Добраўпарадкаванне вуліцы Гамаліцкага падыходзіць да завяршэння

У апошнія гады накіраваны значныя сродкі на добра-ўпарадкаванне вуліцы Гамаліцкага ў Івацэвічах – тут з’явілася новая сучасная лінія асвятлення, тратуар, а на праезнай частцы аўтадарогі – новы асфальт. Менавіта добраўпарадкаваннем аўтадарогі з устройствам верхняга слоя асфальтабетоннага пакрыцця зараз займаюцца работнікі Івацэвіцкага ДРБУ-178. На дадзеныя работы дзяржавай накіравана каля 180 000 рублёў.

– Як плануем, да 1 лістапада работы на дадзеным аб’екце будуць завершаны, – гаворыць Мікалай Лакішык, начальнік філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» Івацэвіцкае ДРБУ-178. – Мясцовыя жыхары адчуюць мноства пераваг і, упэўнены, будуць нам удзячныя за работу; тут з’явяцца таксама два павільёны для аўтобусаў і пасажыраў, да гэтых павільёнаў будуць весці тратуарныя дарожкі; для бяспекі будуць створаны штучныя няроўнасці… Гэтая частка Івацэвічаў набывае сучасны еўрапейскі выгляд.
Гэты аб’ект – не адзіны, дзе шчыруюць спецыялісты ДРБУ-178. Асфальтаванне аўтадарогі Іванава-Моталь-Тышкавічы (яна выходзіць да Аброва) ў гэтыя дні таксама праводзяць дарожнікі, як кажуць, ёсць дзе прыкласці свае сілы, прадэманстраваць магчымасці.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).