Сёлета адсвяткавалі абласныя «Дажынкі» ў Лагішыне, а ў наступным годзе сустракаць гасцей будуць Целяханы

Брэсцкая вобласць першай адсвяткавала «Дажынкі» ў гарадскім пасёлку Лагішын Пінскага раёна. Гасцінна сустракала гасцей Лагішынская зямля. За апошні год, з моманту выбару месца святкавання, гэты населены пункт вельмі пахарашэў. З’явіліся новыя цікавыя аб’екты: дзіцячая школа мастацтваў, гарадскі сквер з скульптурай ваўка і месцамі адпачынку. Праведзены капітальны рамонт бальніцы, аўтастанцыі, стадыёна куды і накіроўваліся прыехаўшыя на свята госці.

 Святкаванне пачалося з шэсця дэлегацый усіх раёнаў вобласці, удзел у якім прыняла дэлегацыя Івацэвіцкага раёна. З музыкай, вялікім караваем, народнымі песнямі ў нацыянальных строях крочыла калона па цэнтральнай вуліцы Лагішына. Узначальвалі шэсце галоўныя героі свята – тыя, хто працаваў на зямлі і дасягнуў высокіх паказчыкаў на жніве.

У гэтым сезоне Брэсцкая вобласць першай завяршыла ўборку зерневых. У караваі рэгіёна – 1 млн. 176 тысяч тон. У сярэднім з кожнага гектара выйшла 35 цэнтнераў зерня і 23 рапсу.

Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала ўзнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю.

Прывітальны адрас ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі зачытаў кіраўнік спраў Прэзідэнта, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў. Валерый Мікалаевіч адзначыў, што Брэстчына ў чарговы раз пацвердзіла статус развітага аграрнага рэгіёна. Ён жа ўручыў узнагароды кіраўнікам раёнаў і гаспадарак, лепшым хлебаробам вобласці. Пад гучныя апладысменты на галоўную сцэну падняліся пераможцы абласнога спаборніцтва на ўборцы ураджаю. Сярод раёнаў лепшыя – Камянецкі, Жабінкоўскі і Брэсцкі.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падкрэсліў, што ў складаных умовах надвор’я аграрыі зрабілі ўсё магчымае, каб хлебны каравай атрымаўся шчодрым, праявілі майстэрства, прафесіяналізм і працавітасць:

– Шлях да «Дажынак», якія завяршаюць гарачую пару жніва, працяглы і вельмі няпросты. Але вобласць справілася з пастаўленай задачай і сабрала добры ураджай. На сёняшнім свяце ва ўсіх добры настрой і яркія эмоцыі ад усведамлення, што разам мы робім адну вялікую справу – працуем на блага нашых людзей, нашай Брэстчыны і роднай Беларусі!

У гэтым годзе грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджанны не толькі камбайнёры, але і вадзіцелі на адвозцы зерня з палёў, аператары зернесушыльных комплексаў, аграномы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сярод якіх былі імёны працаўнікоў гаспадарак нашага Івацэвіцкага раёна. На святочную сцэну ў гэты дзень паднімаліся: вадзіцель ААТ «Мілейкі» Васілій Бялевіч (пераможца абласнога спаборніцтва сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі адвоз зерня ад камбайнаў), вадзіцелі ААТ «Новыя Стайкі» Уладзімір Рабкавец і ААТ «Святая Воля» Раман Агрэніч (пераможцы абласнога спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў).

Каштоўны падарунак і падзяку за плённае супрацоўніцтва і руплівую працу на зямлі атрымаў Аляксандр Каткавец, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Хадакі Каткавец».

Прыемна адзначыць, што пераможцам агляду-конкурсу  «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў» стала старшыня Яглевіцкага сельвыканкама Галіна Панюк, якая атрымала ўзнагароду і каштоўны падарунак з рук Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэя Худык.