Вызваленне. Раздзелы з рукапіснай кнігі ўспамінаў М. В. Банасевіча «Сцежкамі жыцця»

Працяг. Пачатак у №63 ад 21.08.2021 г.

Першая ноч пасля ўзяцця ўлады
А ў нас першая ноч пасля ўзяцця ўлады сялянскім рэўкамам была для ўсіх неспакойнай. У любы момант, з любога напрамку ў вёску маглі ўварвацца разрозненыя вайсковыя атрады і нарабіць бяды. На шчасце, гэтага не здарылася. Новы дзень пачаўся спакойна.
Хоць і стаяла для сялян гарачая пара – уборка буль-
бы, ворыва і сяўба азімых у нашых краях у сярэдзіне верасня знаходзяцца ў самым разгары – на гэты раз сялян на палях не было відаць. Затое вуліца «віравала». Паўсюдна забіраліся групы мужчын, каля якіх круціліся жучкамі цікаўныя падлеткі – усіх хвалявалі падзеі, чуткі. Ліхаманкава працавалі члены рэўкама Аляксей Шыян, Аляксандр Белы, Васіль Лунь. Яны аддавалі распараджэнні, раілі. Ужо ішлі размовы аб раздзеле панскай зямлі. Але пакуль не прыйшла Чырвоная Армія, галоўным было ўтрымаць парадак у вёсцы.
У хату Алексяевічаў, што ў сярэдзіне вёскі, былі саб-
раныя найбольш актыўныя дзеячы старога рэжыму. Тут утрымліваліся былы камендант паліцыі ў Гошчаве Кустра, ляснік Сяроцкі, пракурор буржуазнай Польшчы Кучынскі. Тое, што ўдалося злавіць гэтага злодзея, найбольш ганарыла гошчаўскіх падпольшчыкаў. Гэта ён, Кучынскі, быў галоўным абвінаваўцам на ўсіх судовых працэсах супраць камуністаў і камсамольцаў. Дзякуючы яго намаганням, сядзелі ў Бярозе-Картузскай, Лукішках і другіх турмах члены КПЗБ з Гошчава, Размерак, Бычы і другіх вёсак раёна, Заходняй Беларусі. Таму паглядзець на яго хацелі і праходзячыя праз вёску былыя вязні панскіх турмаў, што былі разгром-
лены.
Нас, падлеткаў, таксама цікавіла зазірнуць у вакно, каб паглядзець на тых паноў, што некалі наводзілі жах на простых людзей. Але хата добра ахоўвалася дружыннікамі, і нас адганялі ад вокнаў.
Арышт найбольш заядлых паслугачоў панскіх улад напалохаў асаднікаў-пілсудчыкаў, і яны акуратна выконвалі загады рэўкама – не выходзіць за межы сваёй ся-
дзібы. А Чырвоная Армія была ўсё бліжэй і бліжэй. Вялікага супраціўлення польскага войска яна не сустракала. Вызваленчы паход праходзіў пры высокай узнёсласці і радасці насельніцтва. Савецкія самалёты, якія штодня лёталі над нашым краем, скідвалі мноства лістовак, якія тут жа зачытваліся на сходах сялян.
Напярэдадні прыходу ў вёску войск Чырвонай Арміі па рашэнні рэўкама былі расстраляны Кучынскі, Кустра, Сяроцкі. Гэты быў, бадай, няправільны акт беззаконня, за што рэўкамаўцаў пазней сур’ёзна журылі. Кучынскі ведаў многае з кухні правіцеляў панскай Польшчы і мог бы раскрыць шмат карт па ходзе тых працэсаў, якія вёў.
«Едуць! Нашы едуць!»
І вось наступіў шчаслівы дзень. У вёску ўступіла перадавая часць Чырвонай Арміі. Колькі гэта выклікала радасці – сапраўднае цудоўнае ўсенароднае свята. Хаця небагатым быў тады гарнітур сялян, уся вопратка была ўласнай вытворчасці, большасць абутку таксама, але людзі выбіралі з куфараў усё лепшае, чысцейшае, акуратнейшае, апраналіся, як на Вялікдзень, – ішлі да шашы, дзе ўжо была ўзведзена ўрачыстая арка і трыбуна. У руках людзей – кветкі, на тварах – радасныя ўсмешкі: скончылася 20-гадовая акупацыя буржуазна-памешчыцкіх улад панскай Польшчы.
На шашы паказаліся першыя рады «чырвоных» коннікаў. Радаснае хваляванне перарасло ў магутны гул.
– Едуць! Нашы едуць!
Платы, дрэвы паабапал дарогі асядлалі дзеці. Яны ўсюды. Ім цікава ўбачыць жывых чырвонаармейцаў, аб якіх наслухаліся, але ўяўлення не мелі. Нарэшце бачаць іх – на галовах бу-
дзёнаўкі з чырвонымі зоркамі, на баках шаблі, за плячыма вінтоўкі. Прыгожыя, падцягнутыя, прыбліжаліся яны да аркі, і паўсюдна разносілася магутнае «Ура!». З усіх бакоў ляцяць букеты, коннікі спешваюцца, да іх кідаюцца людзі, абдымаюць, цалуюць. Бязмежная радасць. Пачынаецца ўрачысты мітынг. Выступаюць рэўкамаўцы, каман-
дзіры чырвонаармейцаў. Вызваленне здзейснілася.
За парадак і перадзел
З прыходам Чырвонай Арміі дзейнасць часовых органаў мясцовай улады была накіравана на ўстанаўленне і захаванне парадку, узяцце на ўлік і захаванне памешчыцкай і асадніцкай маёмасці. Баявыя дружыны былі распушчаны, але ўзніклі атрады сялянскай міліцыі.
Сяляне ў вёсцы крыху супакоіліся і ўзяліся хутчэй за завяршэнне асенніх палявых работ: поўным ходам ішла ўборка бульбы і сяўба жыта. Працавалі яны з прыўзнятым настроем, сталі патрабаваць ад сялянскага камітэта раздзелу памешчыцкай зямлі, каб да зімы апрацаваць яе. Асабліва актыўна выступала бедната.
Наша вёска мела мала заможных сялян – хіба можна толькі лічыць такімі сем’і Кастуся Шчарынскага і Алеся Еўтуха: у іх было па ўчастку зямлі 918 гектараў розных угоддзяў ворыва, пашы, сенакосу і няўдобіцы. З 220 сем’яў 12 было з паловай участка, а большасць мела па чвэрці ўчастка. Больш за 30 сям’яў не мела і па гектару ворнай зямлі. Гэта былі малазямельныя гаспадаркі. У іх ліку была і наша сям’я…

Падрыхтавала
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота з сямейнага архіва.