У Капылі і ў СШ №4 г. Івацэвічы прайшло свята беларускага пісьменства

Капыль, райцэнтр на Міншчыне, стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства, які прайшоў 4-5 верасня. Калі ўсе мы не можам патрапіць на такое свята, дык хай свята прыйдзе да нас – мабыць, так вырашылі ў ДУА «СШ №4 г. Івацэвічы» і зладзілі свой Дзень беларускага пісьменства.

Канешне, маштабы мы параўноўваць не будзем, але было на свяце ў школе тое галоўнае, што яднала яго з рэспубліканскім – Яе вялікасць Кніга, беларускае слова.
Беларуская кніга стала цэнтрам і сэнсам свята, і невялічкая палічка, пустая напачатку, да канца свята запоўнілася кнігамі, якія раілі пачытаць госці і гаспадары. Адметна і прыемна, што сярод ўсіх былі кнігі нашых землякоў: Алеся Зайкі, Анатоля Галушкі, аўтара гэтых радкоў.
Была расказана на свяце яго ўжо не кароткая гісторыя, былі гербы ўсіх гарадоў, дзе праходзіла свята раней (і гэта, давайце ацэнім шчыра, зусім не простая і лёгкая работа). Гучалі беларускія песні, ладзіліся невялікія інсцэніроўкі на тэмы чытання і кнігі, былі танцавальныя нумары.
Раіў чытаць і спазнаваць свет праз Слова госць свята, святар Івацэвіцкага храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная» айцец Віталій, сваю кнігу для чытання параіла дырэктар школы Іна Сяргееўна Калесніковіч, пра разнастайнасць кніг, у якіх раскрываецца наша краіна, яе людзі і іх нацыянальны характар, гаварыў і я.
Свята атрымалася, бо атрымалася галоўная з задумак: уславіць у гэты дзень беларускую пісьменнасць. Гэта першы вопыт школьнага калектыву ў такой пачэснай справе, ёсць усе падставы меркаваць, што ў наступным годзе з’явіцца на свяце і яшчэ адзін атрыбут рэспубліканскага фэсту: узнагароджванне лепшых майстроў слова, якія, безумоўна, ёсць у гэтай школе, і кіраўніцтва яе здолее і зацікавіць, і высока ацаніць іх работы.
У кожным разе вельмі прыемна, што вялікае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства – прыйшло на школьны двор школы райцэнтра.

Валерый Гапееў.
Фота з архіва СШ №4 г. Івацэвічы.