Статыстыка – люстэрка дынамікі развіцця

Мінулы год для органаў статыстыкі Рэспублікі Беларусь быў юбілейны – 100 гадоў. Праца работнікаў гэтага ведамства малапрыкметная, але вынікі яе ведаюць і выкарыстоўваюць усе. Менавіта ў аддзел статыстыкі «збягаюцца» ўсе лічбы па дзейнасці ўсіх сфер, аналіз якіх паказвае ўзровень развіцця эканомікі і грамадскага жыцця. Напярэдадні прафесійнага свята адбылася наша сустрэча з начальнікам аддзела статыстыкі Івацэвіцкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці Святланай КАСПЯРОВІЧ.

– Святлана Аляксееўна, ваша служба па праву займаецца навукай, якая мае шырокае практычнае прымяненне. Раскажыце, калі ласка, як паўплываў прагрэс і лічбавізацыя на работу вашага аддзела?

– Любая сфера дзейнасці развіваецца, статыстыка – не выключэнне. З 2013 года ўведзена ў эксплуатацыю Адзіная інфармацыйная сістэма дзяржаўнай статыстыкі (АІСДС). Яна значна аблегчыла прыём і апрацоўку пярвічных статыстычных даных, як для рэспандэнтаў, так і для работнікаў статыстыкі. Цяпер 98,3 працэнта справа-здач ад рэспандэнтаў паступае ў электронным фармаце. Да таго ж, з красавіка 2017 года ўведзены ў эксплуатацыю многафункцыянальны вэб-партал, які дазваляе рэспандэнтам фарміраваць і прадстаўляць пярвічныя статыстычныя даныя па формах дзяржаўных статыстычных назіранняў у выглядзе электроннага дакумента ў рэжыме анлайн.

– Тым не менш, асноўная задача аддзела статыстыкі застаецца тая ж – збор дадзеных…

– Так. Асноўная наша задача – збор, кантроль, апрацоўка статыстычных даных на аснове статыстычнай метадалогіі. За першае паўгоддзе бягучага года работнікамі аддзела статыстыкі сабрана і апрацавана болей за 6000 справаздач па формах дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, у сярэднім кожным спецыялістам аддзела апрацавана 1500 справаздач.

– Галава кругам не ідзе ад лічбаў? Іх жа яшчэ трэба і ўдакладніць, і праверыць…

– З лічбамі і данымі мы любім мець справу, гэта прафесіянальная наша рыса. Спецыялісты аддзела працуюць у кірунку ўмацавання справаздачнай дысцыпліны і паляпшэння якасці статыстычнай справаздачы, якая нам прадстаўляецца. Якім чынам? Мы арганізоўваем семінары або вебінары, праводзім індывідуальныя кансультацыі, рассылаем рэспандэнтам інфармацыйна-тлумачальныя пісьмы пра асноўныя змяненні ў метадалогіі і тыповыя памылкі. Акрамя таго, праводзім праверкі дакладнасці пярвічных статыстычных даных, стараемся забяспечыць своечасовае прадстаўленне дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

– Як можа ацаніць статыстыка якасць і ўзровень жыцця вяскоўцаў?

– Адным з важнейшых напрамкаў у рабоце нашага аддзела з’яўляецца выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак па ўзроўню жыцця і асабістых падсобных гаспадарак людзей, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці. Праводзяцца яны з мэтай атрымання статыстычных даных аб розных аспектах узроўню, якасці і ўмоў жыцця насельніцтва, аб аб’ёмах вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Менавіта такім абследаваннем ахоплены 45 дамашніх гаспадарак Падстарынскага сельсавета.

– А ў горадзе вядзецца падобнае абследаванне?

– Так, ужо другі год у Івацэвічах ідзе абследаванне дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, а таксама мы рэгіструем аб’ёмы прадаж і цэны на тавары на рынках горада. А ў наступным годзе будзе праводзіцца абследаванне дамашніх гаспадарак з мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва. Працэдура збору даных населеных пунктаў і дамашніх гаспадарак ажыццяўляецца адзін раз у пяць гадоў.

– Спецыялісты аддзела адказныя за маштабную і складаную работу – перапіс насельніцтва, чарговы праводзіўся ў кастрычніку 2019 года. Наколькі змянілася колькасць насельніцтва нашага раёна, што з даных здзівіла Вас асабіста?

– Па даных перапісу, колькасць насельніцтва нашага раёна за апошнія дзесяць гадоў, на жаль, зменшылася на 6,4 тысячы чалавек. На дату перапісу 4 кастрычніка 2019 года колькасць насельніцтва Івацэвіцкага раёна складала 53 478 чалавек, Івацэвічаў – 22 494. Але радуе, што на 1 студзеня 2021 года колькасць насельніцтва ў г. Івацэвічы вырасла і складае больш за 22,5 тыс. чалавек. Мужчын у Івацэвічах пражывала на дату перапісу больш, чым жанчын: на кожнага мужчыну прыпадала на той момант 1,2 жанчыны. У разрэзе сельскага насельніцтва карціна, як і паўсюль: жанчын больш. На дату перапісу ў Івацэвіцкім раёне пражывала 34 чалавекі ўзростам старэй за 90-95 гадоў і чатыры – ва ўзросце 100 і больш гадоў.

– Што пажадаеце напярэдадні свята сваім калегам?

– Заўважу, што наша прафесія патрабуе ад спецыяліста ўседлівасці, скрупулёзнасці і пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі. Але, нягледзячы на складанасць, адказнасць у рабоце, людзі, што прыходзяць у органы статыстыкі, як правіла, застаюцца верныя сваёй прафесіі доўгія гады. Сёння ў нашым аддзеле працуе маленькі, зладжаны калектыў з чатырох служачых і двух спецыялістаў па абследаванні дамашніх гаспадарак. Усе жанчыны, у кожнай свой участак работы. Мы з павагай і ўвагай адносімся да ветэранаў працы нашага аддзела: Таццяны Івашкі, Валянціны Лазюк, Раісы Кронды, Вольгі Самсонавай, Алы Еўчык, Людмілы Марозавай, Ларысы Дуньковіч. Усіх калег, ветэранаў статыстыкі шчыра віншую са святам. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, аптымізму і сямейнага дабрабыту, міру і дабрыні вашым сем’ям.

Гутарыла Валянціна БОБРЫК.
Фота аўтара.