Вызваленне. З успамінаў М. В. Банасевіча

Не ўпершыню мы прапануем вам урыўкі з аўтабіяграфічнай кнігі «Сцежкамі жыцця», якую напісаў былы журналіст раёнкі, былы дырэктар Гошчаўскай школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Васільевіч Банасевіч. Сярод іншага ён вядомы як найбольш актыўны аўтар і ўкладальнік кнігі «Памяць. Івацэвіцкі раён».
«Сцежкамі жыцця» – гэта сямейная хроніка, у ёй апавядаецца пра жыццё аднаго роду, пачынаючы з 50-х гадоў XIX ст.
Мы лічым гэтую кнігу крыніцай унікальнай інфармацыі аб гістарычных падзеях мінулага веку, якія адбываліся ў раёне, прынамсі, у Івацэвічах, дзе працаваў Мікалай Васільевіч, у Гошчаве, дзе нарадзіўся і жыў. Але глядзім на іх праз прызму ўспрымання простымі людзьмі – сялянамі ці гараджанамі, якія жылі ў тых рэаліях – іх пачуцці і думкі былі добра зразумелыя аўтару, які і сам усё бачыў на свае вочы. Чаму радаваліся людзі? Чым жылі? На што спадзяваліся? Як ацэньвалі дзеянні ўлад?
Цяпер, у Год народнага адзінства і незадоўга да дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства, які будзе адзначацца 17 верасня, мы выбралі для вас урывак пра падзеі таго дня ў 1939 годзе – чым запомніўся ён гошчаўцам, няхачаўцам? Чытайце і вывучайце гісторыю роднага краю з першых вуснаў.

«Улада цяпер наша»
Раніца 17 верасня 1939 года была змрочнай. Імжэў дожджык, было амаль бязветрана, але імгліста, людзі не спяшаліся на вуліцу. Уласна, у той час яны былі разгублены, чакалі нейкай бяды ў кожнай сям’і, бо ішла вайна. Польскія ўлады забіралі ў войска ўсіх рэзервістаў, якія некалі служылі ў польскай арміі. Часам самалёты з чорнымі крыжамі каля чыгуначнай станцыі ў Няхачаве скідвалі свае бомбы, несучы смерць і разбурэнне.
І вось на досвітку ў нашу хату, якая стаяла на агародах воддаль ад вуліцы, забягае Аляксандр Белы і кажа бацьку:
– Ідуць нашы. Чырвоная Армія перайшла граніцу, каб вызваліць нас ад паноў і не дапусціць пад фашысцкіх вылюдкаў. Збірай, Васіль, надзейных хлопцаў у баявую дружыну, а я пабег, трэба абяззброіць асаднікаў. Улада цяпер наша.
Белы быў падпольшчыкам, членам Кампартыі Заходняй Беларусі. Многа год за камуністычную дзейнасць адсядзеў ён у панскіх турмах, добра ведаў і панскіх жандараў, якія пры допытах заганялі пад пазногці іголкі, лілі ў нос воцат, няшчадна білі і катавалі. Яго і многіх другіх камуністаў гэтыя катаванні не зламалі. Адбыўшы чарговае ваеннае зняволенне, у 1939 годзе ён вярнуўся дамоў. І тут здарылася такое – Чырвоная Армія па просьбе працоўных Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны падала нам брацкую руку дапамогі, каб пазбавіць пасля ад панскай і ад фашысцкай няволі.
Бацька ў 1920-1922 гадах быў малодшым камандзірам у Чырвонай Арміі, таму цяпер, у 1939 годзе, атрымаў ён такое даручэнне ад падпольшчыкаў, хаця сам у падполлі не лічыўся і год назад сельскай радай быў абраны солтысам (старастам вёскі). Справа ў тым, што ў Першую сусветную вайну, калі ў 1915 годзе нем-
цы разгарнулі паспяховае наступленне і навісла пагроза акупацыі, то ўсё насельніцтва акругі, у тым ліку і нашага Гошча-
ва, выехала ў бежанства ўглыб Расіі. Пакінуўшы свае хаты, забіўшы дошкамі вокны і дзверы, выехалі і нашы продкі – дзед Антон і бабка Алена, іх дзеці, у тым ліку і мой бацька Васіль, якому было 15 гадоў. Да таго часу бацька ўжо скончыў трохкласнае народнае вучылішча, якое было ў вёсцы, а значыць, лічыўся граматным чалавекам.
