Наша «Хаваншчына» ў аб’ектыве расійскага ваенкара Віктара Богдана

8 кастрычніка ў ДУК «Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей» адкрылася фотадакументальная выстаўка, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння атрада імя героя Аляксея Чарткова. Нагадаем, атрад быў створаны 11 кастрычніка 1941 года і дзейнічаў у тым ліку ў нашых Карочынскіх лясах. Юны лейтэнант Аляксей Чарткоў, выпускнік Калінкавіцкага ваеннага вучылішча, папаў служыць пад Брэст. Тут пачаўся і скончыўся яго ваенны шлях…

Аляксей трапляў у палон, уцякаў і параненым аказаўся на Жытліншчыне. Нашы людзі выходжвалі будучага кіраўніка атрада. Ад нас ён напісаў дадому ў пасёлак Фруктовае (Маскоўская вобл.) свой апошні ліст. Дарэчы яго копія – адзін з каштоўных экспанатаў Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Гэтыя і іншыя цікавыя факты з жыцця маладога героя Вялікай Айчыннай вайны школь-
нікі ДУА «Косаўская СШ» пачулі ў музеі падчас адкрыцця выстаўкі з вуснаў нашых музейшчыкаў і даўняга сябра ўстановы культуры, расійскага ваеннага журналіста Віктара Богдана.

Віктар Міхайлавіч – член Саюза журналістаў Расіі, ваенны аглядальнік, аўтар шматлікіх персанальных выставак, кніжных фотаілюстрацый. Гэты журналіст з беларускімі каранямі, ён родам з Гро-
дзеншчыны, аднойчы папаў на экскурсію ва ўрочышча «Хаваншчына» і «загарэўся» тэмай партызанскага руху і дзейнасці атрада імя А. Чарткова. Шэраг фота з магілы героя, мітынгаў і экскурсій у «Хаваншчыне» і леглі ў аснову дакументальнай фотавыстаўкі.

У пачатку сустрэчы дырэктар «Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея» Раіса Горбач адзначыла:
– Так, мы прынялі ў сябе Міжнародную эстафету Памяці і Удзячнасці «Радзіма Подзвігу – Радзіме Героя». Усяго за некалькі гадоў гэты праект дапамог пабратацца 30 гарадам і сёлам Расіі і Беларусі. Наш музей зараз актыўна супрацоўнічае з Фруктоўскай школай, якую скончыў Аляксей Чарткоў. Гэтай вясной мы павінны былі наведацца туды, а восенню вось гэтую самую выстаўку мы павінны былі адкрываць разам з сябрамі з Расіі. Думаю, пасля пандэміі мы здзейснім задуманае, бо на нашай зямлі дзейнічаў малады герой Аляксей Чарткоў, у Беларусі, пад Драгічынам, адбыўся яго апошні бой…

Вучні Косаўскай школы сыпалі пытаннямі, а журналіст, выдатны гісторык Віктар Богдан, быў удзячны за такую цікаўнасць. Так, пры школе амаль з моманту яе заснавання дзейнічае дружына імя
А. Чарткова, у ёй зараз 169 челавек.

Гаварыць пра падзеі «Хаваншчыны», пра лёс Чарткова і не наведацца на яго магілу ў Жытліне і ў цэнтр партызанскага руху было нельга. Таму на наступны дзень, 9 кастрычніка, каля магілы героя адбыўся мітынг, які завяршыўся партызанскім салютам, а пасля, ужо на Хаваншчыне, у падзеі ваеннага часу гасцей вярнулі ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клуба «Заходні Рубеж» з суседняй Бярозы.

Па легендзе нямецкія войскі задумалі знішчыць чарговы населены пункт у нашых краях, інфармацыя дайшла да мясцовых камандзіраў, і ў доміку сувязнога ішло абмеркаванне планаў. Трэба было ратаваць вяскоўцаў… Дарэчы, косаўскія школь-
нікі і група дзяцей з Гродна, якой пашчасціла папасці менавіта на такую экскурсію, акунуліся ў падзеі, якія перажылі іх дзяды і прадзеды. Многія пасля доўга не маглі гаварыць, так натуральна ўсё выглядала, страшна было нават назіраць за гэтым збоку, а як было жыць у той час…

Цікаўнасць да ўрочышча «Хаваншчына» расце, усё часцей сюды наведваюцца рэканструктары, а нашы музейшчыкі сёння робяць стаўку на самабытнасць гэтага месца. Шчыруюць над тым, каб яно выглядала больш натуральна, «быццам бы толькі што партызаны пашлі на чарговае заданне» – такі выраз часта гучыць падчас экскурсій. У штабе, медсанчасці, рэдакцыі з’яўляецца новы рэквізіт ваенных часоў. Мо таму гэтае ўнікальнае гістарычнае месца так вабіць турыстаў, беларускіх і зарубежных. Нават ва ўмовах пандэміі гэты музей пад акрытым небам за 9 месяцаў бягучага года сустрэў больш за 7 тысяч наведвальнікаў, прыязджаюць нават з начоўкай.

Абяцаў вярнуцца сюды з расійскімі школьнікамі і Віктар Богдан, падчас сустрэчы ўжо ў Косаўскай школе. Журналіст і фотамайстар размаўляў з юнымі чарткоўцамі, наведаў мясцовы музей і выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.