Марка». Туфлі скураныя і камбінаваныя можна набыць ад 42 да 100 руб.
Для шматдзетных сямей дзейнічае скідка ў памеры 10% пры пакупцы тавараў ад 50 руб., а таксама для імяніннікаў – скідка 10% пры пакупцы ад 30 руб. за адну адзінку. Яшчэ можна набыць некаторыя тавары з 50-працэнтнай скідкай – ідзе распродаж тавару 2016-2017 гадоў. Напрыклад, кашуля для хлопчыка абыдзецца крыху больш за 10 руб.
Збіраем партфель
На ўваходзе ў магазін «Культтавары» пакупнікоў сустракае прыемная навіна – акцыя «Паспей купіць».Акцыя дзейнічае па 20 жніўня: можна атрымаць скідку 5% пры набыцці школьных прылад на суму 50 рублёў і больш. Сума ніколькі не
здзіўляе, бо толькі набор для першакласніка, як паведаміла прадавец магазіна «Культтавары» Наталля Пытляк, каштуе ад 90 рублёў.
У магазіне вялікі выбар канцылярскіх прылад, а ўмелая выкладка тавараў ад прадаўцоў і дапамагае, і другі раз ставіць перад выбарам, бо вочы разбягаюцца, асабліва, калі прыйшоў разам з будучым першакласнікам.
Там можна купіць рукзакі ад 40 да 90 рублёў, сумачкі для першакласнікаў ад 5 да 8 руб. 50 кап., сшыткі (пакуль яшчэ ёсць па 18 кап.) альбомы для малявання і чарчэння (ад 2 руб.), набор паперы каляровай і кардону (недзе ад 3 руб.), пластылін (ад 2 руб. 80 кап.), каляровыя алоўкі (ад 4 руб. 50 кап.), фарбы ці гуаш (ад 2 руб.), пеналы (ад 1 руб. 20 кап. да 10 руб. у залежнасці ад патрэб – яны бываюць з адной секцыяй ці з дзвюма-трыма), ручкі (ад 27 кап. да 2 руб.), аловак (ад 37 кап.), папкі (ад 2 руб. 50 кап. да 5 руб.), вокладкі і інш.
Пры пакупцы партфеляў, асабліва для вучняў пачатковых класаў, бацькі павінны звяртаць увагу не толькі на яго форму і колер, але і на наяўнасць святлоадбівальных элементаў, якія засцерагаюць дзяцей на дарогах у цёмны час сутак, а таксама на яго вагу. Так, пусты рукзак для вучняў 1-4 класаў павінен важыць не больш за 700 грамаў, а для старэйшых – не больш за кілаграм. У ранцах малодшых школьнікаў павінна быць формаўстойлівая спінка, якая засцерагае іх ад скрыўлення пазваночніка і захворванняў, звязаных з гэтым.
Па дадзеных спецыялістаў Мінадукацыі, цалкам сабраць школьніка сёлета каштуе ад 250 да 520 руб., ды на канцтавары спатрэбіцца мінімум 100 руб.
Каб падрыхтаваць да заняткаў, напрыклад, малодшую школьніцу, набываючы ўсё непасрэдна ў райцэнтры, па нашых падліках, спа-трэбіцца недзе 450 руб.
Гэта набор-мінімум: дзве блузкі, гольф, сарафан, дзве спаднічкі (ці спаднічка+штаны), спартыўныя штаны і абутак, туфлі, тры камплекты бялізны, тры пары калготак, дзве пары шкарпэтак ды набор канцтавараў з партфелем.
Некалькі парад бацькам
Па-першае, неабходна скласці спіс тавараў, якія абавязкова патрэбна набыць, каб не губляць час, блукаючы ля вешалак з адзеннем. Па-другое, рабіце пакупкі паступова, гэта і на бюджэт не ўпадзе цяжкім грузам, і менш стоміцеся. Лепш не адкладваць на апошнія дні «школьны» шопінг. Па-трэцяе, набывайце ўсё неабходнае з дачкой ці сынам – няхай яны вучацца выбіраць сабе адзенне, абутак, бачаць кошт. Магчыма, будуць больш акуратна адносіцца да рэчаў. Тым больш, усё можна прымераць, каб потым не здаваць назад тавар, набыты «на вока».

У школьным асартыменце разбіралася
Марыя Сазонава.