Сакрэтныя матэрыялы Куляшоў: якія вялікія тайны хавае маленькая вёсачка?

Мы пад’язджаем да вёскі Куляшы, якая сустракае нас напружаным маўчаннем – што чакаць ад незнаёмцаў? Але мы добра падрыхтаваліся да паездкі – прыхапілі з сабой у якасці правадніка жыхара в. Мілейкі, аматара мясцовай гісторыі і проста неабыякавага грамадзяніна, імя якога раскрываць не будзем, назавём яго ўмоўна В. Бо сапраўдныя журналісты сваіх крыніц не выкрываюць.
Першы пункт на нашым шляху – загадкавы будынак, які сапраўды ўражвае – мясцовыя завуць яго «абора». Вікіпедыя падказала, што абора – гэта сельская пабудова для кароў у XV – пачатку XX стагоддзя. Здавалася б, усё зразумела, гэта гаспадарчая пабудова. Але не ўсё так проста: што гэта за будынак, каму ён належаў, для чаго выкарыстоўваўся – не памятаюць нават доўгажыхары.
Цяпер у «аборы» мясцовы фермер трымае авечак. Для будынка гэта не новыя «насельнікі» – калі ў Куляшах яшчэ была гаспадарка, тут таксама трымалі жывёлу – кароў, коней, авечак. Убачыўшы манументальны будынак, падышлі бліжэй, каб уважліва яго агледзець. Сцены таўшчынёй у метр, кладка з камянёў рознай велічыні, змацаваных вапнай, дах новы, але бэлькі яшчэ тых часоў, відаць, што страха была пакрыта дзёрнам. Унутры нясучыя калоны таксама старыя, складзеныя з каменю. Няма сумневу, яно прастаіць яшчэ не адно стагоддзе! Але хто і для чаго яго пабудаваў? Спадзяёмся, што мясцовыя жыхары дадуць нам адказ на гэтае пытанне і накіроўваемся ў вёску.

«Абора? Дык яна належала маёй сям’і!»

Адразу рушым да доўгажыхаркі вёскі Надзеі Васільеўны Піваварчык, якой 93 гады.
– Па што вы прыехалі да нас? – пытаецца Надзея Васільеўна.
– Па скандалы, інтрыгі, расследаванні, – кажу. – Успамінайце, ці жыла ў вёсцы ведзьма? Ці ўдалося каму з мясцовых прынесці дамоў штосьці каштоўнае з Палаца Пуслоўскіх? Можа, зубры ці алені да вас наведваюцца ці вы тут у Куляшах падземны ход да Ружан хаваеце?
– Ой, крый Божухна, такога не ведаю, гэта вам да аўталаўкі трэба, – смяецца Надзея Васільеўна. – Там ўсе навіны даведацца можна. Раней, калі магла хадзіць, заўсёды на лаўцы з аднавяскоўцамі сядзела, «сакатала», усё пра ўсіх ведала. Цяпер не магу дайсці, цяжка, мне мой сацыяльны работнік Таццяна ўсё прыносіць.
Надзея Васілеўна нарадзілася ў Куляшах і правяла тут усё жыццё – выйшла замуж, працавала ў гаспадарцы, нарадзіла дзіця, гадавала ўнукаў. Унукі і цяпер наведваюць бабулю, даглядаюць участак. У Надзеі Васіль-
еўны веранда пазітыўнага бірузовага колеру, побач кветкі – колеру фуксіі, пазітыўны кот – колеру стракатага, а ў садзе – прыгожыя, старыя яблыні смарагдавага колеру, на якіх адпачывае вока. Доўга гляджу на іх, цешуся.
– Гэта мой гаспадар пасадзіў, калі жывы яшчэ быў, – кажа Надзея Васільеўна.
– Раскажыце пра сваё вяселле, – хачу даведацца болей пра вясельныя традыцыі.
– Караваі самі пяклі, сукенку шлюбную тады ці самі шылі, ці набывалі, тады іх ужо можна было купіць, гасцей звалі шмат, цэлую вёску, гулялі весела, два дні. Хто чым дарыў: і матэрыяламі, і грашыма.
– Колькі ж прыйшлося гатаваць, каб накарміць столькі гасцей?
– Нядоўга, тыдзень усяго, – аптымістычна адказвае Надзея Васільеўна. – Кабанчыка закалолі, размеркавалі абавязкі паміж жанчын і ўсё.
На развітанне спытала – «Ведаеце штосьці пра абору?»
– А як жа не ведаць? Мой дзед купіў яе для майго бацькі і яго братоў. Там збожжа захоўвалі, інвентар. А побач і нашыя хаты былі. Помню, падчас вайны міна каля хаты ўзарвалася, з боку дарогі прыляцела, ажно зямля скаланулася, страшна было…. Але хто і для чаго абору пабудаваў, не ведаю. А калі і ведала, то ўжо забылася, – смяецца Надзея Васільеўна.

«Так весела на танцах было, з усёй акругі да нас прыязджалі»

Людмілу Еўтух мы заспелі з сям’ёй за карыснай справай – прыехала дапамагчы сястры ўправіцца з ураджаем цыбулі.
– У Куляшах раней, ой, як весела было! У Мілейках клуба не было, дык увесь народ да нас на танцы ехаў – Мілейкі, Гладышы, Сакоўцы, Квасевічы, Юрчыкі – усе тут гулялі, – з насталь-
гіяй згадвае Людміла. – Моладзі шмат было, і адносіны былі такія чалавечыя – як адна вялікая сям’я. На святы заўсёды разам збіраліся. Помню, як калядаваць хадзілі. І кожны дзверы адчыняў, частаваў, чым мог. А цяпер людзі пазачыняюцца на сваіх лесвічных клетках і дзверы не адчыняюць, калі хто калядаваць прыходзіць. Ды і вёска была развітая – і магазін быў, нават лазня з саўнай і пральняй.

