Вуліца імя Ракасоўскага ёсць. Ці з’явіцца ў райцэнтры вуліца імя Васілевіча?

Летам гэтага года мы расказвалі пра нечаканую сустрэчу з жыхаром Івацэвіч, былым кіраўніком Аграбанка Іванам Васільевічам Макарэвічам. І даведаліся мы тады пра тое, што ў часы вызвалення нашага раёна штаб Ракасоўскага знаходзіўся паблізу Падстарыні, а непасрэдна ў самой вёсцы нейкі час у адным доме кватараваў Канстанцін Ракасоўскі.
Неўзабаве мы наведалі вёску, і сустрэліся там з Цімафеем Васілевічам.
Калі мы спыталі, ці не ведае ён таго дома, ў якім кватараваў Ракасоўскі падчас наступальнай аперацыі «Баграціён», Цімафей Рыгоравіч загадкава ўсміхнуўся і паказаў рукой на свой дом:
– Вось ён, заходзьце…
Пра Івана Іванавіча Васілевіча
Па шчырасці, ніяк мы не чакалі, што вось так адразу трапім у дом, дзе кватараваў Ракасоўскі і дзе… нарадзіўся камдыў Іван Іванавіч Васілевіч.
Даведка. Варта ведаць, што камдыў – гэта не пасада «камандзір дывізіі», а воінскае званне. Справа ў тым, што ў Чырвонай Арміі званне генерала не было да 1940 года, а былі такія званні вышэйшага камсаставу: камбрыг, камдыў, камкор. Такім чынам, камдыў – гэта, па-сённяшняму, генерал. Пасада камандзіра дывізіі называлася «начдыў» – начальнік дывізіі.
Пра гэтага военачальніка наша раёнка пісала не менш за чатыры разы, матэрыял аб адважным камдыве друкавала абласная «Заря». Ёсць у раённай кнізе «Памяць» невялікі артыкул пра нашага земляка.
Васілевіч і Ракасоўскі – амаль аднагодкі. Абодва нарадзіліся ў нашым раёне. І біяграфіі іх вядомыя тым, хто больш-менш цікавіўся гісторыяй. Пра Канстанціна Ракасоўскага мы пісалі зусім нядаўна, нагадаем пра жыццё Івана Васілевіча.
Нарадзіўся ў Падстарыні, у вялікай сялянскай сям’і ў 1895 годзе. Івана, як дапытлівага і разумнага хлопчыка, бацькі аддалі ў чатырохкласнае гарадское вучылішча, пасля – у Слонімскую гімназію, але з яе юнака выключылі за чытанне нелегальнай літаратуры. У лютым 1915 года Іван Васілевіч быў прызваны ў войска, дзе скончыў ваеннае вучылішча. Камандзір роты на фронце падчас Першай сусветнай вайны. Прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, быў накіраваны ў Тульскую вобласць Расіі. Удзельнічаў ва ўсталяванні савецкай улады. У 1918 годзе накіроўваецца ў Беларусь, арганізоўвае савецкую ўладу ў Гродзенскай губерні. Пачалася грама-
дзянская вайна, Іван Васілевіч – на фронце з белапалякамі, камандзір роты, камісар батальёна, камісар палка. Ранены, кантужаны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У 1924 годзе навучаецца на вышэйшых Акадэмічных курсах, пасля ягоны шлях ляжыць на Далёкі ўсход. Там ён заступае на пасаду каменданта самага вялікага ўмацаванага раёна – Градэкоўскага. За далейшае будаўніцтва ўмацаванага раёна і паспяховае выкананне баявых задач узнагароджаны ордэнам Леніна.
І раптоўна ў 1937 годзе яго арыштоўваюць.
Зрэшты, не раптоўна. 1937 год – разгул рэпрэсій, арганізаваных Сталіным. Іван Васілевіч быў адным са 154 камдываў, якія былі арыштаваны, абвінавачаны ў здрадзе радзіме, шпіянажы і іншых злачынствах і расстраляныя. Толькі з адзінак арыштаваных знялі абвінавачванне. І сярод такіх аказваецца Канстанцін Ракасоўскі. Нам не зразумець логіку рэпрэсій 1937-1939 гадоў.
Зрэшты, вернемся да Васілевіча, дакладней, да яго родных.
Родныя камдыва
На момант арышту ў 1937 годзе ўсе родныя Івана Васілевіча знаходзіліся па-за межамі СССР. Толькі праз два гады адбу-
дзецца ўз’яднанне Беларусі, і тады ў дом Васілевіча прыйдуць няпрошаныя госці. У пачатку лютага 1940 года былі арыштаваныя састарэлыя бацька, маці, брат з жонкай і трыма дзецьмі – і ўсе дэпартаваныя ў Архангельскую вобласць. Вярнуліся не ўсе.
