Рэспубліканскі юніёрскі лясны конкурс «Квітней, мой лес» праходзіў 24 і 25 жніўня на базе Івацэвіцкага раёна

Юных аматараў лясной справы, а ў будучым, магчыма, і працаўнікоў лясной галіны, вітала на тэрыторыі комплексу з закрытай каранёвай сістэмай кіраўніцтва Івацэвіцкага лясгаса. Дырэктар Вікенцій Койпаш правёў цікавую экскурсію і пазнаёміў удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу – пераможцаў абласнога этапа – з сучаснымі метадамі і тонкасцямі вырошчвання лесу.

Дзеці пабачылі, як сушыцца і перапрацоўваецца насенне лясных культур, ім растлумачылі працэс пасадкі зярнятка лясных культур у касеты, вырошчвання ў цяпліцах і на палях дарошчвання на комплексе па вырошчванні лясных гадаванцаў, на свае вочы яны ўпэўніліся, якая праца вядзецца па доглядзе на пастаянным лясным гадавальніку. А ўлічваючы, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Косаўскага лясніцтва, удзельнікаў конкурсу вырашылі пазнаёміць і са славутасцямі гэтага краю.
І не памыліліся, уражанне пакінуў Косаўскі палац незабыўнае. Адразу ўсе кінуліся рабіць сэлфі на фоне палаца. Спадабалася і цікавая экскурсія па палацы і па музеі сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, уразілі і краявіды Косаўскага краю.
На наступны дзень ладзіўся сам конкурс. Падрастаючыя лесаводы абаранялі свае конкурсныя работы, якія прайшлі адбор на конкурс на абласным этапе. Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка, які агучыў перспектывы развіцця лясной гаспадаркі краіны, выказаў надзею, што юныя ўдзельнікі конкурсу стануць сапраўднымі абаронцамі лесу і захаваюць усё здабытае былымі пакаленнямі, будуць рухаць наперад новыя тэхналогіі ў вырошчванні лесу, па-гаспадарску клапаціцца і распараджацца гэтым важнейшым рэсурсам і прыродным багаццем.
І вось ён кульмінацыйны момант – цырымонія ўзнагароджвання. Журы падвяло вынікі і адзначыла, што ў асобных намінацыях розніца паміж прызавымі месцамі была ў адзін бал. У намінацыі «Устойлівае лесакіраванне» трэцяе месца прысуджана праекту Веранікі Фадзеевай, другое – Марыі Серабраковай і Арыны Барадаўка, першае – Ганне Лапінай. Самай «гарачай» намінацыяй стала «Экалогія лясных раслін» . У ёй трэцяе месца заняла Ліліяна Галавешкіна, другое – Паліна Нічай і першае – Міхаіл Шкурын. У намінацыі «Экалогія лясных жывёл» барацьба была таксама напружанай, а прызавыя месцы былі размеркаваны з разбежкай ў адзін-два балы. У выніку трэцяе месца занялі Арцём Кошчыц і Дзмітрый Пятушок, другое – Святлана Нушчык (Брэсцкая вобласць), а першае – Іван Казарэз.
Падарункі атрымалі ўдзельнікі конкурсу, бацькі і кіраўнікі дзіцячых праектаў і ад Брэсцкага ДВЛГА і Івацэвіцкага лясгаса.
– Конкурс ладзіцца штогод, двухдзённы фармат мы практыкуем другі раз, – адзначыла прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і член журы Анастасія Дакучаева. – У нас ёсць пастаянныя ўдзельнікі, якія штогод накіроўваюць свае работы на конкурс. Ён праходзіць у некалькі этапаў: раённы, абласны, рэспубліканскі. На абласным этапе было вылучана 40 работ, з іх адабрана 15 лепшых на рэспубліканскі і аўтараў 15-ці запрасілі ў Івацэвічы. Чаму Івацэвічы? Лясгас адзін з лепшых у Брэсцкай вобласці, тут сучасны комплекс па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу з ЗКС, гадавальнік і ёсць дастойныя гістарычныя аб’екты. Уражанні, я праводзіла апытанне, ва ўсіх непераўзыдзеныя.
Сваім меркаваннем наконт конкурсу падзяліліся яго ўдзельнікі. Арцём Кошчыц і Дзмітрый Пятушок прыехалі са Скідзеля, што на Гродзеншчыне. Уражанні ад Косаўскага палаца, казалі хлопцы, вельмі хвалюючыя і, дарэчы, адзначылі, што пасля конкурсу нарадзілася жаданне сваё будучае звязаць з лясной гаспадаркай.
Міхаіл Шкурын, які стаў пераможцам у намінацыі «Экалогія лясных раслін» прыехаў з Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Над сваёй навуковай работай ён працуе ўжо шэсць гадоў і марыць павялічыць папуляцыю «чырвонакніжніцы» сон-травы. Натхнілі яго і іншыя дастойныя работы, уразілі і экскурсіі, і арганізацыя правядзення конкурсу ў такім незвычайным фармаце.
Напрыканцы, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка выказаў свой погляд на юніёрскі конкурс:
– Пакаленне і работы – дастойныя. І хочацца адзначыць, наколькі сёння немалаважны прыклад, што паказалі бацькі і настаўнікі, якія прыехалі на конкурс разам з дзецьмі. У свой час мой асабісты прыклад натхніў маіх і дачку, і сына – яны пайшлі па маіх слядах. Прычым, дачка працуе ляснічым, хоць гэта не зусім жаночая прафесія. Таму, чым больш мы будзем арганізоўваць такіх мерапрыемстваў, чым больш будзем паказваць у тонкасцях, чым мы займаемся, тым больш мы будзем прыцягваць маладых людзей і дзяцей ва ўсе нашы працэсы. У апошні час мы стараемся максімальна зацікавіць школьнікаў прымаць удзел у такіх мерапрыемствах, у тым ліку і матэрыяльна. Тыя, хто стаў пераможцам на ўзроўні вобласці, таксама атрымалі падарункі. Актыўна заахвочваем і школы, якія прымаюць удзел у акцыях «Тыдзень лесу», «Чысты лес». Установы атрымліваюць каштоўныя падарункі, у ліку іх інтэрактыўныя дошкі, іншыя сучасная тэхніка, дапамагаем фінансава.
Арганізатары конкурсу падзякавалі за праекты, лепшыя работы будуць рэкамендаваны для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе.