Арэлі для асаблівых дзетак

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы мае добрых і надзейных сяброў. ­­­Адзін з іх – 2-гі асобны стралковы батальён в/ч 7404. Штогод ваенныя дапамагаюць цэнтру стаць больш утульным – то мэблю набудуць і самі збяруць, то падораць дыван ці тэлевізар, а сёлетнім падарункам ад батальёна сталі новыя арэлі, якія надта палюбілі дзеці. Юныя наведвальнікі цэнтра – з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, толькі ў сваім імкненні да шчаслівага і бесклапотнага дзяцінства яны такія ж, як і іх звычайныя аднагодкі: любяць святы, забавы і вяселле, яны творчыя і цікаўныя – і пад крылом у надзейных педагогаў.

Новыя арэлі на тэрыторыі ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы» з’явіліся дзякуючы
2-му асобнаму стралковаму батальёну в/ч 7404, і адміністрацыя ўстановы шчыра дзякуе яго кіраўніцтву і асабістаму саставу за пастаянную дапамогу. Пачыналі супрацоўніцтва з камандзірам батальёна Аляксандрам Карнелюком, прадоўжылі з цяперашнім камбатам Аляксандрам Кудрэвічам, яго намеснікам Алегам Раўнейка, псіхолагам Аленай Бягляк. Падзяка адрасуецца і старшыні і членам жансавета І. А. Дружынінай, С. У. Корсак, М. А. Сарокінай, К. А. Усавай. Батальён супрацоўнічае з цэнтрам ужо многа гадоў. Ваенныя і спонсары, і пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў цэнтра – святаў, конкурсаў, экскурсій.

