Cотага нецвярозага вадзіцеля затрымалі ў раёне

20 кастрычніка інспектары ДПС Івацэвіцкай Дзяржаўтаінспекцыі затрымалі вадзіцеля, які аказаўся сотым нецвярозым кіроўцам механічнага транспартнага сродку, якога з пачатку года затрымалі нашы даішнікі.

Такім чынам, псіхалагічны бар’ер у 100 злосных парушальнікаў Правілаў дарожнага руху пераадолены.

Не меней абуральным з’яўляецца той факт, што Івацэвіцкі раён працягвае лідзіраваць па колькасці затрыманых п’яных вадзіцеляў, калі параўноўваць з суседнімі раёнамі – Пружанскім, Ганцавіцкім, Бярозаўскім, Драгічынскім…

За 2020 год супрацоўнікі АДАІ івацэвіцкага РАУС затрымалі 114 такіх парушальнікаў. Хутчэй за ўсё, у бягучым годзе дадзеная лічба будзе пераадолена.

Гэта здзіўляе, тым больш, што з 1 сакавіка 2021 года сталі больш жорсткімі меры ўздзеяння, і калі ў крыві вадзіцеля болей за 0,8 праміле, то санкцыі даволі суровыя – пяць гадоў пазбаўлення права на кіраванне і штраф у памеры 200 базавых велічынь. А зараз самае дзіўнае: каля 80 чалавек з ліку вышэйзгаданай сотні мелі ў крыві болей за 0,8 праміле (калі ад 0,3 да 0,8 праміле, то тры гады пазбаўлення права кіравання і штраф 100 б. в.).

У ліку гэтай «гарачай» сотні – тры жанчыны. Улічваючы, што фактар аўталэдзі сёння нікога не здзіўляе, то прыйшоў час мужчынам браць прыклад з прыгожай паловы чалавецтва; жанчыны з большай павагай ставяцца да адпаведнага пункта Правілаў.

Васіль ЖУР,
начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.