Шаўковы эксперымент
Неверагодна, але факт: у былой лазні ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя быў утвораны цэх па вырошчванні тутавага шаўкапрада. Былі закупленыя лічынкі шаўкапрада, якія прыстасаваліся есці беларускую зеляніну. І ўсё, здавалася, ішло добра – у належны тэрмін лічынкі ператварыліся у коканы, але разматаць іх на нітку не атрымалася. Можа таму, што тады тэхналогія вытворчасці была яшчэ не вывучана дасканала… Эксперымент, на жаль, выявіўся няўдалым.

З заробкаў прывезла… мужа!

Куляшы можна прызнаць запаведнікам – над вуліцамі вёскі звіваюць свае кроны старажытныя дрэвы, ад вышыні якіх кружыцца галава, а ствалы іх аднаму чалавеку не абхапіць.
У цені маляўнічых дрэваў доўгажыхарка вёскі Марыя Іосіфаўна Цыко гутарыла з суседкай, якая прыбегла яе праведаць. Раз на тыдзень жанчына абавязкова заглядвае да Марыі Іосіфаўны.
У размове пра штодзённае жыццё Марыя Іосіфаўна згадала, як маладой ездзіла на заробкі ва Украіну, на Львоўшчыну. Я ўпершыню чула, каб у тыя часы моладзь ездзіла на заробкі, але суседка пацвердзіла – з Куляшоў многа хто ездзіў туды падзарабіць.
– Цяжка тады працавала, кароў даіла. Не помню, што і зарабіла там. Адно мужа з заробкаў прывезла, – смяецца Марыя Іосіфаўна. – Як паехалі ў Карпаты, дык мясцовыя хмыкалі, бач, беларуску ў жонкі ўзяў.

Вёска можа спаць спакойна, яе ахоўвае «падфебель»

Цікавую гісторыю расказаў нам доўгажыхар вёскі Канстанцін Несцеравіч Ганчар.
Пры Польшчы ў Куляшах быў чалавек, якога звалі падфебель – гэта размоўнае ад звання «фельдфебель». Фельдфебель у арміі быў памочнікам камандзіра роты па гаспадарцы і ўнутраным распарадку.
– Казалі, што быў такі чалавек, якому людзі плацілі, а ён ахоўваў вёску. Нават дзяжурыў па начах – на выпадак пажару ці каб чужынцы не «гаспадарылі» ў дварах. Ён усё пра ўсіх ведаў, яму расказвалі вяскоўцы пра свае планы. Калі каму трэба па сена ехаць, то ён будзіў, нагадваў – трэба коней пакарміць перад дарогай, – расказаў Канстанцін Несцеравіч.
– Маёй сяброўкі бабуля, якая ў Смаргоні жыла, расказвала, што пры паляках дзверы каўбасой падпіралі, так добра жылі. Ці добра жылі пры паляках у Куляшах? – пытаюся .
– Вясна прыйдзе – без хлеба былі. Калі многа зямлі, ды яна добра радзіла, то быў хлеб, а ў каго не – то ішлі пазычаць. У нас Дубячанец быў, то да яго хадзілі. А як саветы прыйшлі, то восем гадоў турмы яму далі, – дзеліцца ўспамінамі Канстанцін Несцеравіч.
Згадаў субяседнік, як мясцовыя жыхары хадзілі сустракаць вызваліцеляў – савецкіх салдат, якія ішлі на Ружаны.
– У 39-ым у Юрчыкі хадзілі, торбы пабралі, сталы павыносілі – чаго толькі не было на тых сталах, – успамінае Канстанцін Несцеравіч. – У партызанах шмат было мясцовых. Тыя, хто маладымі на фронт пайшлі, не вярнуліся, а партызаны папрыходзілі.
Зноў пытаюся пра абору, можа, у гэты раз пашчасіць.
– Зямля і абора належалі банку (хутчэй за ўсё банку Польшчы ў 20-39 гады), і зямлю гэтую нельга было набыць, калі не бярэш частку гэтай аборы, – згадвае Канстанцін Несцеравіч. – Тады людзей цікавіла толькі зямля, а ўжо абору трэба было купляць у нагрузку. Кажуць, што чалавек, які купіў гэтую абору, знекуль узяў золата. Чуткі разняцца, некаторыя кажуць, што ў Амерыку ездзіў, там зарабіў. Дык вось, казалі, што людзі бачылі, як высыпаў золата на «абейку» (крышка ад дзяжы) і варушыў яго, а потым назад у мяшок хаваў.

А вось гэта ўжо цікава! Глядзіш, хутка Куляшы здабудуць новае жыццё – сюды з’едуцца скарбашукальнікі з усёй Беларусі.

Кажуць, сярэдневяковыя алхімікі праводзілі такі дослед: спальвалі найпрыгажэйшую ружу і попел складвалі ў герметычную колбу. Колбу гэтую пасля награвалі на агню і элементы ўз’ядноўваліся ў паветры ў такую ж гожую ружу, якая цяпер была толькі фантомам.
Ад’язджаючы, азірнулася на вёску і мне прымроіўся фантом падфебеля, які нясе сваю службу і зараз; маладыя, якія кружацца ў танцы на шумным шматлюдным вяселлі; вясковая моладзь, якая гучна калядуе, ідучы ад двара да двара…

Ганна Ільяшэвіч, фота Валерыя Міскевіча.