Жнівень аказаўся самым халодным і самым дажджлівым з усіх трох летніх месяцаў

Аграрыі раёна не самымі добрым словамі згадваюць лета 2021 – яно было празмерна засушлівым і спякотным. З гэтым цяжка спрачацца, але вось які цікавы назіраецца нюанс: ападкаў за тры летнія месяцы ў Івацэвіцкім раёне выпала нават крыху больш за норму! Іншая справа, што гэтыя дажджы прыйшліся на апошні месяц лета, а іх земляробы вельмі чакалі ў чэрвені і ліпені.
Як паведамляе Алена Мазырчук, начальнік Івацэвіцкай метэастанцыі, першы месяц лета сапраўды аказаўся не самым спрыяльным: выпала толькі 35,0 мм ападкаў – і гэта пры норме 74,0! І сярэднямесячная тэмпература была больш высокай: +20,3 пры норме +16,8. У ліпені дажджоў стала больш, але ўсё роўна іх было недастаткова – выпала 62,3 мм пры норме 86,9, а тэмпература паветра больш чым на 4 градусы пераадолела сярэднямесячны паказчык. І толькі ў жніўні назіраецца істотны «адкат»: выпала 128,3 мм ападкаў пры норме 59,0, а сярэдняя тэмпература дык і ўвогуле была нізкай: +17,4 пры норме +17,9. Як бачыце, суседнічалі вельмі гарачы ліпень і ўмерана халодны жнівень.
Канешне, было б усім лепш, каб нябесная канцылярыя распарадзілася інакш – і каб гэтыя жнівеньскія дажджы прайшлі на два месяцы раней. Але прырода – кабета капрызная…
Аляксандр ГОРБАЧ.