Туды, дзе растуць лепшыя ў краіне гоншчыкі!

Мы наведаліся на заняткі ў секцыю па аўтамотаспорце Івацэвіцкай РАС «ДТСААФ», двое выхаванцаў якой – Сяргей Бялевіч і Мікалай Куіс – па выніках года занялі I і III месцы ў рэспубліцы сярод спартсменаў таварыства.

У секцыі, якая аб’ядноўвае сёння картынгістаў і матацыклістаў, займаюцца 15 чалавек. Восем дзяцей, школьнікаў і ліцэістаў, астатнія – дарослыя. З нядаўняга часу картынгісты і матацыклісты займаюцца пад адным дахам. У іх розны транспарт, розныя спаборніцтвы і ўзрост, нашым аматарам ад 8 да 55 гадоў, але адна любоў у крыві і цяга – да хуткасці і экстрыму.

Настрой у калектыве экстрэмалаў баявы і сур’ёзны, як сказалі самі спартсмены, турыстаў тут няма, нават навічкі ўжо праз некалькі месяцаў заняткаў едуць на спаборніцтвы. Такі тон сваім падапечным задае найперш інструктар па спартыўнай рабоце і адзін з прызёраў рэспубліканскага ўзроўню, кандыдат у майстры спорту па мотаспорце Мікалай Куіс. Ён сам прыйшоў у секцыю 10-гадовым хлапчуком, у асабістым архіве першая грамата за прызавое месца на абласным першынстве па картынгу датуецца 1992 годам! А з 2004 года Мікалай Мікалаевіч стаў інструктарам і сабраў моцную каманду.

– Мы не прапускаем ніводнага спаборніцтва ў краіне, у гэтым годзе было пад дзясятак стартаў, – расказвае Мікалай Куіс. – Вось і лічыце – амаль кожны месяц мы грузім матацыклы і імчым на трасы. Наш від спорту зусім малады, няма і двух дзясяткаў гадоў, а ў краіне шмат добрых трас – вазьмі тыя ж Баранавічы, Брэст, Мінск, Гродна, Ліда. А якая траса для мотакросу ў Ашмянах… Большасць спаборніцтваў – адкрытыя, часта да нас едуць гоншчыкі з Расіі, Літвы, нават Германіі.

Пра шматлікія траўмы падчас гонак успамінае і Сяргей Бялевіч, пра дасягненні гэтага вадзіцеля пажарна-аварыйнага выратавальнага паста №17 Івацэвіцкага РАНС мы пісалі неаднаразова. Удары і расцяжэнні ў яго спартыўнай кар’еры ўжо даўно не лічацца траўмамі, былі пераломы рукі і ключыц, а брат Уладзімір, ён таксама выступае за нашу структуру, з апошняга заезду прывёз складаны пералом. Уважлівасць і павага да транспарту павінны быць!

Адзін пералом – і пра спаборніцтвы можаш забыць! Такі наказ дала сям’я Яўгенію Мігно, ён ужо шосты год выпрабоўвае сябе на мотатрасах краіны, выступае ў класе «Нацыянал». Ён прыйшоў у мотаспорт амаль у адзін час з Паўлам Патрубачом, Віктарам Ярашуком, Андрэем Міскевічам, Анатолем Русаком. Абіўшчыка мэблі, аўтаслесара, вадзіцеля і рабочых аб’яднала адно хобі, нехта першым з іх набыў жалезнага каня, другі пракаціўся – і зараз іх ужо не спыніць. Ёсць тут і пачынаючыя мотакросеры: Мікіта Курленя ды Мікіта Русак.

– Якія бонусы вы атрымліваеце ў секцыі, вы ж выступаеце за івацэвіцкае таварыства? – пытаюся ў спартсменаў.

– У абавязковых спаборніцтвах раённая арганізацыя ўносіць за нас стартавы ўзнос, забяспечвае палівам для матацыклаў, за намі толькі дарога, – кажуць мужчыны. Ёсць конкурсы, арганізаваныя прыватнікамі з прызавым фондам і з вялікімі ўзносамі, едзем і туды, але тады ўсё за свой кошт. Аднак заўсёды выступаем за Івацэвіцкі ДТСААФ, бо любы ўдзел дадае балы ў асабістую скарбонку і па выніках года нават без прызавых месцаў можна трапіць у тройку лепшых. А гэта дае права на пераход у другі, больш сур’ёзны клас, і прайсці шлях ад «Пачынаючага» да «Ветэрана». У секцыі мы атрымалі лідара – нашага інструктара, ён вырашае бюракратычныя пытанні, дапамагае ў рамонце, ды і грашовая падтрымка таварыства не лішняя. Бо наша захапленне не з танных. Добры матацыкл пацягне на тры тысячы долараў, яшчэ экіпіроўка на тысячу.