Мала ўспамінаў бацькоў дайшло да мяне з таго часу. Памятаю толькі расказ бацькі, што ў 1920 годзе прызвалі яго ў Чырвоную Армію. Аб службе ў Чырвонай Арміі ён расказаў таму-сяму з сяльчан. І вось гэта дало падставу для загаду падполля ўстанаўліваць новую ўладу.
Навокал нашай вёскі ў Белым Двары (паміж Гошчавам і Размеркамі) і ў Зенопалі (паміж Гошчавам і Заполлем) былі ўтвораны маёнткі па 20-30 гектараў зямлі, якія аддалі асаднікам-пілсудчыкам. Усе яны былі ўзброены рэвальверамі, стрэльбамі, што катэгарычна забаранялася мець сялянам. Трэба было гэтых паноў-асаднікаў абяззброіць і такім чынам абясшко-дзіць.
Радыё нам паведаміла…
Вестку аб пераходзе польскай граніцы Чырвонай Арміяй падпольшчыкі атрымалі ад Івана Раўгеля, у якога быў дэтэктарны радыёпрыёмнік – ён захаваў яго і слухаў, нягледзячы на загад польскіх улад з пачаткам вайны здаць усе радыёпрыёмнікі. Іван і хто-небудзь з сялян разам з ім кожную ноч слухалі апошнія паведамленні з Мінска і 17 верасня прынялі навіну аб вызваленчым пераходзе Чырвонай Арміі.
Дык вось, раніцай 17 верасня вёска
ўзбударажылася. Чутка хутка пайшла з хаты ў хату. Актывісты падполля Васіль Лунь і Аляксандр Шыян з групай маладых хлопцаў накіраваліся да сядзібы дзяка Мікалая Дзем’яновіча, у якой заначавалі пяць польскіх салдат, што надоечы прайшлі праз вёску з Косава на Няхачава. Салдаты без супраціўлення аддалі паўстаўшым вяскоўцам зброю, а самі разышліся. Паўстаўшыя накіраваліся на хутары асаднікаў, дзе таксама прыхапілі зброю, а ў асадзе Кучын-скіх захапілі польскага пракурора, арганізатара многіх палітычных працэсаў, па якіх сотні рэвалюцыянераў пакутавалі ў засценках канцэнтрацыйнага лагера Бяроза-Картузская і іншых турмах. Раздабылі
зброю і вяскоўцы, якія наведалі асаднікаў у Белым Двары.
Да поўдня ў вёсцы ўжо сфарміраваліся ўзброеныя групы паўстаўшых сялян, узнік рэўкам, які загадаў арыштаваных адвесці ў пустуючы дом у вёсцы. Намечана была арганізацыя аховы вёскі, усходні ўчастак якой даручаны быў групе, што ўзначаліў бацька. На нашым дворышчы збіраліся хлопцы, пажылыя мужчыны, але зброі было мала – два карабіны і дзве дубальтоўкі.
Ва ўсіх панаваў радасны, прыўзняты настрой – нарэшце будзе пакладзены канец панскай няволі. Мы, хлапчукі гадоў 12-14, сноўдаліся па вёсцы ўзад-уперад. Нам хацелася ўсё бачыць, усё чуць, усюды пабываць. Гэта быў першы дзень народнага паўстання, дзень радасны, хвалюючы, напружаны чаканнем, што вось-вось падыдзе Чырвоная Армія, якую з такой тугою і надзеяй чакалі амаль 20 гадоў.
