XIV Беларускі міжнародны медыяфорум праходзіў на Брэстчыне
Прадстаўнікі 25 краін прымаюць ўдзел у XIV Беларускім міжнародным медыяфоруме “Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства”, які праходзіць у Брэсце 23-24 мая.
На медыяфорум прыехалі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, дыпламаты, прадстаўнікі экспертнай і медыйнай супольнасці, журналісты з Азербайджана, Арменіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Францыі, Эстоніі, – усяго ў складзе дэлегацыі больш за 250 чалавек, з іх амаль 100 замежных гасцей.
У гэтым годзе медыяфорум адкрыла пленарнае пасяджэнне ў турыстычным комплексе “Сядзіба Рынькаўка” (вёска Цюхінічы, Брэсцкі раён). Пасля пленарнага пасяджэння работа прадоўжылася па секцыях. Тэмамі панэльных дыскусій сталі – “Медыяпрастора і інфармацыйная бяспека”, “Уплыў сацыяльных сетак і блогасферы на фарміраванне грамадскага меркавання. Пашырэнне прысутнасці ў іх дзяржаўнага кантэнту”, “Сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе роля ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў”.
Традыцыйна ў другі дзень форуму, у гэтым годзе на базе Брэсцкага дзяржуніверсітэта, ладзіцца Летняя школа журналістыкі па тэме “Сучасная журналістыка і сацыяльныя медыя”.
Таксама ў першы дзень медыяфоруму было арганізавана ўшанаванне пераможцаў па выніках штогадовага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, журналістаў Брэсцкай вобласці.
Прыемна адзначыць, што і ў гэтым годзе скарбонка ўзнагарод рэдакцыі раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” папоўнілася новымі ўзнагародамі.
Так, у намінацыі “Маладзёжныя арыенціры” пераможцам спаборніцтва прызнана карэспандэнт раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” Ганна Ільяшэвіч.
Калектыў рэдакцыі віншуе калегу з ўзнагародай і зычыць ёй новых творчых перамог.
Дзяніс КАРПАЎ, фота Аляксандра Шульгача.