5 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

Амаль 40 гадоў на адным прадпрыемстве – мала хто можа пахваліцца такой працоўнай біяграфіяй. Герой нашай публікацыі Іван Якаўлевіч Міхневіч адзін з тых, хто застаецца верным абранаму прафесійнаму шляху.
Ён распачаў сваю працоўную дзейнасць у 1982 годзе на пасадзе старшага майстра намесніка начальніка цэха. У 1992 годзе перайшоў у службу эксплуатацыі Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння, дзе працуе да гэтага часу майстрам участка. Пад кіраўніцтвам Івана Якаўлевіча знаходзіцца сем слесараў, а агульная працягласць газаправодаў, якія абслугоўваюцца імі, больш за 280 кіламетраў. За гады працы Іван Якаўлевіч зарэкамендаваў сябе адказным супрацоўнікам і калегам, з якім прыемна працаваць плячом да пляча.

Калектыў упэўнены, менавіта за гэта напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – Івана Якаўлевіча чакала пачэсная ўзнагарода – нагрудны знак «Ганаровы работнік газавай і паліўнай прамысловасці» Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь.
– Канешне было прыемна даведацца пра такую навіну. Але ўсё жыццё я сумленна працаваў не дзеля ўзнагарод, а проста па-іншаму не мог. Лічу, што да любой справы трэба падыходзіць адказна. І наш калектыў – добры прыклад, – адзначыў Іван Якаўлевіч. – У нас няма старонніх людзей, усе сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Даводзіцца працаваць з моладдзю, і магу з упэўненасцю сказаць, што будучыня нашага прадпрыемства ў надзейных руках. Часта звяртаюся па дапамогу да маладых, бо яны з новымі тэхналогіямі, як кажуць, «на ты». Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць ветэранаў галіны, супрацоўнікаў Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння ВУ «Бярозагаз» і пажадаць, каб газ прыносіў ў дамы толькі цяпло і ніколі бяды. Каб праца прыносіла жаданы плён, давала вынікі і была ў задавальненне. Хай усё працуе як гадзіннік! Моцнага ўсім здароўя, шмат сіл, росквіту, развіцця і дастатку!
Пра высокі прафесіянальны ўзровень калектыву, які склаўся ў Івацэвіцкім раёне газазабеспячэння ВУ «Бярозагаз» сведчыць россып узнагарод рознага ўзроўню: так, за шматгадовую добрасумленную працу Граматай і Лістом падзякі Івацэвіцкага райвыканкама ўзнагароджаны слесар аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Алег Туркіневіч і машыніст экскаватара ўчастка транспарту, уліку расходу і рэалізацыі газу Сяргей Хрэноўскі; Ганаровай граматай Савета дэпутатаў адзначаны токар участка транспарту, уліку расходу і рэалізацыі газу Леанід Шыбайка. Ганаровай граматай УП «Брэстаблгаз» за высокае прафесійнае майстэрства ўзнагароджана кантралер газазабеспячальнай арганізацыі Ганна Гарбачык. Лісты падзякі атрымалі аператар персанальных электронна-вылічальных машын Ганна Літвак і інжынер па ахове працы Уладзімір Асобік.
Як адзначае кіраўнік Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння Юрый Вайтовіч, за гэтымі ўзнагародамі – штодзённая, карпатлівая, адданая праца. Віншуем!