Восьмы зборнік

Івацэвіцкі паэт Віктар Рэчыц больш за паўстагоддзя служыць грамадству, складаючы сатырычныя і гумарыстычныя творы. У адных ён высмейвае людскія заганы, асуджае негатыўныя з’явы жыцця, у другіх – у лёгкай форме паказвае чалавечыя слабасці, смешныя сітуацыі, у якія трапляюць героі, каб узняць настрой чытачоў.

Днямі аўтар і прыхільнікі яго творчасці атрымалі прыемную навіну: брэсцкае выдавецтва «Альтэрнатыва» дало жыццё новаму, восьмаму па ліку, зборніку паэта-сатырыка «Форс-мажор».
Як і раней, тут прадстаўлены розныя літаратурныя жанры: верш, байка, фельетон, гумарэска, жарт. Чытач зноўку сустракаецца з адмоўнымі персанажамі: злодзеямі, п’яніцамі, бюракратамі, махлярамі…
Адметнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што на гэты раз аўтар уключыў у свой зборнік частку твораў з папярэдняга – «Гастролі». Гэта зроблена з улікам таго, што, па-першае, тыражы кніг малаватыя, а па-другое – у зборнік выбраных твораў «Паўцарства за ўсмех» не ўвайшлі лепшыя з двух апошніх выданняў – не паспелі. Паўторнае выкарыстанне практыкуецца ў пісьменніцкім асяроддзі.

Прапануем увазе чытачоў некалькі твораў з новай кнігі Віктара Рэчыца «Форс-мажор».

Скупенда

Байка

Вясна. Час бульбачку садзіць
У вёсцы зноў на ўчастках.
Мікіта дома не сядзіць.
Пайшоў ён да начальства.
– Саўгасны конік трэба мне, –
Сказаў ён брыгадзіру.
– Што ж, возьмеш ты, але пазней –
Суседка не садзіла…
Спытаўся конюх праз сем дзён:
– Ну, як прайшла пасадка?
Мікіта адказаў не ў тон:
– Прайшла зусім не гладка…
Ледзь не падвёў нас ваш Гняды:
Араць не меў ахвоты.
Здалося мне, Антон, тады,
Што шмат у ім ляноты.
Каб не прыпасеная пуга,
Было б нам, я мяркую, туга.
– Лянуецца? Я не магу
Сказаць так пра Гнядога.
Ён мае сілу і вагу,
Штодня працуе многа.
У той дзень трэцім твой загон
Быў у каня, Мікіта.
Відаць, стаміўся ён. Яго
Спачатку пакарміў ты?
– Аўса няма, то не даваў…
– Дык хай бы ўсыпаў бульбы,
Паднёс сянца ахапкі два…
Жывёле гэта люба.
Усё мне ясна, – заключыў
Антон, – твая тут хіба.
Каб ты не спажываў харчы,
Ці ж многа сам зрабіў бы?
Было такое даўнавата,
Ды забываць урок не варта.
Скупенда – ненадзейны
кампаньён,
Падвесці лёгка можа ён.

Ледзь
не сіноптык

Прагназаваць я
Надвор’е гатовы.
Гэта, здаецца,
Заўжды мне ўдаецца.
Хочаце ведаць,
Які будзе вецер,
Заўтра ў Пружанах?
Паўночна-паўднёвы.

Простае
выйсце
– падай мне лупу –
Паглядзець хачу,
Што на вунь той
Бутэлечнай наклейцы.
Ай, прачытаць ніяк
Мне не ўдаецца,
І не таму,
Што цьмянасць уваччу.
Тут не па-нашаму
Напісан тэкст.
– Дык лупу за мяжой
Купі, Мадэст.

Наш кар.