Ісландскі мох у Івацэвіцкіх лясах

Калі во цяпер вы загугліце «ісландскі мох», то будзеце здзіўленыя шматлікімі прапановамі: прэпараты з гэтага лішайніку (а гэта лішайнік) вельмі шырока прадаюцца, як лячэбны сродак.
Чалавеку, які доўгі час пакутуе на бронхі, ісландскі мох прысылалі з Сібіры. Ён сушыў яго, пасля заварваў чай і гэтым лячыўся. Дапамагала добра. І вось выпадкова ў нашым лесе ён сустрэў такую ж расліну!
Гэты мох, ужо калі меркаваць па назве, расце ў больш паўночных шыротах. Але ж вось – прыжыўся месцамі і ў нас. Навуковая назва – цэтрарыя ісландская. Што кажуць пра яе вучоныя? Лішайнік утрымлівае да 70-80% вугляводаў, а таксама цукры (глюкозу і галактозу) і ад 3 да 5% лішайнікавых кіслот. Менавіта кіслоты надаюць лішайніку горкі смак і абумоўліваюць яго танізавальную і антыбіятычную ўласцівасці.
Прэпараты цэтрарыі ісландскай валодаюць антысептычнымі ўласцівасцямі. Кіслоты праяўляюць высокую антымікробную актыўнасць.
З гэтага лішайніку рыхтуюць адвары для лячэння катараў і прастуды, студні – супраць дыярэй. Як народны сродак ужываюць і пры лячэнні туберкулёзу.
Цэтрарыя ісландская паказана для лячэння знясіленых хворых. Яе ўжываюць пры запаленнях страўнікава-кішачнага тракту.
Перш чым прымаць лішайнік у ежу, неабходна выдаліць з яго горкія рэчывы. Для гэтага яго вымочваюць у вадзе з содай або поташам на працягу сутак. Мох пасля высушваюць і здрабняюць у муку, якую дадаюць да жытняй мукі пры выпечцы хлеба. Вядомы факт, калі ў 1918 годзе ў Маскве з-за нястачы хлеба яго пяклі з жытняй мукі, напалову змешанай з цэтрарыяй.
Такім чынам, калі прастуды ды кашаль апаноўваюць нас, ісландскі мох – гэта тая расліна, якой варта зацікавіцца.
Але ці тая гэта расліна, што знайшлі мы? Мы адправілі фотаздымкі ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прыродазнаўства, і там пацвердзілі: так, знойдзеная расліна – цэтрарыя ісландская.
Але трэба помніць пра неабходнае: усё, што мы збіраем у лесе ці полі, рэгламентавана правіламі збору дзікарастучых раслін. Ісландскі мох, як любы іншы мох, гэтаксама можна збіраць толькі па гэтых правілах. Найперш трэба пераканацца, што яго можна збіраць там, дзе вы яго заўважылі – не паўсюдна гэта дазваляецца. Другое, збор на асабістыя мэты і нарыхтоўка для нейкай дзейнасці – розныя рэчы. І трэцяе – правілы збору. Усё гэта адлюстравана ў пастанове Міністэрства прыроды Рэспублікі Беларусь №37 ад 21.11.2016 года «Аб зацвярджэнні Правілаў нарыхтоўкі драўняных сокаў, збору, нарыхтоўкі (закупкi) дзiкарослых раслiн i (або) іх частак». Калі ў вас узнікнуць нейкія пытанні, лепш знайдзіце на іх усе адказы, каб, не ведаючы, не парушыць правілы ці нанесці шкоду прыродзе.

Падрыхтаваў Валерый Гапееў.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.