Ужо ў 1944 годзе будзе сасланы ў Сібір пляменнік Івана Васілевіча, сын сястры Алены Рыгор (сястра пакіне сабе бацькоўскае прозвішча).
У 1957 годзе Ваенная калегія вярхоўнага суда БССР прымае пастанову, згодна з якой Іван Васілевіч рэабілітаваны пасмяротна з-за адсутнасці складу злачынства.
Гэты дакумент вярнуў родным Івана Васілевіча надзею на многае. Сястра Івана Васілевіча Алена вяла пошукі магілы брата, пасля ўключыўся ў справу вяртання добрага імя яе сын Рыгор.
Дзякуючы іх намаганням у Падстарыні з’явілася мемарыяльная дошка – «У гэтай вёсцы нарадзіўся камандзір 26 стралковага корпуса Васілевіч Іван Іванавіч».
Справу Рыгора Сцяпанавіча па адра-
джэнні памяці роднага дзядзькі прадоўжыў ягоны сын Цімафей. У Падстарыні з’явілася вуліца Васілевіча, толькі, на жаль, не там, дзе стаіць ягоны дом – гэта вуліца носіць імя Гулевіча, героя-земляка. Патлумачылі мясцовыя ўлады: для перайменавання вуліц трэба не толькі працы многа, але і грошай – столькі ўсяго пераробліваць па новаму.
І вось ён, Цімафей Рыгоравіч Васілевіч сустракаў нас на парозе той хаты, у якой нарадзіўся камдыў Васілевіч, і ў якой, як пераконваў нас гаспадар, падчас наступлення кватараваў Канстанцін Ракасоўскі.
Ракасоўскі і Васілевіч
Гэта калі ў мастацкай якой кнізе напісаць падобнае, дык крытыкі засмяюць: прыдумаў, скажуць. А вось жыццё існуе па сваіх законах, для якіх сустрэчы, супадзенні носяць іншым разам бадай што містычны характар.
Ці былі знаёмыя Васілевіч і Ракасоўскі? Ці выпадкова Ракасоўскі выбраў для свайго часовага прытулку менавіта гэты дом?
У мемуарах Канстанціна Ракасоўскага няма ні радка пра Івана Васілевіча. Увогуле, мемуары пачынаюцца з 1940 года, пра мінулае маршал практычна не згадвае. І нават калі б апісанне свайго жыцця ён пачаў ад часоў Першай сусветнай вайны, канешне, імя рэпрэсіраванага камдыва Васілевіча было б адтуль выкраслена, калі б Ракасоўскі і напісаў пра яго. Аж да самой смерці Сталіна аб’яўленыя пры яго жыцці ворагамі заставаліся такімі, і ўпамінанне іх у друку не дазвалялася, выкрэсліваліся іх імёны, замазваліся радкі і вырываліся старонкі з кніг, рэтушаваліся фотаздымкі.
Зірнём у біяграфіі двух камдываў, пашукаем, што іх звязвае.
Іван Васілевіч у 1924 годзе – на Вышэйшых курсах удасканальвання вышэйшага камсаставу. Ракасоўскі – на Кавалерыйскіх курсах удасканальвання вышэйшага камсаставу. Маглі перасекчыся, сустрэцца два землякі, абое ж – з Беларусі?
Чаму не?
У 1932 годзе, як вы чыталі вышэй, Іван Васілевіч накіроўваецца на Далёкі Ўсход – камендант Градэкоўскага умацаванага раёна, камандзір 26 стралковага корпусу.
У тым жа 1932 годзе Канстанцін Ракасоўскі пераводзіцца ў Забайкалле, ён – камандзір асобнай Кавалерыйскай брыгады, якая хутка была разгорнута ў асобную дывізію.
Што яднала Забайкалле і далёкі Ўсход? Мяжа з Кітаем і Японіяй. Па сутнасці, Ракасоўскі і Васілевіч выконвалі адзіную задачу па ахове мяжы і стварэнні надзейнага заслону супраць цалкам магчымай агрэсіі. Пазней гісторыкі сцвердзяць, што калі б не ўмацаваныя раёны і разгорнутыя войскі ўздоўж мяжы, наступленне на СССР з боку Кітая была б цалкам магчымым. (Толькі будзем помніць, што на той час частка Кітая – Маньчжурыя – была акупіраваная японцамі, і трэба гаварыць аб рэальнай японскай агрэсіі)
Ці маглі сустрэцца падчас гэтай службы два камдывы?
Цалкам маглі. Таму што задачу выконвалі адну. І дзеля выканання гэтай задачы, безумоўна, праводзіліся і нарады, і вучэнні.
Ускосна аб сустрэчах там, на Далёкім Усходзе, двух землякоў Васілевіча і Ракасоўскага кажа і іншы факт.
