Ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Партызанскі рух на Брэстчыне” ладзілася ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Хаваншчына”
Як ніколі шматлюдна было 26 мая на Жытліншчыне. Тут па традыцыі ў апошнюю нядзелю мая ладзілася мерапрыемства, прысвечанае гісторыі партызанскага руху Івацэвіцкага раёна.
З самага ранку ў вёску Жытлін пачалі прыбываць шматлікія дэлегацыі. На жаль, у складзе іх з кожным годам усё менш і менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў партызанскага руху вобласці. Аднак колькасць людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне і аддаць даніну павагі яшчэ жывым сведкам тых падзей, гаворыць аб тым, што памяць пра жахлівыя гады вайны жыве і будзе жыць вечна. Праграма мерапрыемства была насычанай.
Спачатку ў в. Жытлін ля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне адбыўся мітынг “Памяць пакаленняў”.
Пасля мітынгу ўзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына”, дзе на паляне перад уваходам госці змаглі ўбачыць ваенна-гістарычную рэканструкцыю “Партызанскі рух на Брэстчыне”.
Сюды, у былы штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, які на працягу 1941-1944 гадоў аб’ядноўваў 11 брыгад і 12 асобных партызанскіх атрадаў (больш за 13 тысяч чалавек), і дзе з красавіка 1943 года размяшчаліся падпольныя абласны камітэт партыі і абласны камітэт камсамола, рэдакцыя газеты “Заря”, у гэты памятны дзень прыехалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, падпольшчыкі, удзельнікі партызанскага руху вобласці, іх дзеці і ўнукі, а таксама людзі, якія даражаць успамінамі аб той страшнай вайне.
Затым усім было прапанавана тэатралізаванае прадстаўленне “Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада”, а пасля экскурсіі па “Хаваншчыне” святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся на стадыёне вескі Хадакі. Падрабязней пра тое, як праходзіла мерапрыемства, чытайце ў раённай газеце “Івацэвіцкі веснік”.
Падрыхтаваў Дзяніс КАРПАЎ.