Праверце чэк, не адходзячы ад касы…

У гэтым артыкуле мы абыдземся без назваў канкрэтных магазінаў і імён. Па той простай прычыне, што, калі аўтар пачаў цікавіцца гэтай тэмай, выявілася: падобныя выпадкі сталі рэальна масавай з’явай

Сучасны маркетынг, ці майстэрства продажу, мае на сваім узбраенні дзясяткі, калі не сотні, сакрэтаў. Напрыклад, самыя простыя прадукты (а мы будзем сёння гаварыць пра іх), якія мы купляем штодня – хлеб, малако – будуць ляжаць у тым месцы магазіна, што, каб да іх дайсці, вам давядзецца прайсці праз увесь магазін.
Шлях міма прывабных вітрын зазвычай заканчваецца для вас пакупкай яшчэ чаго-небудзь. Халоднае піва будзе стаяць так, каб недалёка была відаць вэнджаная рыба. І далей, і падобнае. На гэта не крыўдуеш, бо разумееш.
Абурае іншае.

Славутыя «акцыі»
Час ад часу сустрэнеш у магазіне паліцы з надпісам кшталту «Прадукты па акцыі». Калі не паленавацца, прайсціся па магазіне, то ў большасці выпадкаў такі самы тавар можна сустрэць у іншым месцы і па іншай цане. Але ж мы не замарочваемся па такіх пытаннях, бяром акцыйны тавар, бо ж цана прываблівае.
А далей: рэальная гісторыя з вуснаў жанчыны.
– Гляджу па акцыі – цукеркі. Не з танных, каробка. Кошт па акцыі амаль у паўтара разы меншы. А мне такія хутка спатрэбяцца, у госці збіраюся. Канешне, бяру. На касе, як звычайна, чарга, пакупак у кожнага многа, тэхніка пікае, лічыць. Прыходжу дадому, праглядваю чэк, які кінула ў сумку. І – маеш! Тая каробка цукерак ніяк не па акцыі, заместа 18 рублёў стаіць поўны кошт – 24. Вяртаюся ў магазін. Пытаюся. Клічуць загадчыцу. Размова не з прыемных. Урэшце, яна тонам пакутніцы мне кажа: «Ну, калі ўжо вам так прынцыпова гэта…» Прабачце, мне – прынцыпова! Навошта мяне дурыць, ды і не брала б я за такі кошт гэтыя цукеркі…
Як выяўляецца, такія гісторыі з акцыйнымі таварамі – надзвычай частыя. Апраўданні ад прадаўцоў бываюць самыя розныя. Але ці кожная гаспадыня дома зверыць пакупкі з чэкам? І ці кожная гаспадыня, заўважыўшы, што брала па акцыйным кошце, а выбіты самы звычайны, стане траціць час на вяртанне ў магазін дзеля двух-пяці рублёў?

«Не паспяваем…»
Таксама даволі часты выпадак: вы купляеце нешта па адной цане, на касе выяўляецца (калі вы, канечне, заўважыце гэта там), што тавар мае крышку большую цану. У адказ на вашы прэтэнзіі зазвычай прагучаць выбачэнні і апраўданні, сэнс якіх у тым, што абарот вельмі вялікі, тавару многа, людзей мала, не паспяваюць мяняць цэтлікі на паліцах…
Не паспяваць – гэта апраўданне ў і для выпадку, калі цэтлік з коштам стаіць ля групы тавараў, а ў той групе – іншы тавар, візуальна вельмі падобны. Скажам, рознага кошту кансервы. Вы такім чынам можаце ўзяць, скажам, масла ласасёвае нібыта па кошце паштэту. Канешне, на касе гэта выявіцца, і нават калі вы заўважыце на месцы, то ці вернеце прадукт назад, адмовіцеся ад пакупкі? Дарэчы, у залежнасці ад выхаванасці прадаўцоў, вас яшчэ могуць і абвінаваціць: «Гэта вось такія як вы ходзяць тут, бяруць кансервы, глядзяць, а ставяць назад не туды, куды трэба!»

