Ёсць класы амаль як гарадскія!

У гэтым навучальным годзе за парты ў раёне селі каля 600 першакласнікаў, у гэтым ліку і 161 сельскі вучань. Дарэчы, тры сельскія школы сёлета набралі вялікія першыя класы.
Так, 16 вучняў паспяшаліся ў клас пасля першага ў жыцці званка ў ДУА «Даманаўская СШ». Калі гэтай шматлікай сельскай школе не прывыкаць да такіх набораў, тут, напрыклад, 17 другакласнікаў, то для ДУА «Падстарынская СШ» клас у 14 чалавек – прыемная нечаканасць. Больш за тое, вучняў магло быць 20, але некалькі першакласнікаў з блізкай да райцэнтра Халап’і аддалі перавагу гарадскім школам. У сярэднім у класах тут па 8-10 чалавек, першы клас будзе самым вялікім сёлета. У бліжэйшую ж пяцігодку ў школе чакаюць вялікія наборы, насельніцтва ў Падстарынскім краі расце.
13 першакласнікаў сёння вітаюць і ў ДУА «Стайкаўская СШ». Гэтая школа таксама прыбывае па колькасці ў класах. Гэта не можа не радаваць, аднак агульная колькасць першакласнікаў у вёсках усё ж зменшылася, у мінулым годзе ў 22 першых класах сельскіх школ вучыліся 178 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.