Паабяцалі служыць годна

У Івацэвіцкім раёне пачалася адпраўка прызыўнікоў на тэрміновую службу

Шэрагі Узброеных Сіл краіны, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў падчас бягучай прызыўной кампаніі папоўняць да 100 жыхароў Івацэвіцкага раёна. Яны будуць несці службу ў ваенных часцях у Гродне, Барысаве, Бярозе, Баранавічах, Мар’інай Горцы, а таксама недалёка ад дома – на Вольцы.

Першая адпраўка адбылася 25 кастрычніка, калі на службу накіраваліся прадстаўнікі элітных частак. Як і заўсёды, у гэты прызыў жадаючых патрапіць у пагранічнікі і спецназ было шмат, але па стане здароўя і маральных якасцях адбор прайшлі не многія. Як адзначае начальнік групы прызыву Аляксандр Адвалоткін, нельга выдзяляць адзін кірунак, бо ўсе віды і роды войскаў з’яўляюцца прэстыжнымі, бо маюць на ўвазе абарону Айчыны.

– Маладыя людзі сумленна падыходзяць на свайго абавязку. Некаторыя прыйшлі з канкрэтнай мэтай – адслужыць і звязаць свой жыццёвы шлях з войскам. Паменшылася і колькасць «ухілістаў», – расказаў Аляксандр Адвалоткін.

Ваенны камісар Івацэвіцкага раёна Уладзімір Маляванны адзначыў, што наш раён заўсёды вызначаўся прызыўнікамі, якія ўзорна неслі службу, і выказаў надзею, што гэты прызыў не стане выключэннем.

Выконваць пачэсны грамадзянскі абавязак землякі паабяцалі годна. Паабяцалі, як сапраўдныя мужчыны.

Адпраўкі працягнуцца да канца кастрычніка. А ўжо ў лістападзе навабранцы прымуць ваенную прысягу.

Ганна Ільяшэвіч