«Ой, загубіце, хлопцы, галовы…»
Апоўдні хваляванні ўзмацніліся. Побач у Няхачаве аказаўся на адпачынку ў маёнтку атрад польскага войска, які напярэдадні прайшоў праз вёску.
– Трэба неадкладна ісці ў Няхачава і раззброіць салдат, – крычалі разгарачаныя падзеямі людзі.
– Як ты іх абяззброіш? – гаварылі больш разважлівыя, – калі ў цябе некалькі карабінаў і дубальтовак, а ў іх кулямёты і вінтоўкі рэгулярнага войска.
– Яны самі здадуцца, бо гэта ж такія «хлопы» і работнікі, як і мы, – даказвалі з класавых пазіцый «палітыкі».
– Ой, загубіце, хлопцы, галовы, не лезьце на ражон, – разважалі сталыя моцныя мужыкі, якім па душы было ўсё дзясятак разоў узважыць, пакуль пачаць, а калі пачаць, то атрымаць выгаду.
І раптам па вёсцы пранеслася чутка: «Прыехалі…»
Хто прыехаў, адкуль, з чым? Мы з усходняй часткі вёскі кінуліся ў другі яе канец. На шашы стаяў аўтамабіль, аблеплены хлопцамі ў сялянскіх світках, лапцях ці парваных бацінках, але з рознымі відамі зброі. Чаго ў іх толькі ні было: карабіны, пісталеты, ружжы, шаблі. Але галоўнае – задор, адвага, ліхасць. Гэта пад’ехалі паўстанцы з Ружан на пажарным аўтамабілі, а з імі косаўцы, запалянцы, жыхары другіх вёсак.
– На Няхачава, здабудзем зброю, дапаможам Чырвонай Арміі дабіць панскія войскі, – неслася з усіх бакоў.
На машыну падняўся сталы чалавек у сялянскай світцы, ботах і шапцы з казырком.
– Людзі, – зычным голасам прагучала над натоўпам, – настаў час вызвалення. Не будзе больш над намі віцца панскі бізун, прыйшоў канец паліцэйскаму самавольству. Мы самі гаспадары жыцця. Але трэба раззброіць вайсковую часць у Няхачаве, зрабіць гэта разумна. У каго ёсць зброя, стройцеся ў атрады, а бяззбройныя заставайцеся дома. Арганізавана пойдзем на Няхачава.
Гэта быў адзін са старых косаўскіх падпольшчыкаў. Каля яго з’явіліся нашы го-шчаўскія рэўкамаўцы, і неўзабаве арганізаваныя баявыя дружыны рушылі на Няхачава. Следам за імі – дзетвара і больш дарослыя. Быў з імі і я. Што будзе?
Парламенцёры
Падышлі ціха, непрыкметна. На чыгуначнай станцыяй і за ёй, у маёнтку, стаяла цішыня. Але яна была падманная. З усіх бакоў лесам да пасёлка наблізіліся атрады паўстанцаў, замаскіраваўшыся ў хмызняку на ўскраінах.
Па пероне станцыі прагульваліся польскія афіцэры, падцягнутыя, быццам бы сабраныя на парад, але, відаць, чымсьці занепакоеныя. Убачыўшы іх, кіраўнікі выступлення рашылі правесці перагаворы і адправіць да афіцэраў парламенцёраў. Шэсць смелых хлопцаў, як ні ў чым ні бывала, накіраваліся на станцыю і спакойна падышлі да салдат.
– Здайце зброю, – прамовіў старэйшы. – Чырвоная Армія перайшла граніцу і рухаецца сюды, каб спыніць прасоўванне фашыстаў на заходнебеларускія землі. Так што вам цяпер зброя не патрэбна, ваяваць з немцамі вы не будзеце.
– Выканаць ваш загад не можам, – заявіў адзін з афіцэраў. – Зразумейце, які будзе сорам, калі мы, вайскоўцы, здадзім зброю хлопам. Іншая справа, калі падыдуць рускія войскі.
