Незвычайны крадзеж пярсцёнка адбыўся ў Івацэвічах

Гэтая на першы погляд просценькая гісторыя адбылася ў Івацэвічах. Аляксей, мужчына сярэдніх гадоў, сябраваў… коцікам з сям’ёй Віктара і Таццяны Р. Справа ў тым, што ў гэтага Аляксея дома меўся прыгожы хатні кот, з якім любілі гуляць дзеці Віктара і Таццяны і якім ён жывёліну аддаваў у «часовае карыстанне».

У адзін з вечароў Аляксей прыйшоў у дом вышэйзгаданай сям’і, каб забраць ката. Яму насустрач выйшла Таццяна, як кажуць, у негліжэ – амаль у распранутым выглядзе. Цераз некалькі імгненняў з кватэры выйшаў і Віктар, муж Таццяны, якога абурыў той факт, што яго жонка ледзь не голая сустракае чужога мужчыну на парозе. Ён закрывае сваім целам жонку ад чужых вачэй, адштурхоўвае яе за дзверы, але ў гэты момант у яго злятае заручальны пярсцёнак з пальца і падае на падлогу.
Дадзены факт не застаўся па-за ўвагай Аляксея, які трымаў коціка на руках, а пасля кінуў яго якраз у той бок, дзе ляжаў пярсцёнак. Зноў беручы ласкавую жывёліну на рукі, ён непрыкметна з падлогі падняў залаты выраб і паклаў сабе ў кішэню. Усе ўдзельнікі гэтай дзеі дамовіліся, што коцік яшчэ застанецца гасцяваць у кватэры – і разышліся. Толькі Віктар у хуткім часе спахапіўся: а дзе падзеўся пярсцёнак з пальца? Успомніў, што ён зляцеў у той момант, калі ён закрываў «прелести» жонкі ад вачэй Аляксея.
Такім чынам падазрэнні Віктара і Таццяны ўпалі на гаспадара коціка; яны паспрабавалі «націснуць» на Аляксея. А той не прызнаваўся. Прыйшлося сямейнай пары звярнуцца ў міліцыю. Пад ціскам доказаў мужчына быў вымушаны прызнацца. А вось пярсцёнак не вярнуў, патлумачыў, што згубіў, бо ў кішэні, куды паклаў яго, была дзірка. Кошт гэтага вырабу ён, дарэчы, аплаціў пацярпелым грашыма. Гэты мужчына асуджаны па ч.1 арт. 205 «Крадзеж» на месяц арышту.

Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ,
суддзя суда Івацэвіцкага раёна.