Чалавечы фактар
Гэта, калі памыляецца касір. Быццам усё аўтаматызавана да дробязей, лічбавы код на ўпакоўцы нібыта гарантуе ад памылкі. Тым не менш, каб «прабіць» некаторыя тавары, касір, калі заўважалі, пасля аўтаматычнага счытвання кода, нешта яшчэ там націскае-ўводзіць. Тут і праяўляецца той самы чалавечы фактар – касір можа памыліцца. Вось прыклад:
– Надта захацелася крэветак. А тут даволі прывабная цана. Крэветкі розныя: звычайныя, каралеўскія, крэветачнае мяса… Бяру звычайныя крэветкі, разлічваюся на касе, адыходжу, трохі здзіўленая агульным коштам пакупак, праглядваю чэк. І бачу, што замест звычайных крэветак у чэку – каралеўскія. Вяртаюся назад. Непрыемна, канешне: чарга, час пасля работы, усе трохі накручаныя. Тым не менш… Касір згаджаецца, але з такім выглядам, быццам я прымусіла яе вярнуць грошы з яе асабістай кішэні, – расказвае другая жанчына.
Бываюць сітуацыі іншыя: касір павінна па даных лічбавага коду вызначыць суму тавару перамнажэннем на яго вагу, і тут да памылкі – адзін рух пальца на клавіятуры. Варта быць асабліва ўважлівым у гэтых сітуацыях.

Рубель – дробязь?

Муж маёй добрай знаёмай, якая зараз у адпачынку па доглядзе дзіцяці, купляе прадукты сам, раз на тыдзень. Зарабляе ён адносна добра, да ўсяго ніколі не сумняваецца ў рабоце іншых. Бярэ ўсяго і многа. Зазвычай, два вялізныя пакеты, агулам рублёў на 130-150. Той самы выніковы чэк зазвычай мае даўжыню паўметра і болей. Будзе вам мужчына стаяць ды звяраць: ці правільна яму прабілі той ці іншы тавар?
А вось жонка, неяк выклаўшы прадукты на стол і зірнуўшы ў чэк, паціснула плячыма – сума вялізная для невялікай горкі – і рашыла пераправерыць. Вынік, трэба сказаць, яе шакіраваў. Яна пабачыла і двойчы прабіты адзін тавар, і тавар іншага гатунку, і падман з акцыйным таварам. Менавіта падман, бо муж прыхапіў каляровы праспект, дзе якраз адзін з тавараў меў пазначаную цану значна меншую, чым тая, што была ў чэку. У выніку гэтых памылак сямейны бюджэт проста так перадаў магазіну амаль дванаццаць рублёў. Ды хоць рубель! Хіба справа ў суме?

Што параіць?

Найперш, канешне, стандартнае: звярайце чэк адразу. Калі ў вас добры зрок, звярніце ўвагу на манітор ля касіра – там падчас счытвання кодаў з’яўляецца назва прадукту і цана. Калі вы бралі з паліцы, дзе быў цэтлік з зусім іншай цаной, варта тут жа спыніць працэс пакупкі.
Можна параіць карыстацца апаратам, які счытае код і выдасць цану тавару яшчэ да касы. Такія апараты цяпер ёсць у кожнай гандлёвай зале, і яны абавязкова павінны працаваць.
З асабістага вопыту: бачу на паліцах з надпісам «Акцыя!» каву, якая мне падабаецца. Вельмі прывабная цана. Бяру пачак. Пасля памяць падказвае: я ж прахо-
дзіў міма паліц, такая ж кава там стаяла без усякіх прывабных прапаноў. Вяртаюся, гляджу: так і ёсць. Бяру пачак «безакцыйнай кавы», з двума пачкамі падыходжу да апарата счытвання кодаў, правяраю… Адна цана! Ніякай акцыі.
І на касе «акцыйная» кава ідзе па звычайным кошце. Пытаюся пра акцыю, бо быў гатовы да такога. «Акцыя скончылася, не паспелі прыбраць», – гучыць адказ, у якім выразна чытаюцца ноткі: «Што ты прыстаў з-за нейкіх трох рублёў, жабрак…»

Замест заключэння
Аўтар не ставіў перад сабой задачу «кінуць цень на пляцень» і абвінаваціць у падмане ўвесь гандаль ці яго частку. І насамрэч, чэргі, нервовасць, доўгі рабочы дзень – усё адбіваецца на ўважлівасці і дакладнасці. Няпроста зрабіць так, каб вялікі магазін працаваў з дакладнасцю гадзінніка. Мы ўсе – людзі, маем права на эмоцыі і памылкі. У кожнага з нас могуць быць свае асабістыя праблемы. Зразумела, што найперш трэба ставіцца да людзей, як бы мы хацелі, каб яны ставіліся да нас. Залатое правіла быцця.
Але пры гэтым – правяраць чэк пакупак, не адыходзячыся далёка ад касы…

Валерый Гапееў.