Каля сямі соцень дрэў і 200 самшытаў высадзілі нашы камунальнікі на вуліцах райцэнтра

Для нашых камунальнікаў, здаецца, восеньская пара – гэта адзін вялікі суботнік.

Высадзіць расліны, сабраць пажоўклае лісце, прыбраць кветнікі і падрыхтаваць іх да зімоўкі… Вось ужо некалькі тыдняў, з пачатку месяца, дзве брыгады камунальнікаў – рабочых зялёнага будаўніцтва і прыбіральшчыкаў тэрыторыі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» – шчыруюць на вуліцах райцэнтра.

Менш за два дзясяткі чалавек сёлета ўжо высадзілі 682 саджанцы бяроз, ліп, клёнаў, іў і каштанаў. Недзе былі закладзены новыя алеі, напрыклад, уздоўж дарогі па вул. М. Танка, недзе рабочыя падсадзілі новыя саджанцы на месцы загінуўшых. Так, каля магазіна «Марцін» не ўсе маладыя дрэўцы, пасаджаныя вясной нашай моладдзю, вытрымалі засушлівае і спякотнае лета.

– Мы пасадзілі маладыя дрэўцы яшчэ па вуліцах 40 год Кастрычніка, Вясенняй, Дэпутацкай, – расказвае майстар зялёнага будаўніцтва Кацярына Саявец. – Яшчэ 200 самшытаў упрыгожылі наш малады парк каля стадыёна і скейт-пляцоўкі. Правільна пасадзіць, падвязаць, паліць – немалы фронт работы мы паставілі перад сабой гэтай восенню, але галоўнай падзякай нам будзе, калі ўсе саджанцы прымуцца і добра перазімуюць, тады вясной у нас будзе яшчэ прыгажэй!

Хто сам хоць аднойчы ў жыцці садзіў дрэва, ведае, якая гэта няпростая задача. Аднак, ёсць у нас сумная практыка, па якой далёка не заўсёды вецер ды маразы «мучаць» маладыя дрэўцы, часта мы самі не пакідаем шансу саджанцу стаць магутным дрэвам… Давайце не будзем ламаць, а вясной і сапраўды падзівімся на прыгожае!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