Дарослыя спартсмены ездзяць пераважна на ўласным транспарце, але ў гаражы секцыі вялікі арсенал: восем матацыклаў, дарэчы, на гэтым тыдні прыехала новая Honda CR 250 R. Простай мовай кажучы, з такім не сорамна выехаць на сур’ёзныя спаборніцтвы. Матацыкл набылі на сродкі раённай арганізацыі, то пэўная падзяка ад кіраўніцтва мотакросерам за выдатныя вынікі.

Побач з двухколавымі канямі красуюцца шэсць картаў. Гэтыя прасцейшыя гоначныя аўто без кузава разганяюцца да 100 км у гадзіну! Калёсы ў карта нізкія, здаецца, едзеш амаль па асфальце, таму дарожнае пакрыццё павінна быць ідэальна роўным. І ў гэтым сэнсе картынг поўны антыпод мотакросу, дзе няроўнасці і трампліны толькі вітаюцца. Зараз у секцыі картынгам займаюцца толькі дзеці, хоць такія мініяцюрныя машынкі набываюць і дарослыя мужчыны, і на спаборніцтвах іх шмат. На гарадскіх святах, і на спаборніцтвах удала ганяюць Мікіта Грышчэня і Кліменцій Куіс, гэтым летам упершыню за руль карта селі Ягор Лукоўскі і Уладзіслаў Сакратароў. Дзеці, канечне, выпрабоўваюць на моц мясцовыя картынгі, ёсць і неабходная ўніформа для іх, а на практычныя заняткі картынгісты выязджаюць на пляцоўку каля Лядовай арэны.

Навічкі Ягор і Уладзіслаў у адзін голас сцвярджалі – едуць толькі па правілах, усю небяспечнасць такога захаплення разумеюць. Хоць бацькі юных картынгістаў толькі падтрымліваюць сыноў. Многія прывялі сюды дзяцей самі.

Праўда, да кожнага старту непаўналетнім трэба падрыхтаваць медспраўку і натарыяльна заверанае пагадненне бацькоў спартсмена на ўдзел у спаборніцтве. Узроставыя абмежаванні тут мінімальныя, за руль карта можна садзіцца з 6 гадоў. Аўтар гэтых радкоў некалькі гадоў таму сама наведала спаборніцтвы ў Брэсце – скажу шчыра, так нязвыкла бачыць шасці-сямігодак за рулём. Думаю, гэта добрыя будучыя вадзіцелі, бо з дзяцінства яны навучыліся лічыцца з хуткасцю, кантраляваць сябе і адчуваць сваё аўто. Усё ёсць у нашых гоншчыкаў: узнагароды, вынікі, неабходная колькасць транспарту, добры гараж, у дружным калектыве не хапае дзяўчынкі ці жанчыны-гоншчыцы. І мае героі казалі сур’ёзна, то была б «изюминка» нашага раёна. Дарэчы, жанчыны і дзяўчынкі выступаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах і канкурыруюць з моцнай паловай. Трэба і нам выхаваць картынгістку ці мотакросера!

А вы хочаце папасці ў каманду нашых гоншчыкаў?

Трэба, каб вам было ад 6 гадоў (для картынгістаў) ці ад 14 (для мотакросераў) і да бясконцасці (галоўнае, каб медыкі далі дазвол на кіраванне транспартам).

Яшчэ трэба жаданне, натарыяльна завераны дазвол на ўдзел у спаборніцтвах, вадзіцельскае пасведчанне не абавязковае.

Звяртайцеся ў Івацэвіцкую РАС «ДТСААФ» па адрасе вул. Свярдлова, 5, каб. №1 ці па тэлефоне 9-25-75 (прыёмная).

 

 

 

 

Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара
і з архіва Івацэвіцкай РАС «ДТСААФ».