25 чэрвеня 1937 года быў арыштаваны Васілевіч.
27 чэрвеня, праз два дні, Ракасоўскі выключаецца з партыі «за страту класавай пільнасці». Праз месяц ён звольнены з Чыр-
вонай Арміі, яшчэ праз месяц арыштаваны.
Васілевіч будзе расстраляны 25 ліпеня 1938 года па абсурдным абвінавачванні ў ваенным загавары.
У гэты час Ракасоўскі – у турме. Ён будзе вызвалены толькі ў 1940 годзе.
У рабоце рэпрэсіўнай машыны таго часу выпадковасцей не было. Калі машына нацэльвалася, то не на аднаго чалавека, а на групу людзей, знаёмых між сабой. З тым, каб пасля з кожнага выбіваць здзекамі і катаваннем паказанні на сяброў. І гэта ўскосна азначае, што Іван Васілевіч і Канстанцін Ракасоўскі ведалі адзін аднаго і сустракаліся падчас службы на Далёкім Усходзе.
Не ўсё ўпісваюць
у дакументы…
Ваенныя служба на той даваенны час – гэта пяць-шэсць адрасоў за год. Іншым разам і не ўсе месцы ўносяцца ў картку ўліку. Вось у Ракасоўскага нідзе няма ўпамінання пра тое, што ён быў у Беларусі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў якасці военачальніка.
Перагорнута было нямала старонак розных кніг, нямала адкрыта і прагледжана артыкулаў у Сеціве. Нідзе не гаворыцца пра тое, што Ракасоўскі быў у Беларусі.
Але – быў!
У сваіх успамінах аб маршале Жукаве Ракасоўскі піша: «В самом начале 30-ых годов наши пути сошлись в Минске, где мне довелось командовать кавалерийской дивизией в корпусе С. К. Тимошенко, а
Г. К. Жуков был в этой же дивизии командиром полка» (радкі з кнігі Барыса Сакалова «Ракасоўскі»).
Дзе быў у самым пачатку 30-х Іван Васілевіч? А ён – начальнік і ваенком Аб’яднанай Беларускай ваеннай школы, працуе тут з 1928 года!
Тут ужо не сустрэцца военачальнікі такога рангу, служачы ў Мінску, не маглі. Бо на той час такія сустрэчы вышэйшага камсаставу ладзілі рэгулярна: ішла будова войскаў, неабходнае ўзаемадзеянне уключала ў сябе і асабістае знаёмства. Беларуская ваенная школа ў Мінску – выключнае для такіх сустрэч месца. Паколькі і Жукаў, і Васілевіч уваходзілі ў склад вышэйшага камсаставу, яны не маглі не пабываць у ваеннай школе. І канешне, сустракаліся з Іванам Васілевічам.
У памяці – наша павага
Цімафей Рыгоравіч Васілевіч мае важкую папку з паперамі. Там – копіі лістоў, перапіска з уладамі, артыкулы пра Івана Васілевіча. Не згасае надзея на тое, што вуліца імя Івана Васілевіча з’явіцца ў райцэнтры.
У назвах вуліц нашага райцэнтра шмат прозвішчаў, якія, давайце будзем шчырымі, не маюць ніякага дачынення да гісторыі нашага раёна. Не кажучы ўжо пра тыя шматлікія мядовыя, фруктовыя, жасмінавыя і іншую флору. Вуліца Ракасоўскага з’явілася ў нашым райцэнтры не так даўно. І з’яўленне вуліцы Васілевіча бачыцца лагічным працягам нашай агульнай гісторыі, гісторыі двух нашых землякоў – камдываў…
І – спрэчнае пытанне
Наш паважаны пенсіянер Іван Макарэвіч указвае на іншы дом, у якім кватараваў Ракасоўскі – ён якраз насупраць дома Цімафея Васілевіча, цераз дарогу. Пры гэтым ён тлумачыць:
– У гэтым доме выхад – на двор. І двор агароджаны, там вельмі зацішна. А ў доме Васілевіча кватаравалі генералы, я казаў пра гэта…
Ці надта трэба ў гэтым выпадку дакопвацца да ісціны?
Галоўнае – у Падстарыні ў час вайны спыняўся на пастой Канстанцін Ракасоўскі. І думаецца пра тое, што ён тады, выбіраючы дом, згадваў свайго земляка, можа, і сябра, Івана Васілевіча. Не ўсё на той час дазвалялася пісаць і гаварыць, але памяць чалавека, дзякуй Богу, нікім не падкантрольная. Можа, і ўспамінаў Канстанцін Ракасоўскі пра Мінск, свае маладыя гады, вечары ў ваеннай школе, сяброў…
Валерый Гапееў.