Дык калі і колькі трэба плаціць за сабак?

З такім пытаннем, простым і нечаканым адначасова, у рэдакцыю «ІВ» звярнулася наша чытачка, жыхарка райцэнтра Валянціна С.

Ужо больш за дзесяць гадоў жанчына трымае сабаку ва ўласнай кватэры. Каб не быць павіннай ні дзяржаве, ні суседзям, сабачніца са стажам вырашыла ўсе пытанні наконт рэгістрацыі сабакі і штомесяц спраўна плаціла падатак за жывёлу. У ліпені ён складаў 2,90 руб., а ў жніўні жыроўка аказалася значна большай. У апошні месяц лета падатак на ўтрыманне сабак склаў 8,70 руб.
«У чым прычына такога «скачка?», – абуралася жанчына. – У камунальным мне адказалі, што ўсё па законе, і цяпер падатак будуць браць раз у квартал. Ці так гэта і як быць з такой «перадаплатай», калі сабака, не дай бог, памрэ ці ўцячэ?..
Па тлумачэнні мы таксама звярталіся ў камунальную службу раёна. Спецыялісты абаненцкага аддзела ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» патлумачылі: нядаўна арганізацыя абнавіла адзіную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму па залічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Новая версія праграмы «аўтаматам» налічвае паквартальную аплату падатку за ўтрыманне сабак. Атрымліваецца, сума падатку тая ж – 0,3 базавай велічыні за квартал і 1,5 базавай– за пароды сабак, якія ўключаны ў пералік патэнцыйна небяспечных. Аднак цяпер сума бярэцца цалкам за квартал, а не разбіваецца па месяцах.
Намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Івацэвіцкім раёне Марына Цярэшка пацвердзіла: парадак уплаты дадзенага падатку вызначаны арт. №29 Падатковага кодэкса РБ. Згодна з ім, плацельшчыкамі падатку прызнаюцца фізічныя асобы, якія маюць сабак ва ўзросце ад трох месяцаў. Падатковая база вызначаецца на першае чысло першага месяца падатковага перыяду, а ім лічыцца каляндарны квартал. Адным словам, калі на 1 студзеня ў вашай кватэры жыве зарэгістраваны сабака, то вы ўжо плаціце падатак на тры месяцы наперад. Ніякага звароту грошай у выпадку страты жывёлы не будзе.
Нашай чытачцы неабходна аплаціць падатак, ніякай памылкі тут няма, але ці не бачыце вы ў такім налічэнні парадоксу? Усе мае суразмоўцы-сабачнікі, таксама палічылі гэта пэўнай «перадаплатай». Варыянт штомесячнай аплаты, па-першае, зрабіў бы суму падатку не такой адчувальнай для плацельшчыка, а па-другое, зменшыў бы шанец заплаціць за наяўнасць сабакі, скажам так, на паперы.
– За тры месяцы можа ўцячы шмат вады, за што тады плаціць гаспадар? – адзначае вопытны сабачнік і валанцёр Івацэвіцкага прытулку для ба-
дзяжных жывёл пры ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Вольга Белавус. – Мой сабака таксама зарэгістраваны, аднак на «хвосцікаў» у прыватным доме падатак не налічваецца. Такая сума асабіста мяне б не засмуціла, але афіцыйная «прапіска» дае шмат плюсаў: гэта ваш асабісты спакой перад суседзямі, асабліва ў шматкватэрным доме. Яшчэ падчас рэгістрацыі ў ЖКГ вы атрымаеце жэтон з асабістым нумарам жывёлы. Гэта значна спросціць для вас пошук жывёлы ў выпадку страты. Ох, як бы і нам, валанцёрам, гэта было на руку падчас шматлікіх «пошукавых» кампаній…
Дарэчы, па дадзеных камунальнай службы, у райцэнтры, пачынаючы з 2007 года і па сённяшні дзень зарэгістравана 458 жывёл. Гэта сабакі і каты. Дарэчы на катоў падатак не налічваецца. А з 2017 года ў Івацэвічах афіцыйна былі зарэгістраваныя ўсяго 66 жывёл. Канечне, гэтая лічба далёкая ад рэальнасці. Не ўсе гаспадары спяшаюцца ўнесці сяброў сваіх меншых у агульную базу. Але, нагадаем, падатак на сённяшні дзень налічваецца толькі на сабак-жыхароў шматкватэрных дамоў. У дзень рэгістрацыі (цяпер гэта бясплатная працэдура) гаспадар атрымае бестэрміновае пасведчанне (так званы пашпарт) з усімі дадзенымі жывёлы і жэтон з асабістым нумарам. Па правілах утрымання хатніх жывёл, гэты жэтон павінен заўсёды быць на ашыйніку вашага чатырохногага сябра. Гэта рэальна дапаможа ў выпадку прапажы жывёлы.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.