Работнікі Івацэвіцкага ДРБУ-178 завяршаюць рамонт участка дарогі Івацэвічы-Руда-Сенькавічы

Новыя кіламетры асфальтаваных дарог  з’яўляюцца ў раёне дзякуючы дарожнікам Івацэвіцкага ДРБУ-178, якім кіруе Мікалай Лакішык.

Сёння работнікі прадпрыемства завяршаюць рамонт участка дарогі Івацэвічы-Руда-Сенькавічы. Новенькі асфальт, безумоўна, парадуе аўтамабілістаў, якіх у гэтым напрамку руху ніяк не меншае.

Уся працягласць рамантуемага ўчастка – амаль паўтара кіламетра, яшчэ дадаткова асфальтуюцца два з’езды.

Асфальтаванне дарог ні ўчора, ні сёння не танная справа. Гэты участак каштуе трохі больш за 240 тысяч рублёў.

У бягучым годзе арганізацыя справілася з заданнем па капітальным рамонце участка дарогі ад Іванава да Івацэвіч праз Моталь, Аброва. Раней тут была гравійка, цяпер – амаль паўсюль асфальтавае пакрыццё. Сёлета дарожнікі ДРБУ-178 праклалі 2,7 км асфальту. На наступны год плануецца яшчэ адзін участак працягласцю 2,6 км, і тады дарога цалкам стане асфальтаванай. Яна мае вялікую важнасць найперш для жыхароў Іванаўскага раёна, бо значна скарачае адлегласць, калі маршрут пралягае з Іванава ў бок Івацэвіч, Гродна і Мінска. Добра і для жыхароў нашага раёна: цяпер куды хутчэй можна трапіць у Моталь на «гастранамічны тур» – мястэчка славіцца сваімі мяснымі вырабамі. Вялікая частка дарогі выкарыстоўваецца і мясцовай гаспадаркай – яна ідзе праз палі.

Як адзначыў у размове Мікалай Лакішык, сёлета прадпрыемства працуе «складана, напружана, устойліва». Выкананы работы па асфальтаванні тэрыторыі фермы ў Турной ААТ «Святая Воля».

У гэтым годзе яшчэ плануюцца работы па рамонце ўчастка дарогі ля Бараноў (тут трэба пакласці трохі больш за кіламетр асфальту і зрабіць тры з’езды), чакаюць рабочых рук дарожнікаў у Горталі…

Як кажуць самі дарожнікі, для іх многа работы не бывае: яны гатовыя выканаць самыя розныя заказы, справа ж толькі ў наяўнасці фінансавання тых работ.

Валерый Гапееў,
фота Таццяны Дылюк.