– Вы гэта зробіце, калі не дабравольна, то пад сілай. Станцыя і маёнтак акружаны паўстанцамі. А вашы салдаты – гэта нашы людзі, рабочыя і сяляне. З намі ваяваць не будуць.
– Ну, то хадзем да іх, – прапанавалі афіцэры.
Даверлівасць і недасведчанасць – уласцівыя рысы сялянскіх хлопцаў – прывялі іх у лагер салдат. Як толькі яны прыйшлі ў маёнтак, афіцэры крыкнулі салдатам:
– Да зброі! Арыштаваць хлопаў (хлопамі звалі сялян)!
Загад быў выкананы маланкава. Салдаты падпарадкаваліся афіцэрам. Парламенцёраў паклалі на зямлю, звязалі паміж сабою.
Доўгая адсутнасць парламенцёраў пачала хваляваць паўстанцаў.
– Мабыць, папаліся ў афіцэрскія лапы, – сказаў адзін са старэйшых важакоў. – Трэба атакаваць маёнтак. Адбіць сваіх хлопцаў і абяззброіць салдат.
Ажывіліся ўзлескі. Баявыя дружыны сталі ціха набліжацца да маёнтка. Падышоўшы на блізкую адлегласць, адкрылі агонь з усіх відаў наяўнай зброі. Бабахнулі карабіны, дубальтоўкі, абрэзы. У адказ з маёнтка грымнулі залпы карабінаў, затрашчалі кулямёты. Над галовамі дружыннікаў пасыпаліся галінкі, прасвісцелі кулі. Салдаты вялі непрыцэльны агонь, але такі дружны, што вясковым хлопцам стала страшна. Ясна было, што сілы не на іх баку, таму пачалося хуткае хаатычнае адступленне.
Мы, дзетвара, ды і частка дарослых бяззбройных людзей, кінуліся наўцёкі праз лес, каб хутчэй дабрацца да вёскі. Кіламетры два лесу засталося за спінай, выскачылі на поле, а тут і хаты. За намі вярнуліся і дружыннікі.
Вёска пад вечар прыціхла. Як павядуць сябе растрывожаныя салдаты? Што будуць рабіць афіцэры? Такія думкі хвалявалі старэйшых. Гэтае хваляванне перадавалася і дзецям. Рэўкам загадаў выставіць вакол вёскі па дарогах заставы. Устанавілі пасты і нагляд за шляхамі.
Вечарэла. Падыходзіў да канца першы дзень новай улады, калі сяляне самі кіравалі ў вёсцы. Дзень трывожны. Але на змяр-
канні вёску абляцела навіна: вярнуліся парламенцёры. Яны расказалі вось што.
Пасля перастрэлкі, калі сяляне адышлі ад маёнтка, афіцэры пастроілі салдат, растлумачылі абстаноўку, расказалі аб падыходзе Чырвонай Арміі, загадалі сабраць усю сваю маёмасць і рушылі ў напрамку Бярозы. З сабою забралі яны і арыштаваных парламенцёраў. Шмат пакутлівых га-дзін перажылі вясковыя хлопцы – ніхто не мог прадбачыць, што зробяць афіцэры. Адно бачылі: салдаты ім спачуваюць, на самае страшнае – расстрэл – не асмеляцца. Так яно і сталася. Калі адышлі ад ракі Жыгулянкі, старшы афіцэр загадаў салдатам спыніцца.
– Ідзіце, хлопцы, дамоў, – звярнуўся да парламенцёраў, – і перадайце сваім, няхай не лезуць на салдат з сякерай, а то загубяць галовы.
І аддаў сваім загад:
– Крокам марш!
Салдаты пайшлі, але не дайшлі да Бярозы, а павярнулі на Пескі і Хомск. На другі дзень дайшла вестка, што пад Хом-скам яны склалі зброю перад добра ўзброенымі атрадамі паўстанцаў.