Побач з арэлямі красуецца новенькая пясочніца. І яна, і плот вакол дзіцячай пляцоўкі ўстаноўлены рукамі ваеннаслужачых, а вось матэрыялы ахвяравала ТАА «Масіў-дрэў». Фарбу падарыла ААТ «Даманаўскі ВГК», і цяпер плот рознакаляровы. Дапамогу ўстанове да пачатку новага навучальнага года сёлета аказала і Івацэвіцкае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС РБ, з якім цэнтр сябруе ўжо не першы год. Часта дапамагае мэбляй ААТ «Івацэвічдрэў», ПГВУП «Дэкор-мэбля».
У кабінетах, класах установы, куды ні зайдзі, – чыста і ўтульна. Адразу бачна, што калектыў тут творчы – уздоўж лесвічнага пралёту шпацыруюць па сценах поруч з Беласнежкай намаляваныя і выразаныя з фанеры гномікі, а ў памяці ўсплывае ўспамін пра тое, як некалі прысутнічала на этапе фестывалю «Вясёлкавы карагод», дзе так хораша выступалі выхаванцы цэнтра – «сонечныя» хлопчыкі з сіндромам Даўна. Згадвае той час разам са мной дырэктар ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі» Ала ТАПТАЛА, зазначае, што вясной навучэнцы ізноў маюць намер удзельнічаць у рэспубліканскім фестывалі, дзе неаднаразова мелі поспех, рыхтуюцца. Запытала ў дырэктара, што новенькага ва ўстанове адукацыі, акрамя арэляў.
– Напэўна, галоўная навіна – адкрыццё ў нашым цэнтры 1 верасня новага аб’яднанага пачатковага класа. У ім вучацца шасцёра дзяцей, – расказвае дырэктар. – Мелі патрэбу ў такім класе, і пры падтрымцы аддзела па адукацыі райвыканкама змаглі гэтую ідэю ўвасобіць у жыццё. Было выдзелена памяшканне – некалі ў ім месцілася група суседняга дзіцячага садка. Там быў зроблены касметычны рамонт, праведзена замена сантэхнічнага абсталявання за кошт бюджэту, клас абсталяваны мэбляй – карацей, створаны ўсе ўмовы. Бацькі кожнага дзіцяці-інваліда хочуць, каб іх сын ці дачка сацыялізаваліся, былі ў калектыве. Таты і матулі пазітыўна ўспрынялі навіну пра клас, падключыліся да падрыхтоўкі – фарбавалі памяшканні, прыходзілі ў выхадныя дні, мы ім надта ўдзячныя. Шчыры дзякуй кажам ўсім бацькам нашых выхаванцаў за дапамогу і актыўны ўдзел у мерапрыемствах цэнтра, у выстаўках, дзякуем за неабыякавасць.
Цяпер у цэнтры вучацца і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў розных формах 82 дзіцяці. Акрамя вышэйзгаданага класа тут функцыянуе дашкольная група – у ёй сямёра навучэнцаў ва ўзросце ад трох да васьмі гадоў. Даўно існуе аб’яднаны старэйшы клас – у ім пяць дзяцей. Індывідуальную карэкцыйна-педагагічную дапамогу атрымліваюць 52 дзіцяці: маюцца на ўвазе заняткі з настаўнікам-псіхолагам і дэфектолагам (педагогі цэнтра бяруць на заняткі дзяцей з дзіцячых садкоў, ці іх да спецыялістаў прывозяць з дому бацькі). Яшчэ восем дзяцей ва ўзросце ад года да трох гадоў атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу на даму.
Усяго ў раёне 746 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтым навучальным годзе 41 дзіця атрымлівае спецыяльную адукацыю на даму, бо з-за хвароб не можа наведваць установы адукацыі. Гэта вельмі многа, і такіх дзяцей становіцца больш, – кажа Ала Мікалаеўна. – Турбуе тое, што расце лік дзяцей з аўтызмам, і да гэтай пары не зразумела, што спрыяе з’яўленню такой паталогіі ў дзіцяці, якую адразу і не заўважыш.
Галоўная задача цэнтра – сацыялізацыя. Дзеці павінны навучыцца сябе абслугоўваць і ўзаемадзейнічаць адзін з адным. Але вучаць іх і элементам граматы. Заняткі вядуцца па спецыяльных праграмах. У цэнтры выхаванцы знаходзяцца па 10 гадзін. Да абеду праводзяцца заняткі па вучэбных прадметах, сацыяльна-бытавой адаптацыі, а потым – выхаваўчыя мерапрыемствы, гуртковая работа, прагулкі. У цэнтры на восеньскія канікулы запланавалі экскурсію ў Косаўскі замак і хочуць, каб такія паездкі сталі традыцыяй. Маюць намер арганізоўваць лагер на кожных канікулах, наладзіць інклюзіўную работу па ўзаемадзеянні дзетак з асаблівасцямі развіцця са здаровымі дзецьмі – запланавалі шэраг мерапрыемстваў.
Яшчэ адны надзейныя і горача любімыя сябры ўстановы для асаблівых дзяцей – работнікі Цэнтра дзіцячай творчасці г. Івацэвічы. Цэнтры ладзяць сумесныя мерапрыемствы, так развіваюцца творчыя здольнасці выхаванцаў. Выпускнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пераходзяць пад крыло Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, там з імі праводзяцца заняткі, кружкі, там працуюць аб’яднанні па інтарэсах. У раёне дзяцей з асаблівасцямі развіцця імкнуцца ахапіць рознымі формамі работы, і не толькі ў цэнтры рэабілітацыі, але і ў дзіцячых садках, школах, дзе ёсць інтэграваныя групы і класы для навучання такіх дзетак і пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Мэта адна – дапамагчы асаблівым дзецям развівацца настолькі, наколькі гэта магчыма, дапамагчы ім знайсці сваё месца ў грамадстве. І грамад-
ства павінна прыкласці намаганні да таго, каб і ім, і іх бацькам было камфортна ў свеце здаровых людзей. Наш агульны абавязак – з разуменнем і спагадай ставіцца да чужых праблем і навучыць гэтаму сваіх дзяцей.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.